А. Савіцкі, трэба сказаць, умее пісаць, валодае майстэрствам. Але пісаць пра жыццё чалавечага цела ў нас фактычна забаронена. Калісьці пісалі, традыцыя перарвалася.
Маякоўскі калісьці перад тым, як надрукаваць паэму «Воблака ў штанах», прачытаў яе Чукоўскаму. Там былі словы: «Мария, отдайся!»
— Не, не так! — запярэчыў Чукоўскі. — Цяпер так не кажуць — «аддайся». Цяпер кажуць проста: «Дай!»
Маякоўскі, чуйны да новага, выправіў у тэксце: «Марыя, дай!»
10 жніўня.Грубая рэцэнзія В. Нікіфаровіча ў «ЛіМе» на нядаўна выдадзены зборнік вершаў Р. Семашкевіча «Субота». Рэцэнзент яўна прыпісвае аўтару нейкую вузкасць яго паэтычнага «я», цьмянасць інтымных перажыванняў яго лірычнага героя, не заўважае працэсу творчага станаўлення Семашкевіча, які расце на вачах. Трэба пашукаць, каб хто яго абараніў. Цяжка працаваць з Жычкам.
16 жніўня. З анекдотаў. Чалавек ідзе па могліцах і бачыць, як кагосьці хаваюць: аркестр, гара вянкоў... Чалавек цікавіцца:
— Не ведаеце, ад чаго ён памёр?
Нейкая бабка адказвае:
— А ты на вянкі паглядзі, там напісана ад чаго.
— «Ад мясцкома», «Ад групы таварышаў», «Ад любячых жонкі і сына», — прачытаў той.
20 жніўня.Прайшло дваццаць гадоў з таго часу (паведаміла радыё «Свабода»), як Савецкі Саюз абвясціў аб паспяховых выпрабаваннях атамнай бомбы. У той час я збіраўся ісці ў 10-ты клас, ведаў, што такую бомбу мае Амерыка. Тагачасны ваенны псіхоз не спыняецца і сёння, страх працягваецца.
25 — 26 жніўня. Былі ў Плешчаніцах. Пеця вазіў у лес у грыбы. Таўстушак (па-мясцоваму — кабылкі) — хоць касой касі. Гэта як лясныя шампіньёны. Ружовыя такія, крамяныя, амаль як рыжыкі. Назбіралі і насмажылі. Смачна!
Прызвычаіўся да паездак у Плешчаніцы. Асвоіў дарогу. За Лагойскам яна ідзе праз лес. За Хатынню паўз дарогі, асабліва з правага боку, стаяць славутыя плешчаніцкія сосны. Меднастволыя, высокія, як мачты. Надта прыгожыя. Уладзімір Карпаў кажа, што тут пры незразумелых абставінах, ужо перад вызваленнем, загінуў Рыгор Мурашка.
31 жніўня. 80-годдзе Паўліны Мядзёлкі. Жыве недзе, здаецца, у Будславе. Заслужаны дзеяч культуры БССР. Не проста атрымаць такое званне на перыферыі. Гэта з яе Янка Купала напісаў сваю Паўлінку — гераіню аднайменнай камедыі. Кажуць, што Уладзіслава Францаўна не вельмі з ёю ладзіла...
Мала, аднак, мы ведаем пра жыццё нашых вялікіх паэтаў і пісьменнікаў. А трэба было б.
1 верасня. Людзі пераказваюць масу анекдотаў пра Чапаева і яго ардынарца Пецьку. Бедны Васіль Іванавіч! Але чаму анекдоты менавіта пра яго? І з такой інтэнсіўнасцю выдумваюцца? Магчыма, таму, што і сам Чапаеў у многім выдуманы... Раман «Чапаеў» — сумеснае сачыненне Фурманава і Лепяшынскага.
2 верасня. Пачаўся новы навучальны год. Скверык — у абедзенны перапынак назіраў — запруджаны студэнтамі-філфакаўцамі. Будынак філфака — побач. Маладыя абліччы. Калісьці (дзевятнаццаць гадкоў назад) і я паступаў у БДУ, на геолага-геаграфічны. Меў медаля, але не паступіў. «Не судьба». Працаваў у геалагічнай партыі і зразумеў, як гэта цяжка.
4 верасня.Зацверджаны загадчыкам сектара мастацкай літаратуры. Трэба шукаць чалавека на сваё месца.
Дарэчы, разам са мною на Бюро ЦК зацвярджалі новага рэктара Брэсцкага педінстытута імя А. С. Пушкіна. Гэта — Андраюк Георгій Пятровіч, мой зямляк, з суседняй вёскі Выгнанка. Калісьці разам пасвілі кароў. Сказаў яму, каб не крыўдзіў Калесніка, якога ведае ўся Беларусь.
— Я яго паважаю! — пасміхнуўся Георгій Пятровіч, Жора, як мы яго звалі.
8 -9 верасня. Ездзіў у Брэст, наведаў маму. Пачуў, відаць, са сваёй палавіны мой голас, з’явіўся і бацька. Пагаманілі мірна, выпілі чарку. Я чамусьці ўспомніў сваё вяртанне з арміі. Гэта было недзе ў снежні 1961 года. Бацькі жылі тады адносна дружна, узрадаваліся, адзначылі маё вяртанне. Назаўтра пайшлі разам з бацькам у горад папіць піва. Дайшлі да Вялікага базару (гэта каля Мухаўца). Пастаялі ля аднаго ларка, ля другога (брэсцкае піва смачнае) і гэтак дайшлі да турмы, якая была адчыненая. Колькасць турмаў у той «хрушчоўскі» час скарачалася. Брэсцкая пуставала ўжо. І вароты, і дзверы былі адчыненыя, і ніхто, здаецца, яе не вартаваў. Пабудаваная яна была яшчэ да польскіх часоў. Мы прайшлі па калідорах, зазірнулі ў камеры, агледзелі сцены з нейкімі знакамі, імёнамі. Але пра свае ўспаміны я казаць не стаў.
Пад вечар наведаў Калесніка. Уладзімір Андрэевіч расказаў пра сваіх выхаванцаў — маладых паэтаў, расказваў таксама пра пасяджэнне літаратурнага аб’яднання пры абласной газеце «Зара». Нейкі стары прынёс тоўстую папку ўспамінаў, пачынаючы яшчэ з той сусветнай вайны. Але чамусьці прапушчаны падзеі сямнаццатага года. Рэцэнзент (адзін з брэсцкіх літаратараў) указаў яму на гэта: «Як магло так здарыцца?» Стары шчыра прызнаўся: «Ведаеце, — кажа, — што, я надта захоплены быў сваёй Люсяй. Не заўважыў, як праімчаўся год і ўсе падзеі. Нічога вакол сябе не бачыў».