Выбрать главу

Рыгор Бярозкін нядаўна ў размове сказаў пра Дастаеўскага: «Там на кожнай старонцы ёсць каго любіць».

11 лістапада. Вечар з нагоды 150-годдзя з дня нараджэння Ф. М. Дастаеўскага ў тэатры імя Я. Купалы. З дакладам, даволі сухаватым, выступіў прафесар Ф. І. Куляшоў.

Я ўспомніў патрабаванне Дастаеўскага: «Смирись, гордый человек!» Цяжка знайсці пісьменніка больш эмацыянальнага. Чытаючы «Бесы» (па-беларуску —«Д’яблы»?), адчуваў жах ад дзікіх, гарачлівых, шалёных дыялогаў і маналогаўперсанажаў гэтага рамана. Не паспее скончыць адзін — як пачынае другі.

Каштоўнасць творчасці Дастаеўскага — бязлітасная праўда пра чалавека. Гэта — з аднаго боку. З другога — павага, вера ў яго.

Пытанні, якія хвалявалі Дастаеўскага, хвалявалі і хвалююць і беларускіх пісьменнікаў, якія ўбіраюць у свой роздум таксама і яго вопыт. Справа ў асаблівасцях таленту. У Я. Брыля ёсць тэндэнцыя акцэнтаваць маральны пачатак за кошт замоўчвання, «згладжвання» жыццёвай праўдзівасці. Пташнікаў, наадварот, больш прыземлены, рэаліст, нават «натураліст», яму трэба, відаць, большай духоўнай прасветленасці. У нас Дастаеўскім, у плане ўплыву яго творчасці на беларускую літаратуру, асабліва на Чорнага, вельмі зацікавіўся Алесь Адамовіч.

12 лістапада. Сустракаўся з Тамарай. Канчаткова павярнулася на сур’ёзнае.

15 лістапада. Нарада ў загадчыка. Гаворка пра паводзіны супрацоўнікаў: «Вы павінны прыстойна сябе паводзіць, таму што на вас звяртаюць увагу». Я згодзен, і нагадаць пра гэта не шкодзіць.

27 лістапада. Маё з Тамарай вяселле. У рэстаране «Журавінка». Прыязджалі бацькі, родзічы, дзядуля Лявонцій Міхайлавіч, цесць, цешча...

29 лістапада. Перад клубам творчай і навуковай моладзі Мінска выступаў вядомы кінарэжысёр Сяргей Параджанаў (аўтар фільма «Цені забытых продкаў» і інш.). Гэта было ў Доме акцёра, дырэктар якога запісаў выступленне Параджанава на магнітафонную плёнку і прынёс плёнку да нас, у ЦК.

Параджанаў сцвярджаў, што ведае наш беларускі менталітэт лепш, чым мы самі. Справа, маўляў, не толькі ў тым, што беларусы любяць бульбу.

30 лістапада. Скончыў самагубствам Уладзімір Корбан. А нядаўна ж (у мінулым годзе) у добрым настроі адзначаў 60-годдзе! Што здарылася?

7 снежня. Адбыўся ўрачысты вечар, прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння М. Багдановіча.

Упершыню ўбачыў яго партрэт і прачытаў вершы зімою 1945 года, калі вучыўся ў першым класе Кругельскай пачатковай тады школы. Вершы кранулі: «Здароў, марозны звонкі вечар!» Адчуў, што гэта пра наш вечар і пра наш мароз.

Максім Багдановіч — геніяльны наш лірык. З яго вершаў помніцца многае.

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы

У ціхую, сінюю ноч

І сказаць:

«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,

Ясныя зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць наша сонца,

І нясецца за сонцам зямля.

Хто мы такія?

Толькі падарожныя, — папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?»

Верш чытаецца як напісаны сёння.

Творчасць паэта ўвабрала ў сябе вялікае багацце сусветнай інтэлектуальнай культуры. Ён, мне здаецца, быў нават няблага знаёмы з вучэннем З. Фрэйда, які прыдумаў тэрмін «Яно» для абазначэння сферы безасабовага, тых інстынктыўных нахілаў, якія складаюць аснову фарміравання жыцця чалавека.

Набягае яно

Вечарамі, начамі,

Адчыняе вакно

І шамрэе кустамі.

І гавора адну

Старадаўнюю казку —

Аб любоў і вясну

І жаночую ласку.

Сэрца сніць аб красу —

Аб слядочак дзявочы,

Залатую касу,

Сіняватыя вочы...

Вершаскладаннем М. Багдановіча займаецца І. Ралько, які звярнуў увагу на выключна багаты метрычны рэпертуар паэта: 101 вершаваны памер.

10 снежня. Усе кажуць, што вельмі прыстойна было адзначана 80-годдзе М. Багдановіча. Прыемна чуць.

Трэба помнік і Максіму.

17 снежня. У Маскве запланавана правядзенне Савета па беларускай літаратуры пры Саюзе пісьменнікаў СССР. Наважыліся абмеркаваць ход падрыхтоўкі да 90-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа ў галіне перакладу і выданняў. Удзельнічаць у пасяджэнні Савета даручана мне.

18 снежня. Даведаўся пра смерць Аляксандра Твардоўскага. Днём быў (разам з Тамарай) у філармоніі на сустрэчы з паэтамі Расулам Гамзатавым, Кайсынам Куліевым і Міхаілам Дудзіным — яны і паведамілі гэтую сумную навіну.

Заўтра еду (разам з групай беларускіх літаратараў) у Маскву на пасяджэнне Савета па беларускай літаратуры і выходзіць, на пахаванне Твардоўскага.

Асоба Твардоўскага бачная была здалёк. Са школы любіў яго «Васілія Цёркіна», іншыя творы, вершы.