Выбрать главу

М. Багдановіч першы ў беларускай крытыцы яшчэ ў дарэвалюцыйны час загаварыў пра вялікае значэнне рускай культуры для росквіту літаратур народаў Расіі.

У агульным літаратурным музеі, які плануецца мець у новым будынку Дома пісьменнікаў, усё гэта нельга будзе паказаць у поўным аб’ёме. Для такой вялікай паэтычнай фігуры, як Максім Багдановіч, патрэбен асобны музей. На першых часах ён мог бы быць філіялам Музея Янкі Купалы. Для гэтага трэба было б, каб Міністэрства культуры БССР знайшло тры-чатыры штатныя адзінкі супрацоўнікаў, якія б і пачалі назапашваць адпаведныя матэрыялы. А там праз гадоў пяць можна было б і адчыняць музей Максіма Багдановіча.

Сёння неяк дзіўна атрымліваецца: мы маем у рэспубліцы не толькі музеі Я. Купалы і Я. Коласа, але і іх філіялы на перыферыі (што вельмі добра), і не маем музея трэцяга нашага класіка, вядомасць якога далёка пайшла за межы не толькі рэспублікі, але і Савецкага Саюза. Ці не тлумачыцца гэта тым, што Я. Купала і Я. Колас жылі пазней і пра ўвекавечванне іх памяці паклапаціліся ў значнай ступені і іх родзічы. У Максіма Багдановіча такіх родзічаў не знайшлося, а тыя, што яшчэ жылі ў апошнія гады, не разумелі ў поўным аб’ёме значэнне М. Багдановіча для нашай і еўрапейскай культуры. Я дадаю слова «і еўрапейскай культуры», грунтуючыся на манаграфіі даследчыцы паэта ў Англіі, якая напісала ў сваёй працы, што ў пантэоне паэтаў свету Максім Багдановіч займае сваё месца, як роўны сярод роўных.

Хай жа стварэнне музея М. Багдановіча зробіцца і нашым клопатам, і хай гэтая тлумачальная запіска стане хоць невялічкім штуршком у ажыццяўленні гэтай патрэбнай справы.

З глыбокаю павагаю

Алесь БАЧЫЛА,

засл. дзеяч культуры БССР.

18 красавіка 1972 г. Мінск».

Прыемна было пераканацца, што Алесь Бачыла — чалавек сур’ёзны, нелегкадумны. Сярод створаных ім лібрэта беларускіх опер — «Зорка Венера» (музыка Ю. Семянякі), на сюжэт жыцця і кахання М. Багдановіча.

Гэтую оперу я слухаў у 1970 г. Па лірызме яна блізкая да М. Багдановіча, аўтар глыбока пранікся духам Максіма. «Тлумачальная запіска» — вынік гэтага захаплення.

Аляксей Карпюк па-свойму вядзе дыялог з ЦК, Алесь Бачыла — пасвойму. І адно другога, відаць, не выключае, але на Карпюка пазіраюць як на дысідэнта.

19 красавіка. Рэзка пахаладала. Пайшоў снег. Настрой у прыроды мяняецца гэтаксама нечакана, як і ў начальства.

22 красавіка. Пайшлі на суботнік. Зырка свеціць сонца, але халаднавата. Некаторыя кажуць, што гэты холад як быццам нават прадугледжаны прыродай, каб пагінулі розныя садовыя шкоднікі.

Бетонныя работы. Зноў бетаніруем пляцоўку пад чарговы цэх на аўтазаводзе.

Настолькі адразу рэзка пахаладала, што ажно дзіўна. Ноччу — замаразкі.

Разам з намі працаваў Пётр Міронавіч са сваімі ахоўнікамі. Мы час ад часу пазіралі ў той бок, але блізка не падыходзілі.

26 красавіка. Падзея! Мележу прысуджана Ленінская прэмія за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы». Павіншаваў. Не ведаю, як будуць ацэньвацца гэтыя творы па часе, калі, напрыклад, памяняецца традыцыйная паэтыка рамана, а сёння гэта вельмі прыстойныя рэчы, і аўтар, здаецца, ідзе далей, у глыбіню праблемы, даследуе чалавечы характар.

30 красавіка. Скончыў шафёрскія курсы і здаў іспыт (тэорыя і практыка),атрымаў вадзіцельскія правы — пасведчанне вадзіцеля. Маю права вадзіць аўтамабілі, дазволеная максімальная вага якіх не перавышае 3500 кг (7700 фунтаў) і колькасць сядзячых месц якіх, апроч сядзення вадзіцеля, не перавышаевасьмі. Засталося купіць аўтамабіль, што з маёй зарплатай не так проста.

З пісьменнікаў многія маюць і водзяць аўтамабілі: І. Шамякін, І. Мележ, А. Кулакоўскі («Запарожац»), Т. Хадкевіч, У. Карпаў, К. Кірэенка... М. Лужанін мае «Волгу», але шафёра наймае. І. Навуменку возіць жонка.

Днямі, ідучы праспектам, бачыў, як ад цырка да плошчы Перамогі разагнаўся і праімчаўся на задніх колах «Запарожац», падняўшы ўгору пярэднія. А я ці змог бы гэтак?

31 красавіка. На рабоце не затрымліваюся, вяртаюся пасля шасці. Яшчэ відна. Вось што значыць вясна.

Заўтра на дэманстрацыю не пайду.

1—2 мая. Рэха свята, якое адбываецца ў цэнтры, каля будынка ЦК, дасягае і маёй Фабрычнай. Калі раніцай выйшаў, каб схадзіць у гастраном «да Пекера», пачуў праз стук колаў цягнікоў водгукі палымяных лозунгаў і заклікаў. Святкаванне набірае «абароты».