У кватэры цёпла. Малы ляжаў голенькі ўпоперак ложка, круціў галоўкай і сукаў ручкамі і ножкамі. Скончылася застолле вечарам. Госці былі на добрым падпітку, раз’язджаліся, гаманілі, цягнулі нястройнымі галасамі нейкую песню.
20 снежня. Урачыстае пасяджэнне ў гонар 50-годдзя ўтварэння СССР у Палацы спорту. З гучным дакладам — Пётр Міронавіч. Пасяджэнне вітаюць, арганізаваныя супрацоўнікамі нашага аддзела, асабліва заслужаныя прадстаўнікі працоўных — ад рабочых, калгаснікаў, інтэлігенцыі, камсамола, піянераў і ў тым ліку ад камуністаў-ветэранаў. Гэта — М. Арэхва і інш. (арганізоўваў якраз я). М. Танк не ўтрымаўся, каб не пажартаваць:
— О-о, старыя камуністы ўзялі ўладу!
Жарт гаркаваты, у яго падтэксце можна знайсці ўсё.
Даклады Пётр Міронавіч чытае, як мастацкі чытальнік, мяняе інтанацыю. Многія, трэба прызнаць, ім захапляюцца. І для гэтага ёсць падставы. Пётр Міронавіч — новы тып партыйнага дзеяча, які не абмяжоўваецца палымянымі прамовамі, як, да прыкладу, Іван Фролавіч, і не толькі ставіць мэту, а імкнецца знайсці шляхі і сродкі для яе рэалізацыі.
26 снежня. Прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Уступаць прапанаваў — Барыс Іванавіч, ён жа даў і рэкамендацыю, а яшчэ далі А. Асіпенка і Дз. Бугаёў. У гэтым годзе выйшла мая кніга «Традыцыі і наватарства» (тыраж прыстойны — 2500 экз.), што і дае мне такое права. Прайшоў прыёмную камісію (закрытае галасаванне), і цяпер пытанне вынеслі на Прэзідыум. Максім Танк, пагартаўшы паперы ў маёй асабістай справе, пажартаваў у сваёй дасціпнай манеры:
— Дык у яго сёння двайное свята, яшчэ і дзень нараджэння!
Адказаў на зададзеныя пытанні. Галасаванне на Прэзідыуме таксама тайнае, закрытае. Прагаласавалі — за.
Ведаю, што трэба шмат працаваць над сабой, даставаць з сябе ўсё, што падорана прыродай, продкамі.
Ну што ж «упярод і з песнямі!», як загадваў калісьці мой старшына роты Прахарэнка.
27 снежня. Убачыў нарэшце свет сёмы том Кароткай літаратурнай энцыклапедыі. Якое глыбокае вызначэнне філалогіі даў у ім С. Аверынцаў!
«Одна из главных задач человека — понять другого человека, не превращая его ни в поддающуюся «исчислению» вещь, ни в отражение собственных эмоций. Эта задача стоит перед каждым отдельным человеком, но также перед каждой эпохой, перед всем человечеством. Филология есть служба понимания и помогает выполнению этой задачи».
28 снежня. Заходзіў Якаў Герцовіч. Скаргі, што забылі, значыць, не патрэбны. А потым прызнаўся, што і сапраўды пяро прытупілася, горш стаў адчуваць ідэйныя арыенціры. Прасіў падказваць, каго трэба ўзяць пад крытычны прыцэл.
Герцовіч — крытык са сваім густам, хай ім і кіруецца.
Навагодні Дзед Мароз. Закурыў цыгарэту, пыхнуў дымам, бліснуў шкельцамі акуляраў.
— Вы пішаце пра паэзію. На вялікі жаль, у апошнія гады наша лірычная паэзія многае страціла ад сваёй грамадзянскасці, сваёй блізкасці да народнага жыцця.
Я не стаў спрачацца. Ён дакурыў цыгарэту і пайшоў, насунуўшы на галаву шапку.
29 снежня. Па тэлебачанні паказвалі, як пагрозліва дыміць на Камчатцы вулкан Алаіт. Прачнуўся і дыміць, выкідае з чэрава чырвоную магму.
У нас лёс грозна напомніў аб сабе выбухам у цэху футаралаў на радыёзаводзе.
31 снежня. Год прайшоў, мне здаецца, у цэлым не марна. З’явіўся, насупраць думцы Герцовіча, — шэраг, я сказаў бы, выдатных кніг П. Броўкі, М. Танка, А. Куляшова, П. Панчанкі, М. Лужаніна, В. Віткі, К. Кірэенкі,
А. Пысіна, Н. Гілевіча, Р. Барадуліна, В. Зуёнка і інш. І ў кожнай з іх ёсць яркія, па-сапраўднаму змястоўныя творы, якія і падводзяць пэўныя вынікі, і адначасова ў многім вызначаюць новыя перспектывы развіцця нашай паэзіі — у сэнсе арыентацыі на свежыя ідэйна-тэматычныя пласты рэчаіснасці, новыя спосабы яе асэнсавання, паказ шматмернасці духоўнага свету сучаснага чалавека.
1973
1 студзеня. У сувязі з 50-годдзем СССР наша рэспубліка, як адна з заснавальніц Саюза, узнагароджана ордэнам Дружбы народаў. Паэты прывіталі гэтую падзею вершамі (В. Вітка, Е. Лось). Прыемна. Калегі-літаратары, як звычайна, віншавалі з Новым годам. Атрымаў паштоўку ад Максіма Танка. Кароткае віншаванне. Дзякуй. Але, на жаль, не вершам, а прозай.
У «ЛіМе» апублікаваны спіс лаўрэатаў Дзяржаўных прэмій БССР 1972 года. Гэта — В. Вітка, І. Навуменка, мастак А. Кашкурэвіч (за цыкл графічных лістоў «Партызаны») і інш.
2 студзеня. Нарада ў загадчыка аддзела. Станіслаў Віктаравіч павіншаваў, не забыў, з Новым годам. «С новыми успехами!» — дадаў Яўгеній Барысавіч.