Выбрать главу

Крытыка, у лепшых сваіх узорах, не хоча паступацца творчым суверэнітэтам.

29 студзеня. Былі з Тамарай і Юзікам Скурко ў В. Лукшы. У яго новая жонка.

Купіў тэлевізар «Горизонт». Тамара любіць глядзець шматсерыйныя фільмы.

1 лютага. Споўнілася 60 гадоў Навуму Перкіну. Ездзіў (тралейбусам) у Інстытут літаратуры і павіншаваў юбіляра. Узнагародзілі Ганаровай граматай, хаця заслугоўвае большага. Выдатны літаратар, літаратуразнавец.

За плячыма — вайна.

Даведаўся, што цяпер многія супрацоўнікі інстытута пачалі пісаць вершы, не ў маладым ужо ўзросце — М. Барсток, І. Ралько, В. Івашын... Да кніжак справа яшчэ не дайшла.

У мінулым месяцы споўнілася 50 гадоў маскоўскаму крытыку А. Аўчарэнку. Вельмі амбітны вучоны, лічыць сябе найбольшым спецыялістам па сацыялістычным рэалізме. Зрэдзь піша і выступае на нарадах па беларускай літаратуры. Навум Саламонавіч мне больш сімпатычны.

5—6 лютага. Ездзілі з Тамарай у Плешчаніцы. Цесць Іван Платонавіч жыве на Вароўскага, 13. Яшчэ не стары, падбіраецца да шасцідзесяці. Жыццё не песціла. За печчу на драўляным ложку грэе старыя косці бабуля Соф’я.

Вера Васільеўна (цешча) частавала блінамі і самагонкай. Ён і яна — удзельнікі партызанскага руху ў сваім краі, шмат перажылі.

Я сказаў цесцю, пра што даведаўся нядаўна, чытаючы гістарычныя летапісы (рыхтуе В. Чамярыцкі), што ў 1127 годзе, падчас Полацка-Кіеўскай вайны, сын кіеўскага князя Ізяслаў узяў штурмам Лагойск. Іван Платонавіч дзівіцца, не верыць.

Вярнуліся з Плешчаніц аўтобусам, добра стомленыя. Цяжка дастаць білет.

Каля дарогі на Плешчаніцы — мемарыял «Хатынь».

8 лютага. Праводзім сустрэчы пісьменнікаў з рабочымі, калгаснікамі. Такая ўстаноўка дадзена Кулакоўскаму — сакратару партарганізацыі Саюза пісьменнікаў.

Піліп Пестрак наведаўся ў калгас імя Гастэлы пад Мінскам. «Я быў у вялікім захапленні, — сказаў ён пра свае ўражанні. — Чытаў свае лепшыя вершы аб прыродзе». Піліп Сямёнавіч вельмі абазнаны ў гэтым пытанні.

«Маці-прырода, — лічыць ён (надрукавана ў «ЛіМе»), — гэта адкрытая лірыка, і яна патрабуе душэўнай цеплыні паэта, памяркоўнага музычнага голасу, выключаючы ўсякія стукі і бразганіну... Прыўнясенне мадэрна ў

лірыку прыроды, мне здаецца, не ідзе на карысць якасці верша».

Я, калі прачытаў гэтае яго «крэда», падумаў: «Рэвалюцыянер («капэзэбовец»), а форму любіць спакойную, і «мадэрна», «гвалту над формай» не церпіць. Выходзіць, што нейкі надта законапаслухмяны рэвалюцыянер». У гэтым, відаць, асаблівасць беларускага менталітэту.

9 лютага. Прачытаў артыкул Паруйра Севака ў «Литературной газете» пра паэзію. Назва артыкула: «Поэзия никогда не рождается из мелочей». Ёсць цікавыя думкі. Напрыклад: «пісаць свабодным вершам цяжэй, чым рыфмаваным». Каштоўная — думка аб паэтычнай непаэтычнасці, скіраваная на развіццё паэзіі, уяўлення пра яе, на наватарства.

Яшчэ раз падумаў пра назву — «Поэзия никогда не рождается из мелочей». Г. Ахматава даводзіла іншае: «Когда б вы знали, из какого сора растут стихи...» Дык хто з іх мае рацыю? Пытанне не простае, але на яго адказвае сама паэзія са сваімі неабмежаванымі магчымасцямі эстэтычнага пераўтварэння і сінтэзу рэчаіснасці з яе супярэчнасцямі і супрацьлегласцямі. Усё, урэшце, упіраецца ў талент...

12 лютага. Памёр Мікола Лупсякоў. На 53-м годзе жыцця (нар. у 1919-м). Празаік — пантэіст. Прырода, адчуванне якой моцна адбілася ў яго апавяданнях, была яго стыхіяй. Ён адчуваў яе нутром. Любіў знаходзіцца каля людзей. Сціплы і непатрабавальны ў побыце: «Летам кожны кусцік начаваць пусціць», — яго словы.

15 лютага. Пленум нашага СП па пытаннях крытыкі. З дакладам выступіў І. Мележ. У дакладзе ўсіх успомніў, нават мяне. За ім выступілі: П. Дзюбайла, А. Кулакоўскі, І. Навуменка, А. Аўчарэнка, Р. Шкраба і інш. Мележ паважае крытыкаў, асабліва тых, хто пра яго піша.