Выбрать главу

26 чэрвеня. Пішам для Машэрава прамову на адкрыццё помніка Янку Купалу. Заданне не простае, бо як прымірыць паэта з савецкай уладай? Уладай, ад якой ён столькі нацярпеўся. «Глядзіце, каб не перагнулі палку!» — папярэдзіў Кузьмін. Што ён гэтым хацеў сказаць, для мяне было незразумела. Кузьмін Аляксандр Трыфанавіч — сакратар па ідэалогіі, лічыць, што над ідэалогіяй трэба больш працаваць, чым над эканомікай, аднак чалавек ён дабрадушны.

30 чэрвеня. Многае з Купалавай спадчыны не выдаецца з 20-х гадоў — вершы, паэмы, п’еса «Тутэйшыя», публіцыстыка. Забаронена і знаходзіцца ў спецсховішчы. Ёсць, такім чынам, два Купалы — дазволены і недазволены, савецкі і антысавецкі.

Даклад (прамова), вядома, пра Купалу савецкага.

4 ліпеня. Нарэшце прамова гатова. Перадалі наверх. Што скажа П. М. Яму выступаць з ёю на адкрыцці помніка.

На Купалаў юбілей з’язджаюцца госці. Прыехалі пісьменнікі з Узбекістана, Таджыкістана, паведамілі аб прыездзе яшчэ — з Грузіі, Украіны, Літвы...

5 ліпеня. Машэраў адмовіўся выступаць з нашай прамовай — перадаверыў выступленне Старшыні Савета Міністраў Кісялёву. Па матэрыялу аднак у Пятра Міронавіча заўваг няма. Ціхан Якаўлевіч Кісялёў да вайны працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Яму, пэўна, будзе прасцей арыентавацца ў гэтым пытанні.

6 ліпеня. Раніцай быў у Саўміне, паклікаў Ціхан Якаўлевіч. У яго ўжо сядзеў Броўка, пра нешта гаманілі. З маім прыходам прыступілі да прамовы, унеслі некаторыя, нязначныя, папраўкі. Броўка прапанаваў уставіць вядомыя радкі пра «Камуну»:

З Масквы, з Крамля, хадою ўдумнай,

Усенароднай, чалавечай,

Праз поле, поплавы, буруны

Ідзе, таварышы, камуна

На свеце шчасце ўвекавечыць.

Бачу, што Ціхан Якаўлевіч мнецца, шкрабе за вухам, азадачаны. Гаманкі Пётр Усцінавіч запэўнівае:

— Добра, добра...

7 ліпеня. 90-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы. У Мінску пастаўлены выдатны помнік работы скульптара А. Анікейчыка. Усё гатова да адкрыцця. Купалаўскі сквер (каля дома-музея) з раніцы стаў напаўняцца людзьмі — мінчане, госці сталіцы, пісьменнікі з братніх рэспублік, што прыехалі на свята. Помнік занавешаны белым прасцірадлам. Дзесяць гадзін. Слова для прамовы з нагоды адкрыцця помніка Янку Купалу далі... старшыні гарвыканкама Васілю Іванавічу Шарапаву. Крыху накульгваючы, ён падышоў да мікрафона. Сумленна, толькі зрэдчас блытаючыся ў націсках, ён прачытаў прамову і апусціў прасцірадла.

Помнік атрымаўся вельмі прыгожы, велічны.

У 17.00 — урачыстае пасяджэнне ў оперным тэатры. Адкрыў уступным словам М. Танк. Выступалі госці. Арыгінальна, вынаходліва. Рускі паэт М. Луконін сказаў, што беларусы — самы лепшы народ у Савецкім Саюзе.

Яму вельмі апладзіравалі. Грузінскі літаратуразнавец Б. Жгенці з бляскам прааналізаваў верш Купалы «Генацвале», даказаўшы, што і верш дасканалы, і яго стваральнік — постаць надзвычай узнёслая і высакародная. Рэгламент — 10 мінут — перабраў удвая, літаральна зачараваўшы прысутных, у тым ліку і высокі прэзідыум.

14 ліпеня. Не перастаю думаць над тым, чаму Машэраў і Кісялёў адмовіліся выступаць з той прамовай. Адказ знаходжу адзін — пераляк перад абвінавачваннем у нацыяналізме. Гэтага ўсе баяцца як агню. Ужо адно тое, што паставілі помнік нацыянальнаму паэту, дае падставы для «пудлівых» думак. Кажуць, што Купала знаходзіўся пад пастаянным наглядам, што сярод яго гасцей часта можна было бачыць нейкага Сікорскага, які, па чутках, працаваў у следчым аддзела ГПУ.

16 ліпеня. Нармальны летні дзень. Градусаў, відаць, дваццаць, а можа, і больш. Цвітуць на алеях ліпы. Адна, я заўважыў, цвіце і плача — напала тля. Ліпавае лісце ў расе, і з яго сочыцца і капае на тратуар нейкая вадкасць.

19 ліпеня. Надрукаваны Указы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб прысваенні ганаровага звання «народны пісьменнік» Беларусі Івану Мележу і Івану Шамякіну. Два Іваны, два празаікі ў адной запрэжцы.

Як на мой погляд, дык гэтыя званні — «народны пісьменнік» і «народны паэт» — састарэлі. Яны ж, адзін і другі, сучасныя празаікі, мадэрныя, як кажуць на Захадзе, а не акыны якія-небудзь, стваральнікі абагульненабезасабовага эпасу, эпасу «на ўсе часы». Томасу Ману ці У. Фолкнеру такога звання ніхто не даваў, хоць яны пісьменнікі будзь здароў якія! Іншая справа — заслужаны работнік, заслужаны дзеяч, кандыдат або доктар навук. Гэта зразумела і карэктна.

Але цягнуцца да гэтых званняў нашы паэты і пісьменнікі абедзвюма рукамі.

21 ліпеня. А ў Брэсце справы ідуць сваім парадкам. Пазваніла Ева. Адбыўся суд. Развяліся. Памяняліся палавінамі. Бацька перасяліўся ў палавіну ад вуліцы, мама, як і хацела, у палавіну ад агарода.