Звоніць аб камень
Сталёвы нарог.
Конь упіраецца, скібы цяжкія...
Глянь! На ўсходняй старонцы —
Іскры! Барозны затлелі зарою.
Выарам хутка і сонца!
Гэта паэт пераломнай эпохі, эпохі пераходу ад старой, сялянскай цывілізацыі (па сутнасці сярэднявечча) да цывілізацыі індустрыяльнай, якая ў ХХ стагоддзі замаячыла і перад Беларуссю.
І ад астрога да астрога плятусь —
Беларусь ты мая, Беларусь!
(«На этапах».
Вільня. 1936. С. 104).
У паэме «Нарач» (1937) ён апеў паўстанне рыбакоў, жорстка падаўленае польскімі ўладамі. Мяне захапляюць танкаўскія верлібры:
Дрэвы паміраюць,
калі перастаюць пазнаваць
змены года
і не адгукаюцца рэхам...
Чалавек — калі страчвае здольнасць
здзіўляцца і захапляцца
жыццём.
Самы вясёлы ў Саюзе пісьменнікаў — Максім Танк. У яго заўсёды напагатове жарт, свежы анекдот, а між тым усе ведаюць, што ў яго хранічная арытмія і здароўе далёка не бездакорнае.
М. Танк «неадвязна» (слова П. Пестрака) звязаў сябе з партыяй, аднак умее захаваць раўнавагу паміж лозунгам і жыццём. Вось верш, напісаны ў пачатку 60-х:
Я ўпэўнены, што ля ўваходу
У камунізм спытаюць:
— З чым прыходзіце вы,
Які знаеце танец?
Танец жывата?
Вы не індус, здаецца,
А іграеце? На там-таме,
А не на жалейцы?
Ну, а страву якую
Прынеслі вы з дому?
Шашлык — гэта не ваш,
Усім добра вядома.
А якія вы маеце ўборы,
Узоры тканінаў?
Не, самбрэра і кенты
Не з вашай краіны.
А спяваеце песні
На мове якой?
Кажаце, што на многіх,
Толькі не на сваёй?..
І мне здаецца,
Адправяць ад парога
Не аднаго давучыцца
Дзівака такога...
Мой навуковы кіраўнік Леанід Мікалаевіч Навічэнка, калі я прачытаў яму гэты верш у яго кіеўскай кватэры, быў надта ўсхваляваны і здзіўлены: «Хто гэта? Дужа гарній вірш!» — «Максім Танк!» — адказаў я з гонарам, як бы напісаў гэтыя радкі сам.
Ой, відаць, нялёгка яму («І дурны ж ты, Квэк, што згадзіўся стаць над цыганскім табарам каралём...»)
[…]
На досціпы наш брат-літаратар вялікі майстар.
18 верасня. Учора адзначаў (нават калі і з’ехаў куды на сваім чырвоненькім «Масквічы») свой дзень нараджэння шаноўны Уладзімір Калеснік. Танку — 60, а яму — 50. Аўтар цікавага даследавання «Паэзія змагання» — кнігі пра маладога Максіма Танка і заходнебеларускую паэзію давераснёўскага перыяду. Калеснік прааналізаваў станаўленне паэта і яго светапогляду, прасякнутага філасофіяй гістарычнага матэрыялу.
Я быў і ў Сіняўскай Слабадзе на Нёмане, дзе ён нарадзіўся, і ў Карэліцкіх лясах, у Налібоцкай пушчы, дзе партызаніў у Вялікую Айчынную вайну. Пасля падзей верасня 1939 года У. Калеснік становіцца студэнтам Наваградскага педвучылішча, і ў ім умацоўваецца ідэя сацыялізму, якой ён, трэба сказаць, сімпатызаваў, па асабістым прызнанні, з юначых гадоў. Тут меў значэнне ўплыў роднага дзядзькі капэзэбоўца-падпольшчыка Арсеня Балабановіча, але не толькі аднаго яго, а ўсяго сацыяльна-гістарычнага кантэксту, з якім быў звязаны юнак. У педвучылішчы яго напаткала каханне да прыгожай дзяўчыны, таксама студэнткі, Зіны Маслоўскай, у якой ён убачыў свой ідэал — духоўнае багацце ў спалучэнні са знешнім хараством. Гэтая падзея, думаецца, паклала глыбокі адбітак у яго душы і мела ўплыў на ўсе кругі яго жыцця. Зіна Маслоўская загінула ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Алёша Майсейчык, які працуе з Уладзімірам Андрэевічам на адной кафедры, расказвае, што яго ў 1944-м, пасля вызвалення, паставілі дырэктарам Мірскага спіртзавода. У абавязкі дырэктара ўваходзіла кожны раз пасля атрымання гатовай прадукцыі здымаць пробу. Гэтага Уладзімір Андрэевіч не вынес і падаўся ў Баранавічы, у студэнты. Там быў настаўніцкі інстытут.
Калеснік — геній размовы і прамовы. Любіць яго слухаць Янка Скрыган. Слухаць і каменціраваць:
«Уладзімір Калеснік, выступаючы неяк на сходзе, сказаў: «Па нашых творах рысы сучасніка выглядаюць часам расплывіста». А практыка абмяжоўваецца толькі адным, далёка не лепшым словам: расплыўчата.