Фатаграфаваліся, разам з Пятром Міронавічам, на ступеньках каля Нарачанскага мемарыяла.
Дадому, у Мінск, вярнуліся познім вечарам. Ёсць, вядома, стомленасць, але адчуванне такое, што паспрыялі пісьменнікам у іх нялёгкай працы, паказалі сучаснасць, паднялі настрой, пераканалі ў запатрабаванасці.
22 чэрвеня. Першым на вынікі Докшыцкага семінара адгукнуўся М. Калачынскі. Спёк свой каравай. У «ЛіМе» нізка яго вершаў, якая так і называецца — «Докшыцкі каравай». Паставіўся да справы быццам і сур’ёзна, аднак вершы слабаватыя.
Паехаў у Докшыцы і В. Мыслівец. Відаць, прывязе нарыс. В. Якавенка ўжо, кажуць, там.
26 чэрвеня. У СП наведаў Таццяну Кузьмінічну, зайшоў да М. Танка. У яго кабінеце рэдка застанеш гаспадара, але на гэты раз ён быў. Збіраецца на Нарач. Лета. Спраў менш. Разгаварыліся пра лысагорскую паэму.
— Некаторыя, — пачаў разважаць Яўген Іванавіч, — ківаюць на мяне, быццам бы аўтар я. Не, не я.
Я сказаў, што такога пытання, каб адшукаць, хто аўтар, няма. Хай гэтым займуцца тэкстолагі. Хай сваё слова скажуць навукоўцы.
— Наўрад ці скажуць, — запярэчыў паэт. — Тут, ведаеце, невядома на каго і падумаць. Справа ў тым, што паэт можа напісаць нечаканую рэч. Напісаў жа Блок паэму «Дванаццаць», якую ніхто ад яго не чакаў. Вы ж ведаеце, што пасля гэтага пачалося, якія нападкі былі на яго.
— Нападкі знішчальныя. Як толькі ён іх вытрымаў...
— Вытрымаў, але ж хутка і памёр.
Яўген Іванавіч, напэўна, ведае пра ўсё з белаэмігранцкай прэсы 30-х гадоў. Ён шмат ведае...
28 чэрвеня. Звычайны дзень. У Алтаі закончыўся Фестываль беларускай літаратуры і мастацтва.
У Кіеве працягваецца Выстаўка беларускай кнігі.
Жыццё на месцы не стаіць.
30 чэрвеня. У Ароў-парку (ЗША) адбылося адкрыццё помніка Янку Купалу. Удзельнічала дэлегацыя з Мінска: Андрэй Макаёнак і Анатоль Анікейчык — скульптар, аўтар помніка паэту ў Мінску і адзін з аўтараў помніка Я. Купалу ў Ароў-парку.
Да Купалы ў Ароў-парку ўжо стаялі асілкі паэзіі Уолт Уітмен і Тарас Шаўчэнка. Тарас Шаўчэнка, кажуць, стаіць ва ўсіх краінах.
1 — 2 ліпеня. Нядзеля. Вярнуўся з Брэста. Быў у мамы, трэба час ад часу праведваць. Прыехаў (дызель) на раніцу. Ужо з раніцы было шмат сонца. Мама сустрэла як заўсёды пяшчотна. Адразу сказала, між іншым, што хоча купіць машыну «Жыгулі». Яна носіць на базар цыбулю, часнок, укроп, пятрушку і трохі грошай сабрала.
«А хто ж на ёй будзе ездзіць?» — спытаў я. Ева, мая сястра, жыве з мужам у Іжэўску ў яго родных.
«Хай стаіць, каля хаты, каб людзі бачылі, што ў нас ёсць машына», — быў адказ.
«Ну, што ж, — падумаў я, — можна разважаць і так. «Кожны чалавек жадае самасцвердзіцца. Гэта якраз той выпадак, і не трэба перашкаджаць».
Пад абед стала зусім горача. Сядзелі ў альтанцы, гаманілі пра ўсё. Успаміналі пра Кругель. Жонка дзеда Лявона, Марыя Ільінічна, вельмі руплівая і працавітая. І па сваёй гаспадарцы паспявае, і ў калгасе.
У Мінск вярнуўся позна ноччу.
4 ліпеня. Чуў па радыё, што ў Хельсінкі пачала работу нарада па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (СБСЕ).
Па «Свабодзе» перадавалі, што ў СССР квітнее падхалімаж падначаленых перад начальствам. Што праўда, то праўда. У начальства столькі падліз…
5 ліпеня. Бушавала навальніца. Раззлавалася так, што, здавалася, не будзе ёй і канца. Пазалівала падземныя пераходы. Аднавілася старажытная Няміга, паплыла вуліцай. У Мінску ў гэты час такое здараецца. Звычайная для сталіцы з’ява. Паўночнае паветра сутыкаецца з паўднёвым — і гэта якраз над Мінскам.
7 ліпеня. Свята паэзіі на радзіме Янкі Купалы — у Вязынцы. Выступаюць паэты. Няма канца вершам. «Вершы ў вялікай колькасці — рэч невыносная», — гэта я неаднаразова чуў ад А. Вялюгіна. Мусіць, і сапраўды гэтак.
Сустрэў на свяце шаноўнага Л. А. Царанкова, які калісьці чытаў антычную літаратуру ў Брэсцкім педінстытуце. Стары мінчанін, ён расказаў пра выпадак, які здарыўся з яго сынам Жэнем. Гадавалае дзіця, ён толькі яшчэ вучыўся трымацца на нагах, выпаўз на вулічны брук, па якім ішоў няспынны рух рознага транспарту. Здарылася гэта якраз насупраць дома, у якім жыў паэт. Янка Купала ў той час вяртаўся з лазні, што знаходзілася ў Траецкім прадмесці. Трымаў пад рукой ражку і скрутак з бялізнай. Ажно бачыць — па бруку соўгаецца малое, а зверху, ад Савецкай вуліцы, спускаецца запрэжаны параю коней ламавік, і, мяркуючы па ўсім, фурман малога не заўважае. Восьвось адбудзецца трагедыя. Купала, не раздумваючы, кінуў тое, што трымаў у руках, і хутчэй да малога. Выхапіў Жэню літаральна з-пад конскіх капытоў. Выратаваў.