Выбрать главу

Ён — аўтар раманаў «Віленскія камунары», «Камароўская хроніка», аповесцей «Меланхолія» і «Ціхая плынь», дакументальна-мастацкіх запісак «На імперыялістычнай вайне», кніг апавяданняў «Рунь», «Досвіткі», «Сібірскія абразкі», «Люстрадзён», шэрагу цікавых драматычных абразкоў, даследавання «Гісторыя беларускай літаратуры» і шматлікіх іншых твораў.

Усё зробленае М. Гарэцкі аддаў на суд часу — суд, як вядома, строгі. Пра адно ён прасіў: «Не выбівай з маіх худых і кволых рук гэтага маленькага пучочка васількоў». Рэдка хто з беларускіх паэтаў — ад М. Багдановіча да М. Лужаніна — не ўспамінаў у сваіх вершах пра «цвяток радзімы васілька». І для М. Гарэцкага васількі былі сімвалам Радзімы, сімвалам той «цярнёвай дарогі», якую прайшоў беларускі народ.

Разам з Купалам і Коласам М. Гарэцкі стаяў ля калыскі сучаснай беларускай літаратуры, будучага росквіту. Сёння яму споўнілася б 80 гадоў — на дзесяць гадоў ён маладзейшы за Купалу і Коласа, аднак уклад М. Гарэцкага ў развіццё беларускай культуры таксама важкі і значны. Яго жыццё і творчасць прыпадаюць на адзін з самых драматычных перыядаў у гісторыі Беларусі, які ўключае падзеі Першай сусветнай вайны, рэвалюцыйны ўздым, грамадзянскую вайну, пачатак сацыялістычнага будаўніцтва.

А. Адамовіч сцвярджае, што М. Гарэцкі сваёй творчасцю «ўгадаў» ці «прадказаў» будучыя тэндэнцыі і мастацкія праявы ў беларускай савецкай прозе, нават некаторыя тэмы і сюжэтныя сітуацыі. Напрыклад, апавяданні «Рускі» Гарэцкага і «Адна ноч» Быкава.

Са спадчыны М. Гарэцкага я ўжо многае прачытаў і асвоіў. Напрыклад, аповесць «Дзве душы». Дарэчы, Гарэцкі не першы ўзнімае пытанне пра «дзве душы», якія месцяцца ў адным чалавеку. Да яго пра «дзве душы» рускай інтэлігенцыі пісаў Горкі. Беларускі пісьменнік асэнсаваў гэтае пытанне на нацыянальнай глебе. У сучаснай нашай літаратуры гэтая тэма закрытая і забытая, але ў жыцці яна застаецца вельмі актуальнай.

Дарэчы, калі ўжо ўспомніў Горкага, дык прыгадаю і тое, што ў 1924 годзе ў Ленінградзе выйшла кніжка вядомага крытыка Карнея Чукоўскага «Две души Максима Горького».

20 лютага. Часопіс «Полымя» ўзнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны». Пазваніў Кастусь Ціханавіч, дужа ўзрадаваны: «Значыць, правільную лінію вядзём! Калі б што-якое, дык ордэна б не далі!» «Логіка ў яго развагах ёсць», — падумаў я. Павіншаваў і рэдактара, і рэдакцыю.

А ўвогуле гэта — падзея, і падзея прыемная: «Полымя» — першы часопіс у СССР, узнагароджаны ордэнам. За ім будуць узнагароджаны іншыя.

Нядаўна бачыўся з былым рэдактарам «Полымя» Паўлам Кавалёвым. Кавалёў — добры субяседнік. Пра «Полымя» ён аднак не ўспамінаў, а расказваў пра тое, як ажно ў 1937 годзе, у Негарэлым, сустракаў Валерыя Чкалава і яго сяброў па пералёце на АНТ-25 праз Паўночны полюс у Амерыку. Маладога журналіста Кавалёва паслала на гэтую сустрэчу газета «Звязда», дзе ён працаваў. Яго здзівілі лётчыкі-героі Чкалаў, Белякоў і Байдукоў, якія гарэлі энтузіязмам, жаданнем працаваць, тварыць, ставіць рэкорды. Пагранічнік, вітаючы лётчыкаў, на высокіх пачуццях сказаў:

— Таварышы! Над снежнымі прасторамі Арктыкі, Паўночным полюсам, полюсам непрыступнасці, ваш матор спяваў пераможныя песні краіны сацыялізму, мы гатовы былі ў любую хвіліну аддаць вам сваю кроў, каб матор не спыняў гэтай песні!

21лютага. Атрымаў двухпакаёвую кватэру ў новым доме, на Захарава 56. Плошча — 31 кв. метр. Аджалеў наш Машкоў. Літфонд даваў большую, трохпакаёвую (улічваючы пакой пад кабінет), але я адмовіўся. Было б падобна, што скарыстоўваю службовае становішча.

26 лютага.Заходзіў Пятрусь Броўка. Дастаў з кішэні крокамер. Расказвае. Ходзіць штодня, з раніцы і вечарам. Робіць, хваліўся, дваццаць тысяч крокаў. Мацуе здароўе. Надта абураўся паводзінамі нейкіх турыстаў, якіх ён сустрэў каля Ждановіч. Здаравенныя хлопцы глуміліся з прыроды, псавалі лес.

— Выйшлі з аўтобуса, ссеклі, разумееш, чатыры маладзенькія сасонкі касцёр паліць. Я пачаў іх сарамаціць — дзе там! Доўга давялося ім тлумачыць...

Нехта іншы, напэўна, абышоў бы бокам, не стаў бы звязвацца з гэтымі «турыстамі», а вось Пётр Усцінавіч палічыў сваім абавязкам умяшацца, каб заступіцца за безабаронную прыроду.

27 лютага. З раніцы і амаль увесь дзень ярка свяціла сонца. Гэта так нечакана пасля зімовага сутоння, калі слепіць вочы снег і ўсё нібы прачынаецца да новага жыцця. Прыляцелі ці неўзабаве маюць прыляцець гракі. Пад вечар снег стаў блакітным. Люты — гэта ўжо амаль прадвесне. Уяўляю, як недзе ў Бярэзіне тужліва завыў воўк.