16 лютага. Прыслаў ажно з Масквы «цялегу» нейкі Васілёнак. Абвінавачвае Васіля Барысенку ў нацыяналізме. Ужывае самыя завостраныя прыметнікі: «ярый», «крупный», «застарелый» і інш. Зусім відавочна, што паклёп. Даручылі займацца гэтаю справаю мне.
18 лютага. Мастаку М. Савіцкаму — 50. Незвычайная біяграфія (палон у час вайны). Пра яго расказваў мне В. Шматаў. Знайшоў свой шлях, звярнуўшыся да «суровага» стылю з прыцэлам на маштабныя філасофскія абагульненні. Імкнецца казаць праўду, арыгінальны. Мае апанентаў і нават праціўнікаў.
19 лютага. Быў у лазні, у гарачай пары. Вяртаўся — дождж са снегам, слата. Зайшоў да «Пекера» і выпіў піва. Выпіўшы, губляўся ў здагадках — піва гэта ці проста якая-небудзь каламуць. Відаць, разбавілі вадой, перабраўшы меру.
22 лютага. У Акадэміі навук адбылася нарада па пытаннях развіцця культуры беларускай мовы. З дакладам выступіў М. Р. Суднік. У спрэчках выступалі К. Крапіва, М. Бірыла, Я. Скрыган.
Я сустрэўся з Барысенкам, папытаў у яго, хто такі Васілёнак. Гэта, аказваецца, фалькларыст і няўдалы спецыяліст па беларускай літаратуры. Чалавек з нядобрага мінулага. Нічога дадатнага Васіль Васільевіч пра яго не сказаў. Спытаў, чаму я ім цікаўлюся. Я адказаў, каб не трывожыць В. В., што па даручэнні начальства.
25 лютага. Споўнілася 80 гадоў Канстанціну Федзіну — у «ЛіМе» артыкул І. Мележа «Наш вялікі сябар». Ці прачытае яго сам «сябар». Прачытае, дык пэўна здзівіцца. К. Федзін — Старшыня Саюза пісьменнікаў СССР, але ўсю «гаспадарку» даверыў К. Маркаву. Маскоўскія перасмешнікі сцвярджаюць, не без дасціпнасці, што яго профіль падобны на чучала арла.
26 лютага. Шэсцьдзясят гадоў празаіку і крытыку Уладзіміру Карпаву. У час вайны быў разведчыкам, наведваўся ў Мінск акупаваны, сустракаўся з падпольшчыкамі. Аўтар раманаў пра Мінск, але незычліўцы (а ў каго іх няма?) кажуць пра яго кнігі: «Не за сваё ўзяўся».
28 лютага. Зноў вярнулася зіма. Схавалася сонца, пайшоў снег. Потым, к абеду, — ізноў выбліснула сонца і ўжо нікуды не хавалася.
Сустрэў Еўдакію Лось. Міла пагаварылі. Помню, у 1965 годзе выйшаў чарговы яе зборнік лірыкі «Хараство», і захацелася напісаць пра яго. «ЛіМ» надрукаваў маю рэцэнзію пад назвай «Радасцю свет надзяліць». Здавалася, што мне ўдалося схапіць эстэтычную сутнасць яе паэзіі — непасрэднасць адчування свету, уласцівую ёй народнасць, высокую культуру мастацкага мыслення.
— Дзякуй за падтрымку, — сказала яна пры сустрэчы, — але не ўсё вы ў мяне зразумелі...
— Еўдакія Якаўлеўна, можа, так і павінна быць: паэзія па сваёй прыродзе невычарпальная... «У кожным імгненні паэзія ёсць, у кожным здзяйсненні — яе прыгажосць...»
— Дык вось гэту прыгажосць і крытыку добра было б бачыць! І ўвогуле, дабрэйшым трэба быць.
Еўдакіі Якаўлеўне немагчыма было адмовіць у слушнасці, яна, як сама паэзія, была, кажучы па-руску, права. 1 сакавіка. Мастак Стальмашонак падрыхтаваў для вялікай справаздачнай выстаўкі ў Маскве групавы партрэт дзеячаў рэвалюцыі на Беларусі — Жылуновіча, Мяснікова, Кнорына, Адамовіча, Чарвякова.
3 сакавіка. 60 гадоў адзначае Тарас Хадкевіч. У «ЛіМе» — юбілейны артыкул Макара Паслядовіча. У мяне была размова з Тарасам Канстанцінавічам, — цяжка, як вялікую несправядлівасць, перажывае няўвагу да сябе з боку крытыкаў. Бачыць у гэтым недаацэнку.
4 сакавіка. Міхаілу Савіцкаму далі ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Ён, на маю думку, варты. У нашых творчых саюзах шмат народу, але памаштабнаму працуюць адзінкі, якія, па сутнасці, і ствараюць вядомасць і славу беларускаму мастацтву, літаратуры. У літаратуры гэта — М. Танк, А. Куляшоў, В. Быкаў, І. Мележ, І. Шамякін, А. Макаёнак, У. Караткевіч, Р. Барадулін і некаторыя іншыя. Не так і мала!
Шырока ідуць у тэатрах краіны п’есы Макаёнка «Зацюканы апостал», «Трыбунал». Гумар і сатыра, сатыра і гумар. Нядаўна чуў ад яго дасціпны анекдот. «Адзін чалавек гандлюючы газіраванай вадой, здолеў пабудаваць сабе дачу. Яго пытаюць: «Як гэта табе ўдалося?» А ён кажа: «Калі дзяржава змагла на простай вадзе пабудаваць цэлыя электрастанцыі, дык чаму нельга на газіраванай вадзе пабудаваць дачу?»
— Думаю выкарыстаць у п’есе, — дадаў Андрэй Ягоравіч.
«Выкарыстоўвай, але як паглядзіць на гэта Галоўліт? — падумаў я, — Цяжка потым абараняць».
8 сакавіка. Міжнародны жаночы дзень. Купіў кветак (дэфіцыт), павіншаваў Тамару. Люты і сакавік у гэтым годзе без снегу. Відаць, павярнула на вясну. У паветры адліга, з’явіліся першыя праталіны і сокарух у дрэвах.
«Сокарух» — гэта я пачуў ад садаводаў-навукоўцаў.
10 сакавіка. У цэху футаралаў Мінскага радыёзавода пад раніцу здарылася буйная аварыя. Загінула шмат рабочых. Сітуацыя надзвычайная, такога яшчэ не было.