Якія б дулі вырасталі
На творчым зябліве ў нас!
А то прывыклі, марнатраўцы,
Паперу крэмзаць, абы з рук,
Не ганарару б ім, а трасцы
За той «цяп-ляп», што пруць у друк.
Святая прастата! — хочацца ўсклікнуць. У тым, хіба, справа, што пісьменнікі займелі сякія-такія дамкі (з дошак, бо з бярвенняў не дазвалялася) і агароды? Справа хутчэй у тым, што рэгламентуецца сам творчы працэс...
А радок свой яны «пераціраюць»!
Хто ж аўтар?
15 чэрвеня. Семінар творчай інтэлігенцыі ў Докшыцкім раёне. У мінулым гэта быў адзін з самых бедных раёнаў рэспублікі. Зямля — няўдобіца, камяні. Колькі іх ні збіралі, зямля выціскала з сябе столькі ж. Здавалася, што камяні растуць, плодзяцца. Цяпер змаганне з імі павялі шырокім фронтам, і, здаецца, камяні адступілі.
Ад’язджалі аўтобусамі (вялізныя «ікарусы») ад будынка ЦК. Сабраліся члены праўленняў трох саюзаў. Старэйшыя — М. Лынькоў, П. Броўка, М. Танк, Р. Шырма, З. Азгур... Вясёлая гамана. Тыя, хто чытаў «Сказ пра Лысую гару», пад уражаннем прачытанага. Падышоў Пётр Міронавіч, пасвойску з усімі павітаўся. Гамонка перайшла на паэму. Ніхто не ведае, хто яе напісаў. А. Вялюгін, які з’явіўся разам з зяцем Алесем Шлегам, адразу пачаў апраўдвацца:
— Гэта не я, Пётр Міронавіч, не я.
— Ну и зря! — адказаў той.
Усе прымоўклі. Адчулі, што «Сказ...» Машэраву спадабаўся. Рушылі ў дарогу цяжкія «ікарусы», у якіх размясціліся інтэлігенцыя, а таксама кіраўніцтва Мінскага раёна, па тэрыторыі якога маем ехаць. У аўтобус сеў і сакратар ЦК А. Т. Кузьмін. Паперадзе — машына ДАІ. Першы сакратар Мінскага райкама пачаў праз мікрафон-узмацняльнік (узмацняльнік, ці мацюгальнік, як яшчэ называюць гэтае прыстасаванне) дакладваць аб сваіх дасягненнях. Папрацавалі добра. На мяжы Мінскага і Лагойскага раёнаў з хлебам-соллю сустракала кіраўніцтва Лагойшчыны. Мінскія саступілі ім месца. Лагойскія пачалі аповед пра свае дасягненні.
Далей лагойскае начальства змянілася бягомльскім. Хлеб-соль прымалі М. Танк і Р. Шырма. Зноў пачаліся справаздачы. Лічбы, паказчыкі, часам сухавата, але мінчане слухаюць. Значыць, цікава. Едзем. Каля дарогі, у палатках з цэлафанавай плёнкі стаяць накрытыя сталы з пачастункам, але спыняцца няма калі. Уперад!
Нарэшце, на межах сваіх уладанняў, сустрэла сама Ульяна Феакцістаўна. Стройная, бялявая. Як быццам і радая гасцям, але ў вачах сум, заклапочанасць. «На круг» намалацілі шмат. Бункерная вага ўражвае — недзе пад 35 цэнтнераў. (Усё адно, як, жартам сказаць, бочку вады ў бункер той вылілі). Усе дзівяцца, што людзі ўмеюць гэтак працаваць. Ульяна Крышталевіч з былой парабчанкі, пастушкі вырасла ва ўмовах Савецкай улады ў палітычнага і грамадскага дзеяча, стала дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, Героем Сацыялістычнай Працы.
У Докшыцах, у рэстаране, Ульяна Феакцістаўна пачаставала смачным абедам. Пасля абеду паехалі па гаспадарках. Настрой у калгаснікаў добры, не гаруюць. А калісьці, адразу пасля вайны, — расказвала Ульяна Феакцістаўна, — ім прапаноўвалі перасяліцца ў іншае, лепшае месца. На выбар: у Казахстан, Сібір ці яшчэ куды. Накіравалі былі пасланцоў у Казахстан. Тыя паглядзелі, паазіраліся: «Зямля добрая, без камянёў, але лесу нямашака». А на радзіме цешыць вока лес. Вярнуліся, расказалі пра ўбачанае землякам. Не паехалі, не пакінулі роднай, хай і камяністай, зямелькі. Засталіся і, выходзіць, правільна зрабілі, дачакаліся лепшага.
М. Калачынскі і іншыя занатоўваюць пачутае ў блакноты. Мне гэта падабаецца. Значыць, сур’ёзна ставяцца.
З’явіўся на верталёце Пётр Міронавіч. Правялі мітынг. Першы сакратар ЦК — неблагі аграном, у пытаннях сельскай гаспадаркі разбіраецца. Яго прамова спадабалася, здаецца, усім.
Павячэралі за агульным сталом. Было сухое віно і тосты. Вечарам акружылі з усіх бакоў Пятра Міронавіча, які расказваў, што зроблена, ставіў новыя задачы. Усіх здзівіла, што каля яго радыёстанцыя.
— Для сувязі з Палітбюро, — патлумачыў ён.
Назаўтра, ранічкаю, развітаўшыся з Докшыцамі, з мілай Ульянай Феакцістаўнай, накіраваліся ў Мядзельскі раён. Праязджаючы чыгуначны пераезд каля Глыбокага, Максім Танк (я сядзеў блізка ад яго) распавёў, як тут, у гэтым якраз месцы, у 1936-м яго арыштавала дэфензіва. Сустрэлі двое мацакоў у чорных капелюшах і загадалі ісці з імі. Прыгналі ў Глыбокае, у пастарунак. Глыбоцкая дэфензіва вызначалася асаблівай лютасцю. Мала хто выходзіў адсюль.
— Мог бы і я скончыць тут жыццёвую сцяжыну, — пасміхнуўся паэт, — але, на шчасце, запатрабавала мяне Вільня, перадалі туды.
Гасцявалі ў Мядзельскім раёне. Былі ў розных гаспадарках. Гаспадарчыя вынікі тут слабейшыя, чым у суседзяў. За абедам (з сухім віном) Машэраў доўга і нудна распякаў за гэта старшыню Мядзельскага райвыканкама.