Мне здаецца, што і ў нас кніг пакуль што з’яўляецца болей, чым яркіх творчых індывідуальнасцей. Шмат стандартнага, «сярэднеарыфметычнага». Неабходнасць пашырэння сваіх сацыяльна-грамадскіх, філасофскіх даляглядаў — такая праблема, думаецца, стаіць перад кожным паэтам.
10 сакавіка. Ужо ўсё падсохла. Дворнікі (у асноўным «дворніцы») падмятаюць, падбіраюць смецце. Асабліва прыгожа раніцай — неба чыстае і паветра таксама чыстае, яшчэ не загазаванае. Ранішняе сонца — чырвонага колеру.
11 сакавіка. Пазваніў з Брэста Калеснік. У яго канфлікт з рэктарам. Скардзіцца, што немагчыма працаваць і што мае намер ехаць у Мінск. Уладзімір Андрэевіч (бацьку па-мясцоваму, у Сіняўскай Слабадзе, адкуль Калеснік родам, звалі Андрыянам) — чалавек буяны і непакорны, як ён калісьці мне пра сябе гаварыў. Ды я і сам бачыў яго «выбуховасць», пярэчыць яму цяжка, загараецца як запалка.
Што датычыць пераезду ў Мінск, дык гэта справа зусім рэальная. Калесніка вельмі цэняць як крытыка. Толькі як паставіцца да пераезду Зося Міхайлаўна, жонка?
12 сакавіка. Сапраўдная вясна! Звіняць на вясеннім ветры дрэвы. Вецер упэўнена разганяе хмары, часцей паказваецца сонца, узнімаючыся ўсё вышэй. На дрэвах з’явіліся пупышкі.
15 сакавіка.Чарговы пленум СП Беларусі па надзённых праблемах сучаснай беларускай паэзіі. З дакладам «Сучаснасць і паэзія» выступіў А. Грачанікаў. Прысутнічаў з Масквы вядомы паэт Уладзімір Сакалоў. Ён пачынальнік так званай «ціхай» паэзіі, больш удумлівай і засяроджанай, якая прыйшла на змену гучнай эстраднай хвалі 60-х гадоў. Я помню яго радкі:
Хотел бы я долгие годы
На родине милой прожить,
Любить ее светлые воды
И темные воды любить.
«Ціхую» паэзію, у адрозненне ад «эстраднай», немагчыма пераказаць прозай. Выступаючы, У. Сакалоў прыгадаў словы А. Блока: «Чым мацней лірычны паэт, тым паўней лёс яго адлюстроўваецца ў вершах».
Сярод нашых паэтаў адэптам «ціхай» паэзіі з’яўляецца А. Грачанікаў.
19 сакавіка. Прыехаў Калеснік. У чорным паліто і шапцы-кучомцы. Выгляд — прыгнечаны. Уладкаваў яго ў гасцініцу ЦК (над сталоўкай на рагу Кірава і Энгельса). Мае намер папрацаваць у архіве гістпарта і ў «Ленінцы».
Не склаліся адносіны з рэктарам, перажывае. Хто б іншы на яго месцы напісаў бы на рэктара скаргу — у ЦК ці яшчэ куды-небудзь. Уладзімір Андрэевіч — трэба і тут аддаць яму належнае — на такое не здольны.
20 сакавіка,аўторак. У «Звяздзе» — мая рэцэнзія на зборнік вершаў П. Панчанкі «Снежань». Прызнацца, калі браўся за гэты сціплы водзыў (пазваніў Алесь Траяноўскі), дык хацеў паказаць, намякнуць Пімену Емяльянавічу, што «наверсе» да яго добра ставяцца. Нешта апошнім часам ён пахмурнеў і замаркоціўся, як бы на кагосьці ўзлаваўся. Кажуць, ён мала зарабляе (у параўнанні з нашымі «таўстасумамі»), а паэт неблагі. Як крытык скажу, што гэта адзін з самых шчырых, самых «псіхалагічных» сучасных паэтаў, адкрыты і імпульсіўны. Я спрабаваў з ім гаварыць. Пра сябе маўчыць. Па характары ён публіцыст, яго паэзія часцей за ўсё дыялог з тым, што знаходзіцца за яе межамі.
— Прыроды шкада, знявечылі мы прыроду! — быццам спяшаючыся, узахлёб, сіплым голасам кажа ён.
Можа Пімен Емяльянавіч не ведае, дык я сказаў яму, што ў Еўропе існуе Рымскі клуб — міжнародная грамадская арганізацыя, створаная ў 1968 годзе з мэтай зразумець вынікі навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Яна якраз арыентаваная на рэвалюцыю «чалавечых якасцей», каб менш было ў чалавека прагнасці. У Панчанкі ёсць апанент, носьбіт «сваёй праўды», з якім паэт вядзе своеасаблівы дыялог. Гэты апанент, здаецца мне, ён сам, учарашні.
Наколькі я ведаю, спее прапанова (асабліва падтрымлівае яе М. Танк) аб прысваенні Панчанку звання «Народны паэт БССР».
21 сакавіка. Купіў тэлевізар («Горизонт», у растэрміноўку). Тэлебачанне ў нас пакуль што слабое, але хочацца верыць у яго будучыню. З цягам часу яно павінна дапамагчы большай дэмакратызацыі нашага грамадства, знікненню шматлікіх ценявых сфер, умацаванню інфармаванасці, празрыстасці і галоснасці, калі прадстануць на ўсеагульны разгляд і асуджэнне ўсе магчымыя эканамічныя, крымінальныя і маральныя недахопы і злачынствы.
23 сакавіка. П. Панчанка падарыў свой трохтомнік з цёплым надпісам. Дзякуй.
26 сакавіка. Быў на закрытым праглядзе новага фільма (хутка выйдзе на шырокі экран) «Земля, до востребования...» — пра савецкага разведчыка з 30-х гадоў Льва Яфімавіча Маневіча. Родам ён з Беларусі. Адзін з буйных савецкіх разведчыкаў і, як усе яны, з трагічным лёсам: свае — сваіх...