Выбрать главу

Ён жа, гаворачы пра нейкую каларытную фігуру, сказаў: «Не так разумны, як нюхлівы».

Якая яркая перадача вобраза!»

Зараз У. А. Калеснік чытае гісторыю беларускай літаратуры і фальклор у Брэсцкім педінстытуце.

Мне імпануе яго роздум:

«Гармонія — гэта залаты плён кавання супярэчнасцей. Яна выступае як свята жыцця, як момант, калі пазнаннем, змаганнем і працай пераможана процьма злыбед, калі адолены адны жыццёвыя супярэчлівасці, а іншыя не паспелі завязацца».

«Паэт шукае гармонію Сусвету ў прыродзе і ў сабе, ды неўпрыцям сам становіцца Сусветам».

Ад Калесніка я ўпершыню пачуў пра нашага філосафа Ігната Канчэўскага.

21 верасня. Росквіт бабінага лета. У паветры плавае пяшчотнае павуцінне. З неба, з туманістай далечыні, чуецца жураўлінае «кру». Пачынаюць залацець дрэвы.

22 верасня. Была Еўдакія Лось. Скардзілася, што не заўважаюць. Не згодзен. Толькі што выйшла кніжка паэзіі «Лірыка», чытачы ставяцца з павагай. Еўдакія Якаўлеўна між іншым сказала:

— А я магла б і «Бярозку» рэдагаваць. Як вы думаеце?

— Дык вакансіі няма.

Паэтэса пакрыўдзілася:

— Мусіць, не дачакаешся ад вас…

Не выходзіць з галавы тэракт супраць ізраільскіх спартсменаў на ХХ летніх Алімпійскіх гульнях у Мюнхене. Свет становіцца ўсё больш жорсткім.

25 верасня. Чую адмоўныя водгукі на раман А. Савіцкага «Тры непражытыя дні». […] Панікаваць, вядома, не трэба, трэба пастарацца ўлічыць крытыку.

29 верасня. Доўжыцца Тыдзень беларускай літаратуры на Чарнігаўшчыне. Паехалі туды асобы не першага раду, а хутчэй сераднячкі. Прыходзяць весткі, што крэпка налягаюць на гарэлку.

3 кастрычніка. П. Броўку прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Даведаўшыся, пазваніў яму дадому.

— Віншую, Пётр Усцінавіч, з высокім званнем!

Ён падзякаваў і з хваляваннем у голасе сказаў:

— Але адказнасць якая! Уявіць сабе: Герой Сацыялістычнай Працы!

Ведаеце, пра што я зараз падумаў? Учора аднёс у «ЛіМ» сем новых вершаў, а сёння адзін усё ж такі забяру назад.

— Нашто?

— Не той узровень. Для Героя Сацыялістычнай Працы ён слабаваты.

— А можа, толькі здаецца?

— Забяру.

6 кастрычніка. Час ад часу заглядаю ў падораную хросным Біблію. Дзіўныя рэчы знаходжу. Напрыклад: «Не будь слишком строг, и не выставляй себя слишком мудрым; зачем тебе губить себя?» (Эклезиаст: гл. 7, радок 16).

Кніга Эклезіяста, напісаная царом Саламонам дзве тысячы гадоў таму, ні на грам не страціла сваёй праўдзівасці. Возьмем хоць бы гэткую мясціну:

«И обратился я и видел под Солнцем, что не проворные побеждают в беге, не храбрым достаётся победа, не мудрым — хлеб, не у разумных — богатство, и не искусным — благорасположение, но время и случай для всех их. Ибо человек не знает своего времени...»

«Чалавек не ведае свайго часу» — як глыбока сказана.

10 кастрычніка. Ніксан — хітры: і з Кітаем добры, і з Масквой. Кітай ён палохае Масквой, а Маскву — Кітаем. Гэта пачуў ад лектара ЦК КПСС, які прыязджаў у Мінск.

13 кастрычніка. У Саюзе пісьменнікаў была сустрэча з пісьменнікамі В’етнама. Ад нас прысутнічалі М. Аляксееў, В. Рудаў, Г. Бураўкін, А. Асіпенка, М. Кругавых, М. Гамолка, Л. Прокша, А. Рыбак і інш. Гэтай краіне цяжэй, чым каму.

28 кастрычніка. Пазваніў М. Прашкевіч. Стаў пытацца, ці чытаў я ў апошнім «ЛіМе» яго артыкул пра фільм рэж. Рубінчыка «Магіла льва». Артыкул, прызнаўся, не чытаў і фільм не бачыў. Мікола пашкадаваў, ён знайшоў шмат неадпаведнасцей у сюжэтных калізіях паміж фільмам і паэмай Я. Купалы і ўказаў на гэта Рубінчыку і іншым стваральнікам кінаверсіі. Правільна. Класіку трэба паважаць.

Добра, што Мікола працуе над сабой і пашырае свой старажытніцкі кругагляд.

Не ўтрымаўся ад успаміну, як калісьці Мікола, як і я, бедны малодшы навуковы супрацоўнік, купіў на Камароўцы кароўе вымя, доўга яго варыў і потым частаваў мяне са Сцяпанам Міско. Мяса ці то не ўварылася ці то само па сабе было цвердаватае, хрумсцела на зубах, але на маладое здароўе прыдалося.

30 кастрычніка. Пераход ад кастрычніка да лістапада. Паўсюль цішыня. Час духаў. Дзяды.

Святыя дзяды, завем вас,

Хадзеце да нас!..

Помню пра гэтае свята сустрэчы з продкамі па фальклорных лекцыях Калесніка.

3 лістапада. 90-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа. Адкрыты помнік работы З. Азгура.

З падрыхтаванай намі прамовай выступіў на гэты раз міністр культуры.

Класікі — сучаснікі ўсіх эпох. Гэткі і Колас. Мне ён дарагі тым, што ўмацаваў у беларускай літаратуры павагу да ўнутранага свету чалавека, з яго аўтаноміяй, уласнымі параметрамі душы.