Выбрать главу

У душы лічу сябе ветэранам вайны, бо шмат перажыў, але каму гэта дакажаш! Ніхто пад увагу не бярэ.

10 мая. Зацвілі каштаны. Ёсць у гэтым нешта кіеўскае. У Кіеве я бываў шмат разоў, калі ездзіў да свайго кіраўніка Л. М. Навічэнкі. У Мінску, праўда, каштанаў крыху менш, чым у Кіеве.

12 мая. Пачынаюцца Дні беларускай культуры ва Ульянаўскай вобласці. Наш аддзел фарміраваў дэлегацыю, калектывы выканаўцаў. Ад пісьменнікаў — Максім Танк і інш.

Герой Брэсцкай крэпасці пагранічнік Наганаў родам з Ульянаўскай вобласці. І я хацеў паглядзець, адкуль Ленін, але не пусцілі, бо, сказаў М., патрэбен тут.

15 мая. Даслаў ліст Радаслаў Александровіч, сын паэта Андрэя Александровіча, ужо нябожчыка. Скардзіцца на тое, што не шануецца памяць пра бацьку, што выдавецтва тармозіць зборнік успамінаў. Шкрабу патыліцу — як выйсці са становішча. Постаць Андрэя Александровіча даволі супярэчлівая, дабром яго мала хто ўспамінае.

Вершам Александровіча «Сасна» захапляецца С. Грахоўскі. Верш, сапраўды, выдатны. Дык што рабіць з сынавай скаргай?

16 мая. Свежая, сакаўная зелень. Цвітуць сады, пахнуць гронкі бэзу, але пачаліся, як звычайна, чаромхавыя халады. Гэта сама прырода дапамагае расліннасці адолець розную «тлю», мошку, яшчэ ў яе завязі.

19 мая. Будынак ЦК у самым цэнтры горада і, здаецца, на самым высокім месцы. Тут свая іерархія, бо старшы, кажуць, і ў пекле ёсць. Самы вялікі начальнік тут — сакратар ЦК. Іх некалькі, і кожны піша рэзалюцыі чарнілам свайго колеру. Машэраў — часцей за ўсё чырвоным, другі сакратар — зялёным, астатнія — чорным, сінім… Сядзяць сакратары на самым высокім пятым паверсе. Іх рэдка і ўбачыш. Абед ім падымаюць туды, наверх. Трэба знаходзіцца пры тэлефоне. Мала што!

20 мая. Цёпла, дажджы з навальніцамі. Пах бэзу. Салаўіная пара.

З раніцы забег Пятрусь Броўка, яго я ўжо бачыў пару разоў у гэтым будынку. Пятрусь Броўка для мяне класік, якога ведаю яшчэ са школы. Яго балады «Надзея-надзейка», «Брат і сястра» і інш. завучвалі на памяць. Вырашыў параіцца з ім адносна скаргі Р. Александровіча. Броўка адразу прыгадаў невядомы мне акраверш А. Александровіча 30-х гадоў, прысвечаны быццам бы ўслаўленню савецкай улады, які аўтар надрукаваў аднак не ў сталічным Мінску, а недзе на перыферыі, у акружной газеце. Па вертыкалі чыталася: «Дохлая вош».

— А нашто ён гэтак зрабіў? — спытаў я.

— На ўсялякі выпадак. А раптам улада зменіцца, ды прыйдуць палякі? Пра пагрозу з боку буржуазнай Польшчы тады гаварылася шмат. За гэты верш яго і пасадзілі.

Пасля размовы з Броўкам я пазваніў Радаславу, параіў пытанне са зборнікам успамінаў вырашаць непасрэдна з выдавецтвам. Дырэктару выдавецтва не званіў.

24 мая. Наведаў Н. Б. Адчуў, што яна памяняла да мяне адносіны. Нібы памякчэла, стала больш ветлівая. Але характар не пераробіш — эгаістка. Асыпаюцца кветкі бэзу.

26 мая. Панядзелак. Кожны панядзелак — «пяцімінутка». Абмяркоўваем планы на тыдзень, розныя справы. Сярод іншага — як адзначыць 50-годдзе паэта Авяр’яна Дзеружынскага, чым узнагародзіць. На ордэн не цягне.

31 мая. Хадзіў у «сваю» цырульню. Цырульнік — Яша. Пасадзіў у крэсла. Я сказаў: «Стригите на весь рубль!» Ён спытаў: «Пад якога сакратара вас падстрыгчы?» Пытанне было для мяне нечаканае. «Некаторыя просяць пад Машэрава», — дадаў Яша. — «А ён што — таксама сюды прыходзіць?» — «Што вы! Як можна? Гэта я паднімаюся туды!»

Адчуў жар, які ідзе ад тых, хто пры ўладзе.

— Яша, давай «канадскую польку»!

— Харашо. Будет вам «канадка».

Выйшаў ад Яшы памаладзелым. У размеркавальніку стаім з ім разам. 3 чэрвеня. «ЛіМ» паведамляе, што ў Варшаве адбыўся 14-ты традыцыйны кніжны кірмаш, у якім удзельнічалі 25 краін свету. Беларусь паказала 100 назваў кніг. Прымалі ўдзел выдавецтвы «Беларусь», «Навука і тэхніка», «Вышэйшая школа», «Ураджай». Прыемна, што наша кніга цярэбіць сабе шлях у свет. Знай нашых!

Мой візаві Валерый Сяргеевіч расказвае, што наш аддзел культуры ўтварыўся нядаўна, па ўзоры такога ж аддзела ў ЦК КПСС. Цяпер аддзелам культуры ЦК КПСС загадвае наш кадр — былы сакратар ЦК КП Беларусі, па ідэалогіі В. Ф. Шаура. У Маскве яго празвалі «великий немой». Відаць, болей маўчыць, чым гаворыць. Вопытны царадворац, асцярожны.

6 чэрвеня. Размаўляюць тут па-руску, толькі па-руску. На мяне глядзяць, як на іншапланецяніна. Калі я аднойчы зайшоў да галоўнага бухгалтара кіраўніцтва справамі ЦК таварыша Трапача і загаварыў да яго па-беларуску, ён паглядзеў на мяне як на лазутчыка. «Як ты, маўляў, пралез сюды?»

— А пачаму гэта вы на беларуском языку разгаварваеце?