Выбрать главу

27 сакавіка. Вецер, холад. Неба стальнога колеру. Потым паваліў снег і завіравала завіруха. Па Свіслачы марудна плыве бруднаваты гарадскі лёд, не то хворы, не то проста стомлены. Ляніва труцца адна аб другую шэрыя крыгі.

28 сакавіка. Праводзіў на брэсцкі цягнік У. Калесніка. Перад гэтым ён сустракаўся з дачкой. Настрой яго, бачу, ураўнаважыўся. Яму не казаў, бо можа пакрыўдзіцца, але паспрабую паўздзейнічаць на пана рэктара.

3 красавіка. Мудрасць (у духу Эклезіяста): «Не называй нікога шчаслівым, пакуль ён жыве» прачытаў у кнізе-зборніку «Мудрые мысли», які падрыхтаваў Іван Шпадарук (пакуль што ў рукапісе). Адкуль узяў — не памятае.

Пэўна, з Бібліі. Біблейскія думкі, часам крыху перайначаныя, качуюць з кнігі ў кнігу.

У Эклезіяста ёсць яшчэ такая нечаканая думка: «Не будзь залішне мудрым і залішне справядлівым, каб не загінуць».

Эклезіяст — геніяльны дыялектык.

9 красавіка. Учора памёр Язэп Лявонавіч Дыла. На 93-м годзе жыцця, у Саратаве, дзе жыў з 1931 года. Лёс беларускай інтэлігенцыі, прынамсі, многіх. Быў членам Беларускага савецкага ўрада — наркомам працы (студзень — люты 1919 г.), членам ЦВК БССР. Вядомы пісьменнік. Калісьці да яго ў Саратаў ездзіў Адам Мальдзіс.

14 красавіка. Былі ў Плешчаніцах (Гоцман даў машыну). Вярнулася зіма. Ішоў снег, і нейкі не красавіцкі, а быццам снежаньскі ці студзеньскі. Цешча Вера Васільеўна купіла пару парасят, будзе гадаваць ажно да зімы.

«Ешчы кабанчык!» — хваліць аднаго з іх, віславухага. Цесць кожнай раніцы, яшчэ цёмна, ідзе на работу ў Чысцік, на торфапрадпрыемства. Выбіраюць з плошчаў торф і адпраўляюць на Лукомльскую электрастанцыю. «Канчаюцца запасы торфу», — кажа ён.

Вера Васільеўна частавала рознымі прысмакамі. З бочкі, з самага дна, дастала вялізны качан капусты, парэзала на кавалкі, пасыпала перцам і падала на стол. Смаката! — як кажа ў такіх выпадках Янка Скрыган.

17 красавіка. Нарада ў сакратара ЦК па ідэалогіі А. Т. Кузьміна. Ён закурыў (шмат курыць) і даў агульную ацэнку становішчу ў ідэалагічным жыцці ў рэспубліцы, у прыватнасці ў літаратуры ды мастацтве:

— Астаёцца пасажалець, таварышы, што з літаратурнага абіходу выпадаюць, па сутнасці, паняцці партыйнасць, сацыялістычны рэалізм, народнасць, а замест іх гавораць: «чэсны пісацель». У мяне гэта выклікае па меншай меры недаўменне. Прашу, таварышы, звярнуць на гэта ўвагу. І яшчэ, таварышы. Нужон герой для падражанія. Такавых герояў, на жаль, няма. Не ў жызні, канешна, — у жызні іх многа, а ў кнігах, у мастацтве. Можа, адсюль і нашы беды.

Мы слухалі, не перабівалі. Уражанне, аднак, было такое, што Аляксандр Трыфанавіч гаварыў гэта, думаючы пра нешта іншае, быццам ужо лічыў шчупакоў, якіх зловіць заўтра на рыбалцы. Як і Пётр Міронавіч, шмат курыць.

