Меў рацыю малады і мудры У. Караткевіч, калі пісаў (у адным з вершаў — «Баладзе»): «Трагедыі не знікнуць і пры Камуне...»
11 сакавіка. Шмат загінуўшых і параненых у цэху футаралаў. Трагедыя! Дастаюць з-пад завалаў. Пакуль што налічылі 82 чалавекі. Сэрца разрываецца.
У апошні час у нас стала болей розных ЧП, пажараў, паводак, землятрусаў, вывяржэнняў вулканаў.
15 сакавіка. Стала вядома, што ў цэху футаралаў загінула больш за 100 чалавек, звыш 200 паранена. Мы, партработнікі, ходзім па сем’ях, выказваем спачуванне, дапамагаем у пахаваннях. З Масквы прыехаў член Палітбюро ЦК КПСС Дз. Ф. Усцінаў, загадаў выдаваць «пособия» сем’ям загінуўшых, а таксама грошы на пахаванне і на памінкі. Я чуў яго выступленне.
16 сакавіка. Ужо каторы дзень займаюся «палымянскай справай». Два супрацоўнікі «Полымя» даслалі ў ЦК ліст, у якім сігналізуюць, што кіраўніцтва часопіса вымушае аўтараў пакідаць у рэдакцыі частку свайго ганарару. Матывуецца гэта неабходнасцю падрыхтоўкі да юбілею: у снежні гэтага года часопісу «Полымя» спаўняецца 50 гадоў. Набываюць ужо посуд, чарачкі, відэльцы...
Я да гэтага аднёсся спакойна. Спыніць гэтую «ініцыятыву» ды і ўсё. Начальства са мной не згодна. Справа набірае абароты. Выклікаю на гутарку тых, хто «аджалеў» грошы на юбілей.
Учора даваў тлумачэнні Алесь Асіпенка. Ён даў крыху, як сказаў, па ўласнай ініцыятыве. Алесь Харытонавіч хваляваўся, папрасіў вады. Наліў яму з сіфона шклянку газіраванай вады. Р. Бярозкін называе такую ваду сельтэрскай. Неяк заходзіў да мяне ў сувязі са сваім працаўладкаваннем.
Выклікаў Ілью Гурскага. Той прыйшоў і выклаў усё, як на духу: «Даў». Памаўчаў і патлумачыў: «Сказалі...» Паважаю Ілью Данілавіча. Ілья Данілавіч Гурскі — цікавы, па-свойму арыгінальны і самабытны пісьменнік. Мы
ведаем яго п’есы, напісаныя на актуальныя тэмы, ведаем вялікі, эпапейнага плана раман «У агні», які расказвае пра суровыя і гераічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Гэтым творам уласціва адна адметная, вельмі каштоўная асаблівасць: аўтарскае ўменне глыбока і ярка раскрываць характары, унутраны свет людзей.
Пагутарыў яшчэ з некаторымі, хто апошнім часам друкаваўся ў «Полымі». Разгляд справы рыхтуецца на Сакратарыяце ЦК.
18 сакавіка. Хмарна. З неба сячэ крупка. А сапраўднага снегу няма. Каб не вымерзлі азімыя, бо вельмі холадна, мароз.
20 сакавіка. Кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР ад Старобінскай выбарчай акругі вылучаны Піліп Пестрак. Многія здзівіліся, што менавіта гэтак вырашылі «на версе». Я пазваніў, павіншаваў. Будучы дэпутат адказаў, што гэта яму не ўпершыню, што здаралася быць і дэпутатам СССР, так што са сваімі абавязкамі справіцца. Можам быць упэўнены.
21 сакавіка. Зняты з пасады, са страгачом, рэдактар «Полымя» Павел Кавалёў. На яго месца ідзе Кастусь Кірэенка. Сёння чакаў на прыём у прыёмнай Машэрава. Падтрымлівае яго Кузьмін, абодва заядлыя рыбакі.
Як на мой погляд, то Павел Кавалёў быў нармальны рэдактар, але так вось сталася. Знялі, ды яшчэ са строгай вымовай. Хто б мог падумаць?
22 сакавіка. Два дні ўжо сядзіць у прыёмнай Машэрава Кастусь Ціханавіч, чакае на гутарку.
23 сакавіка. Нарэшце Пётр Міронавіч прыняў, гутарыў гадзіны чатыры. На адваротным шляху Кастусь Ціханавіч, шчаслівы, завітаў да мяне. Я павіншаваў.
— Ну і аб чым гутарылі?
— Гаварыў ён, я маўчаў, слухаў.
— Варта было запісваць.
— Вот я пра гэта не здагадаўся, ды і паперы не было. А ён усё курыць і гаворыць, гаворыць і курыць.
— Вас не частаваў?
— Я ж не куру, кінуў.
24 сакавіка. Прачытаў у «ЛіМе» ўрывак «Пасля стрэлу» з новага рамана І. Чыгрынава. Гэта ўжо другі яго раман, які аўтар пакуль што вагаецца, як назваць. «Апраўданне крыві» — адзін з варыянтаў. На маю думку, не надта ўдалы, бо надта глыбакадумны. Якое апраўданне? Устанаўленне этнічнай тоеснасці? Як разумець? Ці апраўданне пралітай крыві? Ахвярнасць?
У надрукаваным урыўку палонны па імені Рахім забівае лася. Лось тут — вобраз сімвалічны, у якім тоіцца шматстайны змест.
25 сакавіка. Вечар Аркадзя Куляшова ў музеі Янкі Купалы. Было вельмі цікава. Куляшоў, без перабольшання, выдатны майстар слова, мастак высокай культуры, прадстаўнік лепшай часткі савецкай літаратуры.
Амаль да канца 50-х гадоў паэт маўчаў. Новае натхненне прыйшло не адразу, яно нараджалася ў пакутах, пра што расказана ў вершах пачатку 60-х гадоў «Чалавек юбілейнага ўзросту...», «Перад падарожжам» і іншых, сярод якіх такі шэдэўр, як «Элегія». Яна ўражвае багаццем унутранага жыцця аўтара, мужнасцю і бескампраміснасцю. Цытаваць «Элегію» фрагментамі, на маю думку, немагчыма. Напомню яе поўнасцю: