Выбрать главу

Назаўтра вазілі нас па балгарскай сталіцы. Горад надзвычай прыгожы. Стаіць непарушна помнік рускаму цару Аляксандру ІІІ. Ён у балгар у вялікай пашане. Гэтаксама, як генерал Скобелеў.

У маўзалей Георгія Дзімітрава чамусьці не вадзілі. Былі затое ў велічным храме Аляксандра Неўскага, у якім, у падвальным паверсе, сабрана незлічонае багацце абразоў, якія нагадваюць і ўвасабляюць сабой духоўны патэнцыял балгар.

Сустрэўся з сваім даўнім знаёмым — літаратурным крытыкам Георгіем Вылчавым (ён калісьці прыязджаў у Мінск, і я ім крыху апекаваўся, жылі ў аспіранцкім інтэрнаце). Разам наведалі пісьменніцкі клуб. У нас у Мінску такога няма. Усе размовы і перамовы ў кафэ. Народу поўна. Гэта — пісьменнікі. Гамоняць, п’юць каву і нешта больш моцнае і шмат кураць. Славутыя цыгарэты «БТ». Георгій пачаставаў мяне слівовіцай.

Я не надта знаёмы з балгарскай літаратурай, але чытаў класіка І. Вазава «Под игом», з сучасных — Д. Дзімава (раман «Табак»), тонкага стыліста Я. Станева, А. Гуляшкі, які чымсьці падобны на нашага Шамякіна, і інш.

Папулярная — Георгій увёў мяне ў курс справы — проза Камена Калчава, асабліва яго кніга «Сафійскія апавяданні».

Балгарскую паэзію ведаю, можа, нават і лепш. Неблагі перакладчык балгарскіх паэтаў — Н. Гілевіч. Калісьці захапляўся зборнікам яго перакладаў з балгарскай — «Ад стром балканскіх».

Паездзілі па краіне. Наведалі Плоўдзіў, Дзімітраўград, Вяліка-Тырнова, Шумен. Асабліва сімпатычныя малыя дамкі, накрытыя чырвонай чарапіцай. Усюды шмат помнікаў далёкай і блізкай гісторыі. Скульптурныя выявы легендарнага Аспаруха. Доўгі час тэрыторыя Балгарыі знаходзілася ў складзе хітрай Візантыі, потым была заваявана Асманскай імперыяй. Незалежная Балгарыя — з 1908 года.

Шмат сустрэч з людзьмі, якім я, выступаючы, расказваў пра Беларусь («Прыгожая назва», — адзначалі мае слухачы), пра яе сучасны дзень, пра літаратуру і дружбу беларускіх і балгарскіх пісьменнікаў.

Балгараў я здаўна ўспрымаў як родзічаў. Знешне, аднак, на беларусаў яны мала падобныя, больш, здалося мне, на армян. Смуглыя, чорнавалосыя, гаманлівыя і шмат кураць. І кухня ў іх бліжэйшая да армянскай: вострыя стравы з бараніны, рыбы. Іхнія — чоп-кебаб, гювеч, плоў, перац, фасоля, брынза.

Шалва — чалавек ужо немаладога веку, паджылы, але не дурань выпіць. Выпіўшы, аднак слабее, абмякае і мае патрэбу ў дапамозе. Яго перасталі браць на прыёмы, не запрашаюць. Шалва, натуральна, незадаволены. Бабабаеў — той мацнейшы (нездарма лічыць сябе протабалгарынам).

Перад ад’ездам яшчэ раз бачыўся з Георгіем Вылчавым. Ён пад сакрэтам расказаў пра норавы мясцовых урадаўцаў і партыйных бонзаў, якія маюць свае персанальныя рэчкі, дзе ловяць стронгу. Я быў здзіўлены. У нас Белавежскую пушчу яшчэ, здаецца, не дзеляць. Палююць разам.

Перад ад’ездам нам падарылі па салідным цяжкім альбоме «Георги Димитров наш съвременник» (Выдавецтва «Наука и изкуство», София).

Купіць нічога не купіў, ды і на тыя левы, што нам далі, нічога надта не купіш. Набыў толькі некалькі лыжных шапачак, на сувеніры.

2 верасня. Запрасіў у госці Аляксей Гардзіцкі, які развёўся, але з таго часу так і не ажаніўся. Жыве адзін. Былі ў яго з Тамарай, слухалі песні Булата Акуджавы і Аляксандра Галіча. «Облака плывут в Абакан...»

Перадаў Аляксею прывітанне ад Г. Вылчава.

10 верасня. У колерах прыроды яшчэ пераважае зелень, аднак уступае ў свае законныя правы восень. Ночы сталі халодныя. Ідучы на работу, адчуваў, як у твар пругка дыхае вецер. «Жыццё — спешка», — як любіць нагадваць паэт і літаратуразнаўца Алесь Барскі. Я чалавек флегматычны, спешкі не люблю. Іду заўсёды разглядаючыся па баках. Помню лацінскае прыслоўе: «Спяшайся не спяшаючыся».

11—16 верасня. Тыдзень літаратур народаў СССР. Прыехалі вядомыя і невядомыя пісьменнікі, здалёк і зблізку: В. Закруткін, Д. Кугульцінаў, В. Бокаў, У. Жукаў, Б. Камалаў, Г. Шукрай, А. Малдоніс і інш. Групамі раз’ехаліся па ўсіх абласцях рэспублікі. Выступленні, выступленні, выступленні... Апарат нашага СП меў клопатаў, падключаны былі абласныя аддзяленні, актыўны ўдзел прымалі беларускія літаратары. Усё прайшло, здаецца, без нечаканых здарэнняў. Не пашкодзіла і тое, што было выпіта шмат гарэлкі.

Гэтым дням добра спрыяла залатая беларуская восень.

17 верасня. 60 гадоў народнаму паэту Беларусі Максіму Танку. Ушанаванне паэта прайшло ў тэатры Я. Купалы, адкрываў вечар І. Мележ. Было запрошана шмат гасцей, пісьменнікаў з-за межаў Беларусі, з іншых рэспублік.

М. Танк — паэт вышэйшай пробы. Прагрэсіўная беларуская і польская крытыка ўжо ў 30-я гады вельмі высока ацаніла яго творчыя магчымасці: «Зямля Нарачы і Нёмана з часоў Міцкевіча не мела такога вялікага паэта» (Е. Путрамант). У маладой заходнебеларускай літаратуры М. Танк быў не адзінокі. Побач з ім працавала цэлая плеяда маладых таленавітых паэтаў: М. Васілёк, М. Машара, П. Пестрак, В. Таўлай, Н. Тарас, М. Засім, А. Іверс і інш. Аднак творчая індывідуальнасць М. Танка сярод іх ужо тады была вельмі самастойнай. Ён быў прызнаным лідарам заходнебеларускай паэзіі, чыя творасць вылучалася шырынёй сацыяльнага і чалавечага зместу і незвычайнай яркасцю вобразнага мыслення.