Выбрать главу

Тарашкевіч — сімвал свайго часу і трагедыя беларускага лёсу.

22 студзеня. Прачытаў у «ЛіМе» заметку настаўніка з Маладзечаншчыны В. Міхасёнка пра верш М. Багдановіча «Зімой», дакладней нават пра два яго радкі:

Як мары, белыя бярозы

Пад сінявой начной стаяць...

Я, як і ўсе, лічыў, што мара — гэта нейкі прывід, здань, насланнё. Мара — імя пудзіла, якое спальваюць на вогнішчы ў ноч на Івана Купалу. В. Міхасёнак знайшоў — у гістарычным слоўніку, што мары ў старабеларускай мове маюць значэнні: смяротнае ложа, насілкі для нябожчыка. Семантыка — рэч плынная.

24 студзеня. Незадаволены «ЛіМам» Парватаў, курыць, пыхкае цыгарэтай і выгаворвае:

— Што гэта яны злоўжываюць вашымі выцінанкамі? Куды глядзіць Прокша?

Выцінанкі — гэта такія дасціпныя карункавыя выразкі з паперы, якія друкуе «ЛіМ». Чаму яны «нашы»? Парватаў знаходзіць «вопросы», як ён кажа, на роўным месцы, там, дзе іх няма.

Не, ацэньваць у пазітыўным ключы ўсё, што адбываецца, не атрымаецца.

25 студзеня. Збіраюся ў Маскву, дзе мае адбыцца пленум праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, прысвечаны праблемам развіцця літаратурна-мастацкай крытыкі ў святле рашэнняў ХХIV з’езда КПСС. Еду разам з Шамякіным і Макаёнкам.

Утварыўся, кажуць, «дэфіцыт крытыкі». Некаторыя крытыкі пераходзяць у іншыя жанры. Зменшылася актыўнасць і «баявітасць» крытычных выступленняў. Зрэшты, незадаволенасць крытыкай мела месца ва ўсе часы.

Асабліва не любілі і не любяць яе пісьменнікі. Калі ў Аляксандра Дзюма папрасілі пяць франкаў на пахаванне вядомага крытыка, ён сказаў: «Атрымайце дзесяць — і пахавайце дваіх крытыкаў».

Крытык А. Тарасенкаў памёр рана. Пастарнак адрэагаваў: «Стаміўся ілгаць!»

У нашага Вялюгіна, я заўважыў, нейкая паталагічная злосць на крытыкаў (можа, што не пішуць пра яго?). М. Танк незадаволены Р. Бярозкіным, кажа: «Заблудзіўся ў трох соснах». Хто ж гэтыя тры сасны? Няўжо сярод іх няма Яўгена Іванавіча?

Партыя хоча, каб крытыка стала рычагом яе палітыкі ў галіне літаратуры і мастацтва.

26 студзеня. Пленум сабраўся ў ЦДЛ. З дакладам «Літаратурна-мастацкая крытыка і сучаснасць» выступіў мой даўні знаёмы, сакратар СП СССР В. М. Озераў. «Літаратурна-мастацкая крытыка, — канстатаваў ён, — не дастаткова актыўна ўдзельнічае ў фарміраванні новага чалавека. ...Атрымала распаўсюджванне «тэорыя» дэгераізацыі, прыхільнікі якой бачылі ў жыцці пераважна цёмныя бакі і не заўважалі працоўных і ратных подзвігаў савецкіх людзей, значнасці іх духоўнага, маральнага вобліку».

Потым было абмеркаванне — «прения», як тут кажуць. Гаварылі — хто што. Мне прыгадалася, што сказаў калісьці пра крытыку У. Маякоўскі:

«Мы должны уметь соразмерять право на нашу критику с энтузиазмом и пафосом, который мы вкладываем в дело социалистического строительства. И если нет, то права на критику вы не получите. Это нужно иметь ввиду» (Полн. собр. соч., т. 12. М., 1959. С. 385—387).

27 студзеня. У другой палавіне дня хадзіў па Маскве. Зайшоў у Кніжную лаўку пісьменніка на Кузнецкім мосце, але нічога не купіў.

Завярнуў у «Детский мир». Вячаслаў Адамчык наказаў купіць вашчаных сшыткаў для сваіх сыноў-школьнікаў. Такія сшыткі — на ўсю краіну — ёсць толькі ў Маскве ў гэтым універмагу. Сшыткі купіў. Мы калісьці пісалі чарнілам з крушынавых ягад на газетных палях.

Ідучы па вуліцы Горкага, параўняўся з магутным, шматпавярховым домам, у якім жыў А. Фадзееў. Успомніў, як быў ужо раз на гэтым месцы, калі вяртаўся з Казахстана, з цаліны, у 1956 годзе глыбокай восенню. Мемарыяльная дошка вісела, а побач была «Рюмочная». Стаяла чарга. Можа, калі-нікалі і Аляксандр Аляксандравіч тут стаяў? Не, не стаяў — яму, я думаю, налівалі без чаргі. Тут не стаяў, а любіў, як расказваў калісьці Іван Гутараў (які быў тады сакратаром партыйнай арганізацыі СП), наведвацца ў падвал да знаёмага шаўца. Там яны выпівалі і вялі нетаропкія філасофскія размовы. Таму, хваліўся Гутараў, дзе шукаць А. А., калі раптам паклічуць у ЦК, ён ведаў.

Вярталіся з Масквы фірменным цягніком № 1. З білетамі пастаралася супрацоўніца Літфонду Валя Пашкевіч, наша беларуска. Дзякуй ёй.

Крыху выпівалі. Частаваў Макаёнак. Ён мае рахунак у маскоўскай ашчаднай касе. Хваліцца, што кінуў курыць і здаравей, лепш сябе адчувае, асабліва што тычыць жанчын.

28 студзеня. У газетах, а сёння і ў «ЛіМе», апублікавана пастанова ЦК КПСС «Аб літаратурна-мастацкай крытыцы». «Абавязак крытыкі, — паводле гэтай пастановы, — глыбока аналізаваць з’явы, тэндэнцыі і заканамернасці сучаснага мастацкага працэсу, усямерна садзейнічаць умацаванню ленінскіх прынцыпаў партыйнасці і народнасці, змагацца за высокі ідэйна-эстэтычны ўзровень савецкага мастацтва, паслядоўна выступаць супраць буржуазнай ідэалогіі» і інш. Ці не залішне вузка разумеюцца ў гэтай пастанове рамкі актуальнасці крытыкі? Крытыка — самасвядомасць літаратуры. Таямніца натхнення пісьменніка, таямніца яго творчага свету — вось што важна высветліць. Крытыка павінна бачыць у мастацкім тэксце, як таго патрабаваў М. Бахцін, складаную сістэму сувязей, рухомае і зменлівае адзінства, якое можна раскладаць на састаўныя часткі, разнімаць і аналізаваць, тлумачыць, але да дна вычарпаць немагчыма, таму што яго сутнасць — шматзначнасць.