Выбрать главу

10 мая. На Бюро ЦК прынята пастанова аб прысваенні П. Панчанку ганаровага звання «Народны паэт БССР». Павіншаваў, не чакаючы пакуль пастанова будзе апублікавана як Указ Вярхоўнага Савета БССР. Панчанка рады, адчуў палёгку. З такім званнем і з часопісам размаўляць прасцей, і з выдавецтвам.

11 мая. Суш. Што будзе з ураджаем? Суш і холад.

Ладзім экскурсію пісьменнікаў, мастакоў і кампазітараў па навуковадаследчых інстытутах Акадэміі навук. Спыніліся на фізіках, тут дасягненні найбольшыя, фізікі працуюць на «абаронку».

12 мая.Пачуў на Камароўцы прымаўку: «Ну, гэты і з-пад сучкі яйкі дастане». Народ — мастак. Скажа, як звяжа.

Сустрэў С. Грахоўскага, ён недзе блізка тут жыве. Павіталіся, папыталі пра справы. Грахоўскі ў крыўдзе на мяне, што не ўдзяляю належнай увагі яго творчасці.

— Вы пра Танка пішаце, а я радавы, шараговец...

Крытык, на мой погляд, павінен пісаць пра тое, да чаго ён нераўнадушны. Але гэтага Грахоўскаму я не сказаў.

17 мая. Адзначаны юбілей Анры Барбюса — 100-годдзе з дня нараджэння. Даклад зрабіў прафесар па замежнай літаратуры Б. Міцкевіч, вельмі ціхі, сціплы чалавек. Кажуць, што Барбюс у свой час напісаў кнігу пра Сталіна і што там гаварылася, быццам Іосіф Вісарыёнавіч атрымліваў (20 — 30-я гады) сярэднюю зарплату савецкага рабочага.

Пайшоў дождж, а цяпла няма.

18 мая. У «ЛіМе» прачытаў артыкул С. Шушкевіча пад назвай «Пра рыфмы». Аўтар разважае на гэтую тэму чамусьці толькі на матэрыяле вершаў С. Грахоўскага. У паэта паўтараюцца, і даволі часта, рыфмы: свет-след;

чалавек-век; дарогі-трывогі... Вядома, гэта кідае цень на якасць вершаў. Але ўражанне такое, быццам Шушкевіч за нешта помсціцца.

Сачанка расказваў, як Я. Скрыган інспектаваў бухгалтэрыю, якой загадваў С. Шушкевіч. Было гэта ў нейкім сібірскім саўгасе. Адзін і другі знаходзіліся на чужыне, у высылцы, і гэта павінна было збліжаць, але яны замест гэтага пасварыліся.

Ёсць у гэтай гісторыі нешта беларускае.

25 мая. У «ЛіМе» Указ аб прысваенні П. Панчанку звання «Народны паэт БССР» і падборка ягоных вершаў сатырычнага кшталту — пра «хапуг». Не зусім уяўляю, што азначае гэтае слова — «хапуга». Зрэшты, у народзе кажуць: «Нахапаўся!» Пры нашым жыцці надта не нахапаешся, на ўсё — ліміт.

29 мая. З жалем даведаўся, што памёр Іосіф Камінскі — адзіны жыхар вёскі Хатынь, якому пашчасціла застацца ў жывых пасля той вядомай трагедыі. Працаваў у музеі Вялікай Айчыннай вайны.

5 чэрвеня.Уся першая палавіна дня прайшла ў Інстытуце фізікі АН БССР. Вучоныя (М. А. Барысевіч, Р. Б. Жбанкоў і інш.) расказвалі пра свае дасягненні. Госці вучоных — мастацкая інтэлігенцыя рэспублікі: пісьменнікі, музыканты, мастакі.

М. А. Барысевіч, прэзідэнт Акадэміі навук, трымаючы ў руках доўгую шкляную трубку, паказваў, як па лазерным промні можа наводзіцца на цэль ракета. З высокай дакладнасцю!

Як гэта ўсё ацаніць? Успамінаецца мудрэц Мантэнь: «Тому, кто не постиг науки добра, всякая наука приносит лишь вред».

Не лічу, аднак, што думка Мантэня мае непасрэдныя адносіны да супрацоўнікаў Інстытута фізікі.

7 чэрвеня. Надта зменлівае надвор’е — то сонца, то дождж. Рыхтуем семінар творчых саюзаў у Докшыцкім раёне. Там рэкордныя паказчыкі па ўраджайнасці зерневых, у асноўным жыта. Першы сакратар райкама партыі ў Докшыцах — У. Ф. Крышталевіч. Надта хваліць яе Пётр Міронавіч: «Сумела добиться!»

11 чэрвеня. З’явілася паэма «Сказ пра Лысую гару». Аўтар — нейкі Вядзьмак Лысагорскі, але гэта хутчэй за ўсё псеўданім. Сакратар Саюза пісьменнікаў Ткачоў Мікола Гаўрылавіч перадаў Савіцкаму, той — Марцэлеву, Марцэлеў — Кузьміну, Кузьмін — Машэраву. Усе чакаюць: што будзе?

12 чэрвеня. Прачытаў «Сказ пра Лысую гару». Ніякай крамолы не знайшоў, апроч дасціпна-сатырычных партрэтаў некаторых літаратараў — А. Ставера, М. Хведаровіча, А. Астрэйкі, Б. Сачанкі, С. Александровіча, К. Кірэенкі і іншых «лысагорцаў», што пабудавалі на Лысай гары дачы. Зрэшты, якія там дачы. Катухі з фанеры!

14 чэрвеня. Прачыталі «Лысую гару» і на кіраўнічым «версе». Рагаталі. Твор спадабаўся сваім досціпам, бясспрэчнай таленавітасцю. Спадабалася, відаць, і яго антыпісьменніцкая скіраванасць, бо што непакоіць аўтара «Сказа...»? Што ён хоча сказаць? Яму здаецца, што «лысагорцы» больш увагі ўдзяляюць уласным агародам, чым творчай, пісьменніцкай справе.

О, калі б так пераціралі

Любы радок і кожны сказ,