8 чэрвеня. На старонках «ЛіМа» чарговая дыскусія — пра паэзію. Нічога, здаецца, новага. Але часам варта нагадаць, паўтарыць і вядомыя ісціны. Тую, скажам, што не варта рэзка дзяліць паэзію на «асабовую» і «грамадзянскую». У любым выпадку паэт зыходзіць з уласнага характару, ён заложнік сваёй біяграфіі.
Намеціўся зрух у жанры паэмы (А. Куляшоў, А. Русецкі і некаторыя іншыя). Паэма — жанр асабліва цяжкі, тут патрэбна, як хтосьці сказаў, філасофская сістэма.
9 чэрвеня. Субота. Здавалі нормы на значок «ГТО». З гэтай мэтай ездзілі на стадыён «Ураджай». Увесь калектыў апарата ЦК. Не было толькі сакратароў і загадчыкаў аддзелаў.
Да нас на гэтым стадыёне здаваў нормы «ГТО» апарат Саўміна. Колькі ў нас аднак чыноўнікаў! Зрэшты, я і сам чыноўнік. Нормы «ГТО» здаў.
14 чэрвеня. Пазваніла Ева, сказала, што бацькі разводзяцца і што мне трэба прыехаць. Мама ў роспачы.
Першым пачуццём, якое адчуў, быў сорам. Па шэсцьдзясят гадоў і разводзяцца. Але паеду. А можа, ўладжу? На выхадныя. Д’ябал бацьку ў рабро казыча ці што? У вайну ж не мала страху глынуў. Гестапа два разы арыштоўвала, а потым і фронт прайшоў. Досвед багаты і павінен схіляць да чалавечнасці, але, відаць, не надта схіляе...
16—17 чэрвеня. Быў у Брэсце. Наведаў маму. Бедная, яна ўжо жыве на сваёй палавіне — ад вуліцы. Яна ўжо быццам і звыклася з новым сваім становішчам, не заўважае яго. Надта яе шкада. Мама — равесніца Кастрычніцкай рэвалюцыі, нарадзілася ў лістападзе 1917 года. Бацька на пяць гадоў старэйшы. Кахалі ж адно аднаго! Любіліся, — як у нас кажуць. А цяпер разводзяцца. Непрадказальны чалавечы лёс.
Нас, дзяцей, у бацькоў чацвёра — тры сыны і дачка. Не ўсё было складна ў жыцці, але ж жылі...
Сустрэўся з бацькам на яго палавіне. Маўчыць, а потым кажа: «Лёс такі...» Раніцой зноў хадзіў. Паспрабаваў паразмаўляць з ім яшчэ, адгаварыць ад разводу, — маўчыць. Жыла б бабуля Фёкла, яна б яму паказала, як разводзіцца! Дзед Лявон такога ўплыву на яго не мае.
Наведаў свайго хроснага бацьку, «хрышчонага», як кажуць у нас у Кругелі, Сямёна Гардзеевіча Жука. І ён мяне пазнаў, і я яго, хоць, калісці свежыя і пукатыя, шчокі хроснага ўпалі, абвастрыліся шырокія яцвяжскія скулы, абцягненыя сухой абветранай скурай.
— Маё шанаванне! — сказаў ён, адчыніўшы дзверы. Сямён Гардзеевіч, як заўсёды, колькі яго помню, пры гальштуку, завязаным вялікім шчыльным вузлом. Быццам і не развязвае яго, і спіць з ім.
— Як жыццё? — пацікавіўся я.
— Жывём, не наракаем.
На стале з’явілася пляшка гарэлкі, каўбаса, нарэзаная тонкімі кружочкамі, талерка з белым налівам — раннімі яблыкамі. Прыгадалася даўняя парада бедалагі Пілатовіча (гэта было калісьці на дачы ў Макаёнка — як хутка бяжыць час!): перад тым, як піць гарэлку, з’еш кілаграм яблыкаў і не будзеш п’яны.
Выпіўшы чарку, Сямён Гардзеевіч стаў смелым і сказаў:
— Камунізм — гэта, хоба на яго, бязбожная вера. — А потым дадаў: — Без Бога — гэта ўсё адно як ісці па лесвіцы без парэнчаў. Абавязкова пакоцішся ўніз.
Яшчэ пра сёе-тое пагаманілі. Малым я верыў, што ёсць разумныя, мудрыя людзі, здольныя разабрацца ў жыццёвых складанасцях. Цяпер бачу, што такіх людзей або зусім няма, або яны вельмі рэдкія. Мой хросны — з іх, пэўна, ліку.
«Хрышчоны» прызнаўся, што больш за ўсё любіў назіраць за пчоламі, легчы каля вулею і глядзець, як яны снуюць — то вылятаюць з лёткі, то вяртаюцца назад. Вулей ажно гудзеў ад іх бесперастаннага клопату.
Сямён Гардзеевіч і ў савецкай турме сядзеў (двойчы) і ў нямецкай. Вызваліўся з лагера ў Казахстане ў 1952 годзе, а поўнасцю рэабілітаваны толькі ў 1963-м.
— Голад быў такі, братка, што срака да шкілету прыліпала. Ой!..
Сямён Гардзеевіч наліў, і мы зноў выпілі.
— Але што добра ў Расіі, гэта, братачка, хоба на яго, на кожнай станцыі табе кіпяток. Бяры і пі ад пуза!
На развітанне хросны падарыў мне Біблію. Падарыў і сказаў:
— Каб на спажытак!
З брэсцкімі сябрамі-літаратарамі не сустракаўся.
23—24 чэрвеня. Летняе сонцастаянне. Купалле. Адзначаюць яго цяпер хіба толькі на Палессі!
Чытаю Біблію, падораную хросным. Сустракаюся з ёю, вядома, не ўпершыню. Яшчэ з дзяцінства запомніў паданне пра Майсея, якое, уздзеўшы на нос акуляры, чытаў нам, яшчэ нават не падлеткам, аднавясковец Анатолій Мельнічук. Баптыст, ён меў Біблію і захапляўся Пяцікніжжам. Але цяпер, зразумела, успрыманне гэтай кнігі інакшае, нібы больш блізкае. На некаторых мясцінах спыняюся, хочацца выпісаць:
«Судей не злословь и начальника в народе твоем не поноси» (Исход,22, 28).
Натрапіў на такое павучанне: «Чти отца и мать, и будешь долголетен на земле» (Исход, 20, 12).