Выбрать главу

13 кастрычніка. Быў на пахаванні. Хавалі былога работніка ЦК, пенсіянера. Адчувалася, што нябожчыка абышлі пашанай. Труну выносілі з партшколы. Ззаду хтосьці, відаць, нейкі кадравік, уздыхнуў, пацмокаў языком, прамовіў:

— Эх, анкетка была б чысценькая, каб не тая дворнічыха!

Быў такі эпізод у жыцці памерлага, што ён, пажылы ўжо чалавек, закахаўся ў маладую, гожую дворнічыху, якая падмятала тэрыторыю каля пад’езда, дзе жыў гэты чалавек. Была разведзеная (ды яшчэ і з дзецьмі), і жвавы мужчына паклаў на яе вока. Стварылі персанальную справу, закацілі страгача.

Пра гэта, мабыць, і згадаў кадравік.

14 — 15 кастрычніка. Наведаў з сям’ёй Плешчаніцы. Нездарма любяць восень. Яе ёсць за што любіць. Паветра чыстае і свежае. Апрануліся ў залатое адзенне лясы. Абсыпалася жаўталісцем трава. Зелянеюць толькі вастраверхія ёлкі. Цішыня. Але накрапвае дождж, халаднаваты, абложны.

21 кастрычніка. Пачытаў сёлетні зборнік Сцяпана Гаўрусёва «Пераклічка» — вершы і паэма.

Зноў зазірнула і ў маё акно

Дажджоў асенніх шэрае сукно.

Яму аддалі маладосць браты,

Ім саграваліся і я, і ты...

Гаўрусёў сябруе з Пысіным. Гэта відаць нават па вершах.

24 кастрычніка. Тыдзень маладзёжнай кнігі, сустрэчы з чытачамі. У Цэнтральным кніжным магазіне ў Мінску чытачы мелі спатканні з В. Віткам, М. Калачынскім, Х. Мальцінскім. Перад студэнтамі медінстытута выступілі

А. Грачанікаў і Р. Бярозкін. Шчыры чалавек — Анатоль Грачанікаў. Паляшук. Дзіця вайны. Бярозкіну падабаецца яго паэзія. А. Грачанікаў і «ціхі», і «звонкі» адначасова. Помніцца яго верш пра «асеннія асіннікі»:

Ёсць у іх журба неверагодная,

Саладжавы і гаркавы пах,

Ад якога — усё такое роднае,

Што аж слёзы, слёзы на вачах.

Лірык, свет прапускае праз сябе.

27 кастрычніка. Ездзіў у Атоліна. Згроб з градаў апалае лісце і закапаў пад кусты смародзіны, узрыхліў глебу. Якая цёплая восень. Туман. Крыху дождж. Але таксама цёплы. Цуд!

Тамара хоча заняцца ў Атоліна кветкамі.

31 кастрычніка. Сустрэў Адамовіча (спяшаўся па нейкай прычыне ў СП): «Ну, як ты там кіруеш?» — «Дык вам збоку відней». — «Вяртайся ў інстытут, там будзеш больш незалежны...» Адамовіч усё разумее, усё бачыць, жыццё навучыла многаму.

2 лістапада. Еду ў ГДР на дзесяць дзён для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі пісьменнікаў і крытыкаў «Вобраз сучаснага рабочага ў літаратурах сацыялістычнага рэалізму». Не так самому хочацца сказаць, колькі паслухаць іншых.

Атрымаў характарыстыку па месцы працы. Падпісаў сакратар ЦК Кузьмін А. Т. Там сказана:

«Тов. Гниломедов В. В. является членом Союза писателей СССР, активно выступает в области литературной критики. В 1966 году защитил кандидатскую диссертацию. Автор монографии «Традиции и новаторство» — о современной белорусской литературе.

Тов. Гниломедов В. В. проявляет творчество и инициативу в работе, оказывает помощь партийным комитетам в улучшении воспитательной работы, уделяет внимание подбору и расстановке кадров, принимает активное участие в общественной работе».

Едзем удвух — у Маскве далучаецца вядомы крытык Міхаіл Сінельнікаў.

Маю ўжо чыгуначны білет да Масквы. Адтуль самалётам.

14 лістапада.Вярнуўся нарэшце з паездкі ў ГДР. Туды і назад ляцелі самалётам.

Міша Сінельнікаў — прыстойны хлопец, з ім я, здаецца, пасябраваў. Расказаў пра ўсе маскоўскія навіны, пра існаванне так званай «рускай партыі». Гэта — Міхаіл Аляксееў, Іван Стаднюк, Станіслаў Куняеў, Міхаіл Гадэнка, Уладзімір Чывіліхін, Міхаіл Шаўчэнка, Генадзій Гусеў, Уладзімір Фірсаў... Я толькі краем вуха чуў пра дыскусію «Классика и мы», а ён прысутнічаў на ёй, перадаў напал спрэчак, падрабязнасці. «Руская партыя» не давярае нават такім рускім інтэлектуалам, як С. Аверынцаў, А. Бітаў, А. Чухонцаў. Міша шмат што ведае. Добра, разважліва выступіў ён і на канферэнцыі. Жылі мы пад Берлінам, у пісьменніцкім пансіянаце «Petcov». Забяспечаны былі і перакладчыцай. У мінулым яна ленінградка, а цяпер — жонка афіцэра арміі ГДР.

Пансіянат не такі і малы — чалавек на дваццаць утрыманцаў, але гаспадараць у ім, усё робяць, услугоўваюць двое — муж і жонка, людзі сярэдняга веку, па-нямецку працавітыя, з усім спраўляюцца. Нагатаваць, памыць, прыбраць, замяніць — няма праблем. У вестыбюлі ля парога нерухома ляжыць аграмадны чорны ньюфаўнленд — сабака-вадалаз, важыць кілаграмаў семдзесят, а можа, і болей. Калі адчыняеш дзверы, дык баішся, каб не наступіць. Надзвычай рахманы, ласкавы, пры мне ні разу не забрахаў, нават не буркнуў. Добры ныральшчык, цягае з вады тапельцаў, хаця паблізу, здаецца, ніякіх вадаёмаў не відаць, і з пастаяльцамі такіх выпадкаў не здараецца. Гаспадар пра яго сказаў, што ўмее адрозніваць насельнікаў пансіяната ад чужых. Чужога можа і спыніць.