Выбрать главу

20 снежня. У Маскве, на Беларускім вакзале, як звычайна, сустракала Валянціна Шчадрына з «рафікам». Прыехалі ў Саюз пісьменнікаў на вуліцу Вароўскага. Труна ўжо стаяла на сцэне ў вялікай зале ЦДЛ. Каля труны — ганаровая варта з пісьменнікаў. Давялося пастаяць і мне. Зала запоўнена людзьмі. Процьма народу. Пазнаў акцёраў Ульянава і Высоцкага. Сустрэў калегаў — Грыбанава і інш. — з аддзела культуры ЦК КПСС. Вельмі здзіўлены маім з’яўленнем у Маскве, на гэтым пахаванні. Пісьменнікам з рэспублік прыязджаць не рэкамендавана. Ад беларускіх пісьменнікаў адзін толькі А. Куляшоў, асабісты сябар. Потым пад’ехаў яшчэ і В. Быкаў.

На паніхідзе выступалі К. Сіманаў і інш. У канцы нехта ў зале закрычаў, нейкая жанчына, абвінавачваючы ў смерці паэта кіраўніцтва СП. Да яе праціснуліся людзі ў цывільным і вывелі з залы.

Хавалі на Новадзявочых могілках. Першым камяк мерзлай зямлі кінуў Салжаніцын. Камяк гулка грукнуў па вечку дамавіны. Потым Салжаніцын падышоў да магілы Хрушчова, якая знаходзілася побач, і нізка пакланіўся.

Паміналі ўскладчыну ў адным з маскоўскіх рэстаранаў. Быў Быкаў і некаторыя блізкія яму маскоўскія літаратары.

Няма Твардоўскага, мне гэта баліць.

21 снежня. Адбылося пасяджэнне Савета па беларускай літаратуры. Гаварылі ў асноўным пра пераклады твораў Купалы і Коласа на рускую мову, пра іх выданне ў парадку падрыхтоўкі да юбілеяў у маскоўскіх выдавецтвах.

24 снежня. «ЛіМ» з некралогамі. Кароткі водгук П. Панчанкі «Развітанне»:

«Цяжка і горка гаварыць аб гэтай незваротнай страце. Пасля смерці Маякоўскага не было такога вялікага гора ў савецкай паэзіі. Абое яны былі найвялікшымі песнярамі сацыялістычнай Радзімы.

«Краіна Муравія» — выдатная паэма Аляксандра Твардоўскага, яна была і ёсць лепшым паэтычным творам пра людзей эпохі калектывізацыі. «Васілій Цёркін», паэма, вершы ваенных гадоў былі грознай зброяй у змаганні з фашызмам. «За даллю даль» уражвае чытача сваім размахам, свежасцю паэтычных фарбаў, сілай абагульнення.

Усё жыццё Аляксандра Трыфанавіча Твардоўскага — паэтычны і грамадзянскі подзвіг у імя камунізму. Яго творы будуць жыць вечна.

Мы нізка схіляем галовы над салдацкай магілай выдатнага рускага савецкага паэта Аляксандра Трыфанавіча Твардоўскага».

Я згодзен з Панчанкам. Твардоўскі, між іншым, сказаў, што толькі тое застанецца ў гісторыі, што атрымае пацвярджэнне ў літаратуры.

26 снежня. Адзначаў разам з Тамарай дзень нараджэння. Запрасілі Лёню.

27 снежня. Нядзеля. З раніцы з Тамарай хадзілі ў бліжэйшы гастраном, дзе дырэктар усімі паважаны Пекер. У Мінску ўсё болей магазінаў самаабслугоўвання, але да Пекера гэтае наша новаўвядзенне яшчэ не дайшло.

Тое-сеё купілі пад Новы год.

31 снежня. У «ЛіМе» адказы пісьменнікаў на навагоднюю анкету. Піліп Пестрак:

«У перспектыве мне бачацца палескія балоты і змагары, якія іх асушваюць. Ужо даўно хочацца пра іх напісаць. Асушка Палесся разумеецца мною, як справа гістарычнай важнасці ў Беларусі, як пачатак новай эпохі ў гісторыі нашага землязнаўства і яго культуры.

Удалося пазнаёміцца з раманамі «Мсціжы» Івана Пташнікава і «Плач перапёлкі» Івана Чыгрынава. Лічу гэтыя творы ўдалымі».

Свае адказы змясцілі І. Шамякін, А. Савіцкі і інш. Ні чым надта не парадавалі.

1972

1 студзеня. Новы год сустракалі ў гасцях у Віктара Лапуця. Геолаг, адзін з адкрывальнікаў беларускай нафты на Палессі.

Атрымалі навагоднія віншаванні ад мамы і цешчы Веры Васільеўны, Віталіка, Іосіфа Скурко, Тадэвуша, ад Майсейчыка з Брэста, ад некаторых пісьменнікаў.

2 студзеня. Што прынясе 1972-гі? Дзіўная рэч, але пра будучыню я ніколі не думаў, жыў днём сённяшнім, які цалкам задавальняў мае маладыя, сціплыя жаданні. Сёння таксама нібы ўсё ідзе роўна. Але ёсць змены, мне здаецца, у грамадскай атмасферы. З’явілася паняцце «дысідэнт». Пачатак чагосьці новага адчуваецца. Магчыма, павінна пачацца новая «адліга». Ідэалагічны ціск быццам узмацняецца, але, нягледзячы ні на што, павевы чагосьці свежага відавочныя. У гэтых працэсах далёка не апошнюю ролю адыгрывае літаратура. Я бачу, як мяняецца яе паэтыка, асвойваюцца формы мастацкай умоўнасці, з’яўляецца шматпланавасць. 60-я гады адзначаны ростам пазнавальных магчымасцей літаратуры пафасам праўдзівасці. Гэты працэс чымсьці нагадваў змаганне з белымі плямамі, за паўнату мастацкагістарычнага адлюстравання жыцця, што ў 70-я гады падхапіла ўжо новае пакаленне нашых маладых. Паглыбляецца сацыяльна-філасофская аснова літаратуры, пашыраецца паняцце сучаснасці, якое да гэтага часцей за ўсё разумелася, як толькі тое, што адбываецца сягоння, у гэтую мінуту. Сучасная беларуская літаратура — шырокая мастацкая панарама вобразаў і думак, глыбокіх пачуццяў і перажыванняў, у якіх знаходзіць выяўленне самасвядомасць савецкіх людзей — нашых сучаснікаў.