Выбрать главу

24 ліпеня. Панядзелак. У Беларусі праходзяць Дні савецка-польскай дружбы і польскай культуры. Сёння быў прыём у Саюзе пісьменнікаў, былі М. Танк, Я. Брыль, А. Кулакоўскі, В. Жукроўскі, Р. Вацлаўскі і інш.

В. Жукроўскі — выдатны празаік, тое-сёе яго я чытаў. Захапляецца творамі В. Быкава.

Прыём прайшоў на прыстойным узроўні, зусім па-сяброўску. Далёкая і блізкая гісторыя нашых адносін не простая, аднак на паверхню гэта, дзякуй богу, не выходзіць.

1 жніўня. Ужо каторы дзень гарачыня. Днём тэмпература паднімаецца да 35 градусаў. З дня ў дзень такое надакучвае.

Паслаў дзядулю ў Кругель свой вельветавы касцюм: пінжак і нагавіцы. Хай прабачае, што не новы. Крыху панасіў. Але яму будзе дарэчы.

3 жніўня. Таварыства «Веды» прапанавала турпаездку ў Балгарыю ў складзе групы, у другой палавіне жніўня. Кошт пуцёўкі — палавінны, 140 руб., другую палавіну аплачвае само таварыства. Згадзіўся. Вядома, за кошт адпачынку.

9 жніўня. Славуты на ўвесь свет італьянскі кінарэжысёр Ф. Феліні сказаў, што калі б ён ставіў фільм пра рыбу, то ён таксама быў бы аўтабіяграфічны. Гэта я вычытаў у часопісе «Искусство кино». Падобную думку наш Р. Бярозкін выказаў гадоў дзесяць назад у кнізе «Спадарожніца часу» (1961), разважаючы пра паэзію М. Лужаніна: «Добрыя, яркія вершы пачатку трыццатых гадоў сталі б яшчэ лепшымі, калі б сам паэт увайшоў у іх з усім, што яму блізка і дорага: з роднай вёскай на Случчыне, з бацькам на агародзе».

Фактычна адно і тое ж, па-рознаму выкладзенае. Над аўтабіяграфічным пачаткам у творчасці варта задумацца. Тут шмат спосабаў і форм.

12 жніўня. Лёня, Юзік і Мікола, а таксама я з Тамарай, ездзілі электрычкай у Заслаўе паглядзець гэтае мястэчка. Цяжарнасць Тамары крыху ўтаймавалася, яна ўжо не кволіцца і ахвотна падтрымала прапанову наведаць Заслаўе. Месца — гістарычнае. Сюды калісьці, у канцы мінулага тысячагоддзя, вялікі князь кіеўскі Уладзімір («Красное Солнышко») саслаў сваю жонку палачанку Рагнеду разам з сынам Ізяславам. Уладзімір і пабудаваў гэты горад, назваўшы ў гонар сына Ізяслаўлем. Памерла Рагнеда ў 1000-м годзе. Легенда расказвае, што перад смерцю Рагнеда заплакала, і ў ваколіцах горада забіла адразу некалькі крыніц, якія і цяпер часта называюць «слёзы Рагнеды». Каля адной з такіх крыніц, якая сочыцца з-пад каменя, мы былі, пастаялі. Тамара дастала з рэчмяшка шклянку, і мы пакаштавалі «слязу Рагнеды». Смачная, несалёная.

Ізяслаў толькі на год перажыў маці. У пантэоне, які шануюць нашы калабаранты, Рагнеда займае пашанотнае месца як гераіня і патрыётка.

Калісьці, недзе з ХІ стагоддзя, тут існаваў акружаны вадой замак. І цяпер стаіць закінуты храм, пабудаваны на тэрыторыі замка ў ХVI стагоддзі, у эпоху Рэфармацыі. Пабудавалі яго кальвіністы як свой сабор (пра што сведчыць і архітэктура храма). Кальвіністы — беларускія пурытане, «божыя абраннікі». Тэма, ці, лепш сказаць, з’ява беларускага кальвінізму, дарэчы, абсалютна недаследаваная. У наступным стагоддзі, у перыяд Контррэфармацыі, у спрэчцы з кальвіністамі пераважылі католікі і з кальвінісцкага сабора ў Заслаўі зрабілі касцёл, а ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя гэта была ўжо праваслаўная царква.

У Заслаўі ёсць музей, дзейнічае, дарэчы, паравы млын. На цяперашні час гэта рэдкасць. Помню такі млын, у часе вайны, у маім Камянцы.

Скончыўшы агляд, наведалі кафэ, а потым яшчэ сядзелі на беразе Свіслачы. Вярнуліся пад вечар.

14 жніўня. На тым тыдні купіў у ГУМе туфлі і сёння ў парадку рэкламацыі аднёс назад, скрозь адсталі падэшвы. Дрэнны клей ці што? Узяў іншую пару. Можа, з гэтымі пашанцуе. Абутку шмат, але дрэнны, а прымаць назад не надта хочуць: «Вы ж іх насілі».

16 жніўня. Забіты Лявон Баразна. Як некалі Хадановіч. Трагедыя. Хадановіча я ведаю менш. Лявона — больш. Выступаў рэцэнзентам на абароне яго дыпломнай работы ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Вышытая карціна. Дыван. Сюжэт — міф пра заснавальніка старажытнага Мінска асілка Мянеска.

Чаму так здарылася?

17—31 жніўня. Паездка у Балгарыю. Да Масквы цягніком, а адтуль самалётам. У палёце частавалі балгарскім каньяком — «Плиска», 50 грамаў. Прызямліліся ў сафійскім аэрапорце і размясціліся ў гасцініцы «Rodina». Нас трое: грузінскі паэт Шалва Парчхідзе і алтайскі бурат Бабабаеў. Шалва цікава гаворыць пра грузінскую паэзію, сцвярджае, што яна такая выкшталцоная, што немагчыма прыдумаць нічога новага. Буйны талент прыдумае, пераверне ўсё! — кажу я яму, і грузін незадаволена матляе галавой, здзіўляючыся, што я не магу ўцяміць гэткай простай ісціны.

Бабабаеў называе сябе протабалгарынам і едзе, паводле яго слоў, да нашчадкаў.