Выбрать главу

У гэтым пансіянаце сустрэлі свята 7 лістапада. Немцы нас павіншавалі, паставілі на стол віно, закускі. Мелі месца тосты, а потым шмат піва.

Канферэнцыя працягвалася некалькі дзён. Было гасцей «з усіх валасцей» — пісьменнікі краін народнай дэмакратыі. Старшынстваваў сухарлявы прафесар Гюнтэр Найман, добра абазнаны ў тэорыі чалавек.

Славацкая пісьменніца (не запісаў прозвішча) гаварыла пра гармонію тэхнічнага прагрэсу і чалавечай маральнасці. Слушна! Нам перакладала наша перакладчыца. Завязалася спрэчка пра сацыялістычны рэалізм, пра тое, што ў ім галоўнае. Балгарын сказаў, што галоўнае — гэта партыйнасць. Я з ім не пагадзіўся і выказаўся, як калісьці мяне вучыў Уладзімір Андрэевіч Калеснік, што галоўнае ў сацыялістычным рэалізме — сацыялістычны ідэал. Ад Калесніка я чуў пра гэта не адзін раз.

Я адзначыў, што галоўнае, чым павінна займацца літаратура, гэта — чалавечыя стасункі, якія грунтуюцца на маральнай аснове. Зрэшты, гэта вядомая рэч, гэтым займаецца кожны пісьменнік. А той, хто гэтым не займаецца, проста не пісьменнік. Мне заўсёды ўяўлялася смешным і недарэчным сцвярджэнне: «Пісьменнік павінен ведаць жыццё». Але ж пра кожнага, хто мае гадоў сорак, можна сказаць, што жыццё ён ведае. Для пісьменніка ж мала проста ведаць жыццё. Трэба ўмець думаць, разважаць. Трэба спрабаваць знаходзіць болевыя моманты жыцця. Болевыя кропкі. Ставіць пытанні, якія хвалююць не адну нейкую групу людзей, а пытанні агульныя, аднолькава важныя для ўсіх.

Назіральны Міша Сінельнікаў прыслаў мне запіску: «Наш председатель лицом похож на Палиевского». Паліеўскага слаба ведаю.

Затым з грунтоўным паведамленнем па галоўнай тэме «Вобраз сучаснага рабочага ў літаратуры» выступіў калега Сінельнікаў.

Было некалькі аглядных паездак у Берлін і ў Патсдам, а таксама ў горад Бельштат, дзе стаяла савецкая вайсковая часць. Трапілі на афіцэрскую выпіўку, дзе пакаштавалі шнапсу. Берлін падаўся змрачнаватым. Холад, слата, падае мокры снег.

Бачыў Берлінскую сцяну. Здаля, бо блізка не падпускаюць. Нямецкія памежнікі жартаваць не любяць. На месцы ГДР калісьці была Прусія. Рэгламент, імкненне да парадку, «ordnung» тут надта адчуваецца.

Наведалі з Сінельнікавым пару магазінаў. Купіў для Кірушы сандалікі.

Зайшлі паглядзець і ў прадуктовыя магазіны. Шмат гатункаў каўбас. Кажуць, адна савецкая турыстка, убачыўшы такі багаты выбар, страціла прытомнасць і ля прылаўка павалілася. Можа, успомніла што. Мы нічога не бралі: няма грошай ды і далёка везці. Наша перакладчыца ўзяла некалькі банак кітайскага варэння з ружаў.

На расстанне ніякіх падарункаў немцы нам не дарылі. І мы не ў крыўдзе. Бо здараецца горш. У нас быў выпадак, што камуністам з ГДР, якія знаходзіліся ў Мінску на экскурсіі, падарылі па банцы штучнай ікры. Тыя спачатку ўзрадаваліся, радасна дзякавалі, а потым расшалопалі, што штучная, і пакідалі ў Доміку І з’езда РСДРП, у кутку.

Нядобра атрымалася.

У Мінск вяртаўся праз Маскву. Начаваў у Мішы, прыемная жонка, уся кватэра ў кнігах, сабака. Перад ад’ездам дамоў купіў тое-сёе з прадуктаў. Мінчане (і не толькі яны) пачалі вазіць з Масквы не толькі прамтавары, але і прадукты, асабліва каўбасу. Кажуць, што гэта часовыя цяжкасці. На гэты конт ужо існуе анекдот: «Што ў нас самае пастаяннае? Часовыя цяжкасці».

Усё ж такі добра хоць калі пабываць за мяжой. Не ўвесь той свет, што ў акне. Мне здаецца, у ГДР пабудаваны сапраўдны сацыялізм, з ажыццёўленымі прынцыпамі, і жывуць там нашмат лепш, чым у нас.

15 лістапада. Чытаю, перачытваю А. Купрына. Яго проза, на мой погляд, жыццёвай назіральнасцю сваёй багацейшая за прозу Буніна, тым больш за Андрэева. Заўважыў, што гэтых пісьменнікаў — людзей адной эпохі — многае яднае з нашым Якубам Коласам. Усе яны па-новаму ўбачылі свет — той, што ў нас і што вакол нас. Убачылі ярчэй, выразней, у новым асвятленні. Яны, безумоўна, мадэрністы. Не ў крайняй яго выяве, а ў выяве канструктыўнай, нармальнай, здаровай.

27 лістапада. У Саюзе пісьменнікаў адбыўся вечар, прысвечаны 70-годдзю Піліпа Пестрака. Уступнае слова сказаў Іван Мележ, пра жыццё і творчасць распавёў Алесь Кучар. Юбіляр узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, але ўзнагарода чамусьці позніцца. Гэта маскоўскія баяры (з ЦК) не спяшаюцца. Правінцыя можа і пачакаць — разважаюць яны.