Жыццё маё — цяжкі з гадамі бой.
І чым далей, то ўсё даўжэй прывалы,
Буксуюць вершы, быццам самазвалы,
Ды знаю я: надыдзе момант той,
Калі не хвоі снамі баравымі
Атуляць мой дарожны неспакой,
А схіляцца зларадна нада мной
Мае гады з бародамі даўгімі.
Чаго прыйшлі, за цудамі якімі?
Якога мне яны жадаюць сну?
Яшчэ я ўстану, падапруся кіем,
Старэчыя бароды расхіну.
За ўсе гады вазьму з гадоў даніну,
З дарогай разлічуся рэштай дзён,
Астатнія, як костку, смерці кіну
За той парог, дзе векавечны сон.
Прыгадваецца пушкінскае: «Я жить хочу, чтоб мыслить и страдать...» Адзін вершаваны радок, а прастору — як у добрым рамане. Такі і Куляшоў — наследнік пушкінскай традыцыі, школы гарманічнай яснасці, любові да жыцця. Любові, якая перамагае:
— Адгукніся, вясна, мне зязюляй з-за рэчкі,
Дай яшчэ раз прыпасці да любай зямлі
І каштанаў сваіх незгасальныя свечкі
Над маёй адшумеўшай вясной запалі!
(«Пра восень»)
У канцы 50-х гадоў, у 60-я і зараз у творчасці А. Куляшова назіраецца шэраг дабратворных якасных змен — надзвычай пашыраецца яго паэтычны свет, узбагачаецца ўяўленне аб духоўных каштоўнасцях чалавека.
Куляшоў расказаў пра знаёмства з Купалам, пра сустрэчы і размовы з ім.
Шкада, што даўні (з часоў «Камсамольскага білета») прыхільнік таленту Куляшова — П. М. Машэраў не зразумеў паэму «Цунамі» і іншыя сучасныя рэчы паэта з уласцівым ім агульначалавечым поглядам на свет, на яго пагрозы.
30 сакавіка. Прыехаў з Масквы Алесь Рыбак — адказны супрацоўнік Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Сурганаў аддаў загад Марцэлеву ўладкаваць яго ў апарат Саюза пісьменнікаў Беларусі. Алесь Рыбак, кажуць, быў знаёмы з самім Варашылавым і часам нават пазычаў яму грошы. Нешта слаба верыцца. А можа?..
2 красавіка. Хораша ўзыходзіць над горадам сонца. Сапраўды «цар прыроды», як называў яго Пушкін. У дзяцінстве я мог глядзець на яго шырока расплюшчанымі вачыма, цяпер трэба цёмныя акуляры.
7 красавіка. У нас, у Мінску, прайшоў усесаюзны сімпозіум «Праблемы інтэрнацыянальнага выхавання ў дзіцячай літаратуры». З дакладам выступіў Васіль Вітка. Добры паэт і педагог. Вельмі законапаслухмяны. Калісьці, кажуць, напісаў не вельмі ўдалую п’есу пра Янку Купалу. Незадаволены быў Якуб Колас.
10 красавіка. Узмацянецца кніжны бум. Усе нясуць на прыёмныя пункты пукі макулатуры, каб набыць «Трох мушкецёраў», апавяданні пра Шэрлака Холмса, іншыя папулярныя кніжкі. Здаюць нярэдка не толькі газетныя падшыўкі, а і творы Гогаля, Горкага, нават класікаў марксізму-ленінізму, што, вядома, не ўхвальваецца.
12 красавіка. Зноў снег. Ідзе і тут жа растае. Гэты час у Мінску звычайна такі. Подых вясны. Прыляцелі ластаўкі.
17 красавіка. Заходзіў у СП да А. Кулакоўскага. Кажа, што толькі што быў Пестрак. Пытаўся: «А што будзе, калі раптам згубіць партбілет?» Надта гэтага баіцца.
— Дык хай не носіць з сабой, — параіў я. — Хай дома трымае.
— Я яму сказаў: знайдзі схованку і трымай у схованцы. — Манія нейкая, — няўцямна пахітаў галавой Кулакоўскі.
Захацелася павярнуць размову на жарт:
— У яго ж яшчэ і дэпутацкае пасведчанне — дэпутата Вярхоўнага Савета БССР. Пра яго нічога не казаў?
— Не, пра яго не ўспамінаў, — яшчэ раз на поўным сур’ёзе хітнуў галавой Аляксей Мікалаевіч.
18 красавіка. Увесь дзень ішоў дождж. Дарэчы: трэба наталіць зямлю вільгаццю. На гарадскіх дрэвах — каштанах, бярозах — запальваюцца зялёныя агеньчыкі — набухаюць і раскрываюцца пупышкі.
Адскочыла маладая травічка. Цяпер у вёсцы ёю ласуюцца куры.
Ажылі і затурбаваліся ўжо, пэўна, пчолы, збіраюць свой праполіс.
Непаўторная пара!
Сустрэў Паўла Кавалёва. Упэўнены, што без яго «Полымя» выходзіць не зможа. Чакае, калі папросяць дапамагчы. Тады давядзецца ўсё паставіць на сваё месца.
Святая наіўнасць!
18 красавіка. Прынёс ліст Алесь Бачыла. Назваў яго «тлумачальнай запіскай». Аддаў у прыёмную Кузьміна, ад якога ліст трапіў да мяне.
«САКРАТАРУ ЦК КП БЕЛАРУСІ
таварышу КУЗЬМІНУ А. Т.
Паважаны Аляксандр Трыфанавіч!
Пішу гэтую тлумачальную запіску, як і было дамоўлена з Вамі. Вельмі прыемна, што ў рэспубліцы, згодна з рашэннем ЦК КПБ, так хораша было адзначана 80-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Паэт такую высокую пашану заслужыў сваёй выдатнай творчасцю. І ўсё ж нашай літаратуразнаўчай навукай і даследчыкамі магло быць больш зроблена ў справе вывучэння жыцця і творчай дзейнасці паэта. Мы амаль не вывучылі асяроддзе і акружэнне паэта ў яраслаўскі перыяд, амаль не даследавана дзейнасць яго старэйшага брата Вадзіма, які сваёй рэвалюцыйнай дзейнасцю зрабіў вельмі вялікі ўплыў на паэта. Праўда, мы шмат чаго ўжо не здолеем высветліць, бо няма ў жывых тых, хто тады вучыўся разам з М. Багдановічам. Аднак, яшчэ жывуць некалькі чалавек, якія блізка ведалі паэта і маглі б сёе-тое ўспомніць. Нам неабходна арганізаваць запісы іх успамінаў. Усё гэта людзі пажылога ўзросту і адкладваць такую работу нельга. Вось іх прозвішчы: