Цяпер, вядома, гэтак не пішуць. Суркоў устарэў. Пра гэта якраз і вялася гаворка. 70-я гады, мяркуючы па ўсім, вяртаюць паэзію ў рэчышча больш спакойнай плыні. Эксперыменты, уласцівыя 60-м гадам, засталіся ззаду, яны былі неабходным звяном у ланцугу развіцця паэзіі. На іх вопыце грунтуюцца творчыя пошукі, якія вядуць сённяшнія паэты. Ад беларускай паэзіі я чакаю большай самазаглыбленасці (пры абсалютнай адсутнасці эгаізму), маральнаэтычнага псіхалагізму і чысціні. Яна заўсёды жыла грамадскім неспакоем і была не столькі «чалавеказнаўствам», колькі «грамадазнаўствам», «народатворчасцю» (паводле выразу У. Калесніка). Уласнае «я» паэта заставалася ў ёй часцей за ўсё ў ценю ці на другім месцы. Такія асаблівасці беларускай паэзіі маюць глыбокія карані ў гістарычным лёсе нацыі, яе мастацкай свядомасці...
Вярнуўся ў Мінск, не пахадзіўшы па Маскве, бо не было часу, а мне заўсёды цікава назіраць маскоўскае жыццё — на вуліцы, на базарах, у транспарце. Раніцай прыехалі, вечарам паехалі назад.
22 студзеня. Прачытаў паэму Е. Лось «Высакосны год». Высакосны быў мінулы, 1972 год. Таленавітая паэтэса, чуе нейкі падземны «гул», «штуршкі»...
25 студзеня. У сталічным Мінску ў рабочай сям’і нарадзіўся мільённы жыхар. Гэта хлопчык. Відаць, падбіралі, каб адпавядала паходжанне. Але ўсё роўна — гэта падзея!
26 студзеня. Скліканы ІХ з’езд мастакоў Беларусі. У нас шмат добрых, шырокавядомых мастакоў. І нават тыя, хто менш папулярны, таксама цікавыя. Выстаўкі я не прапускаю, пра некаторыя пісаў. Ведаю, што сярод мастакоў вечна доўжыцца спрэчка, хто лепшы, больш таленавіты. Розныя формы і накірункі пошукаў. Тут таксама адгукаецца сусветная спрэчка паміж рэалізмам і мадэрнізмам. Заўзяты палеміст-скульптар Заір Азгур. Нядаўна чытаў яго артыкул «Змест часу». Абараняе рэалізм, але неяк па-рамесніцку, без натхнення, атаясамліваючы праўду з праўдападабенствам.
27 студзеня. Учора ў Саюзе пісьменнікаў выступалі лаўрэаты Дзяржаўных прэмій мінулага года — Вітка, Навуменка, Семяняка. З расповедам пра творчасць Навуменкі выступіў Арочка, які працуе ў Інстытуце літаратуры.
Між іншым, прызнаюся, што Івану Якаўлевічу атрымаць прэмію дапамог я. А зрэшты мая заслуга тут невялікая — я толькі падаў думку. Машэраў, мусіць, мае на яго нейкія віды.
28 студзеня. Адзін з высокапастаўленых насельнікаў пятага паверха нашай установы С. сказаў: «Вы, товарищи, плохо работаете с письмами трудящихся. Получается так, что после вашей работы он опять пишет по тому же вопросу. К нерадивым, тем, кто плохо работает с письмами, будем принимать соответствующие меры».
С. — наіўны. Справа не ў «нерадзівасці», а ў тым, што пытанні, якія нярэдка ставяць людзі ў сваіх лістах у ЦК, не заўсёды можна вырашыць. Апроч партыйнай улады, ёсць яшчэ і ўлада савецкая. Слабая, але ёсць. Ды і ўвогуле, надта шмат чыноўнікаў. Гэта ўжо не «праслойка», а нешта больш магутнае.
Пісьмовых адказаў аўтарам лістоў не даём, звычайна абмяжоўваемся размовай па тэлефоне. Папярэдне пасылаем паштоўку з указаннем нумара свайго тэлефона, па якім аўтару трэба пазваніць.
29 студзеня. Заходзіў М. Танк. Скардзіцца, што штодня звяртаюцца да яго нейкія людзі, часта на падпітку, па грашовую дапамогу, просяць хоць колькі рублёў. Ён — дэпутат Вярхоўнага Савета і нейкі «фонд» мае. Дае па пару рублёў, але на ўсіх не хапае.
30 студзеня. Сумеснае пасяджэнне секцыі крытыкі Саюза пісьменнікаў і супрацоўнікаў Інстытута літаратуры з абмеркаваннем прозы і паэзіі мінулага, 1972 года. У спрэчках выступілі П. Дзюбайла, М. Барсток, В. Гапава, А. Адамовіч, Д. Бугаёў і іншыя. Усё адбылося ў рамках прыстойнага, не так, як калісьці ў выпадку з Іванам Ралько.
П. Дзюбайла адзначаў, і гэта правільна, што ў творах 1972 года, прысвечаных маральным пытанням, адчуваецца недахоп сацыяльнай напоўненасці, шырыні грамадскага гучання.
А. Адамовіч падзяліўся сваімі планамі на 1973 год — тэарэтычнае асэнсаванне праблемы: нацыянальная літаратура ў сучасным свеце, у кантэксце сусветнай літаратуры. Заняты зборам і вывучэннем матэрыялу. Беларуская літаратура звяртае на сябе ўсё большую ўвагу ў Еўропе і за яе межамі.
Выступіў І. Шамякін (ён крыху прыпазніўся). Між іншым сказаў, і гэта прымусіла ўсіх задумацца, што пісьменнік, які працуе над сучаснай тэмай, ідзе па неразмініраваным полі. Аказваецца, яму таксама цяжка. Спачуваючы, усе ўздыхнулі.
2 лютага. З жалем даведаўся, што памёр мой любімы артыст Уладзімір Белакураў. Ён быў артыстам МХАТа і здымаўся ў кіно. У тэатры я бачыў яго ў ролі Чычыкава («Мёртвыя душы», інсцэніроўка М. Булгакава), а ў кіно — у фільмах «Чкалаў» і «Паядынак». Для мяне асабіста ён быў увасабленнем рускага характару. Гэта — нейкі, па маім уяўленні, купецкі размах, смеласць да нястрыманасці, гатоўнасць рызыкаваць і дэмакратызм. Гэткім я назіраў яго ў Доме акцёра ў Маскве. Шмат выпіваў. Прымусіў выпіць разам з ім шклянку гарэлкі нейкага знакамітага акцёра з Галівуда.