20 красавіка. Не стала яшчэ аднаго добрага чалавека — памёр Георгій Іванавіч Жыхараў, прафесар кансерваторыі, вялікі патрыёт балалайкі. Лёнеў настаўнік. Брат яго паважаў, удзячны яму за школу. У Жыхарава вучыўся яшчэ адзін Леанід — Зубараў, але, здаецца, не вытрымаў яго праграмы.

21 красавіка. Камуністычны суботнік. Умацоўвалі берагі водаканала Вілія — Свіслач. Вада па гэтым канале паступае ў ёмістае вадасховішча («Мінскае мора»). У траве пракінуліся пралескі, там-сям і фіялкі. Лопаюцца пупышкі ў бяроз. Гамоняць птушкі. Лагодна прыгравае сонейка. Некаторыя людзі тачкамі возяць зямлю. Я нашу пласты дзёрну і ўкладваю, шэф папраўляе і ўтоптвае. Невядома чаму зноў успомнілася казахстанская цаліна, дзе пабываў з сябрамі ў студэнцкую пару. На сенакосе, у пойме Ішыма, мы, студэнты, складвалі стагі. Пасля дажджу тыя стагі нібы крыху папрыгіналіся, сталі меншымі.

— Вы плоха таптал! — крытыкаваў нас казах-учотчык.

— А калі было таптаць? — апраўдваўся Коля Купрэеў. — Вы ж казалі: «Давай норму!»

Працавалі да трох гадзін, без абеду. На «цаліне» абед быў.

23 красавіка. Дзёран укладваць лягчэй, чым бетон. Учора адпачываў, ачухваўся пасля суботніка, а сёння на працу, да «станка».

Зямля падсохла. Набухаюць пупышкі на каштанах. Чуў, ідучы на службу, як шчабечуць птушкі, нібы кагосьці вітаюць.

24 красавіка. У памяшканні філармоніі прайшоў аўтарскі вечар А. Куляшова. Прыехалі М. Луконін, Я. Хелемскі, М. Нагнібеда, Д. Кугульцінаў, К. Куліеў. Адкрываў вечар П. Панчанка. Ён назваў паэзію Куляшова «духоўнай энцыклапедыяй яго пакалення». Ацэнка высокая і ў многім справядлівая, але я хацеў бы адзначыць іншае. У творчасці Куляшова спалучаліся рэальнасць з фантастыкай. Я сказаў бы — навуковай фантастыкай. У гэтыя — фантастычныя — абставіны паэт смела ставіць свайго героя: мастацкае пазнанне паядноўваецца з навуковым.

Некалі А. Эйнштэйн прызнаваўся, што Дастаеўскі (які, як вядома, называў свой рэалізм «фантастычным») даў яму больш, чым вышэйшая матэматыка Гаўса. Гэты кантакт паміж геніямі адбыўся, відаць, на нейкім глыбокім «душэўна-светапоглядным» узроўні, і абумоўлены ён быў адзінствам маральных, духоўных «суперзадач», якія перад імі стаялі. Пазнанне свету, шлях сацыяльнага і маральнага працэсу, сусветная гармонія і чалавек, яго лёс, адносіны да будучыні — усё гэта надзвычай хвалявала і Дастаеўскага, і Эйнштэйна, які захапляўся складаным дэтэрмінізмам у паводзінах герояў рускага раманіста (вядомае «раптам»!). Свет Эйнштэйна меў патрэбу ў новым, больш глыбокім узаемапранікненні аб’ектыўнага і суб’ектыўнага, у новым — чалавечым! — вымярэнні сувязей паміж з’явамі, якія адкрывала навука. Ідэі Дастаеўскага і Эйнштэйна, глыбокія іх думкі ўплываюць на характар сучаснага мыслення — у тым ліку на характар мастацкага мыслення. Іх адбітак знаходзім і ў «Новай кнізе» Куляшова, які — сын свайго веку — на дзіва глыбока адчувае адзінства свету і гістарызм яго развіцця, усеагульную сувязь з’яў. Гэта надае мужнасці і аптымізму: