І яшчэ, сказала яна, мая стыхія — зямля; планета — Сатурн; камень — граніт; метал — волава; талісман — чорны кот; колер — бронзавы (я люблю балотны колер — з выгляду гэта адно і тое ж); кветкі — гваздзік, нарцыс. Не была б Яўгенія Эргардаўна паэтэса...
27 снежня. У маскоўскім часопісе «Дружба народов» натрапіў на адну мясціну з артыкула Р. Семашкевіча:
«Празмернае захапленне інтымным светам павяло за сабой паслабленне грамадзянскага гучання верша. Не хапае грамадзянскасці, маладыя паэты не знайшлі яшчэ свайго погляду на свет, без чаго няма творчай індывідуальнасці».
Усе, і не толькі крытыкі, скардзяцца, што ў цяперашняй маладой паэзіі шмат халтуры, пракідаецца вульгарнасць, безгустоўнасць. Напрыклад:
Я падыходжу да тваёй спадніцы,
Як конь да стога.
Ужо нават не ведаю, хто гэта сачыніў, які ўмелец. Надта прымітыўнае светаўспрыманне.
Часты матыў у паэзіі — сум па вёсцы, па родным гняздзе, краявідах. Але ж гэтага мала. Мне здаецца, што лірычнаму герою не хапае рэфлексіі, развагі над тым, чым ён заняты, што робіць.
У вялікім, шматгалосым паэтычным хоры чуцён голас маладой Жэні Янішчыц:
Збудуйце цішу для мяне,
Яна з зялёнымі вачамі,
Яна спакойна спіць начамі,
Збудуйце цішу для мяне.
Шчасце Жэні — паэзія. Што б там наперадзе ні было!
Так што па вялікім рахунку паэзія ў нас ёсць. І паэзія, і паэты. І няма чаго гнявіць на гэты конт Бога.
Курыруе паэтаў намеснік старшыні СП Анатоль Грачанікаў. Сам выдатны паэт і чалавек прыстойны, з ім добра працаваць.
29 снежня. Хадзіў у лазню змываць «грахі», што назбіраліся за год. Купіў у лазеншчыка бярозавы венік. Венік у гэтай «установе» — незаменная рэч. Нічым так не прагрэеш арганізм (душу і цела), як ім. У веніку — сіла прыроды, фітанцыды, якія ачышчаюць скуру ад рознага бруду, знішчаюць бактэрыі. Гарачы, напараны венік — гэта цуд. З розных венікаў — дубовых, кляновых, яловых, ядлаўцовых, з крапівы, венікаў з ліпы і асіны — я аддаю перавагу бярозаваму. Бярозавы венік болей, чым які, убірае ў сябе жар, узмацняе лімфаток, лашчыць.
У лазні пра ўсё пачуеш. Нейкі аматар гарачай пары распавядаў пра чалавека (не ведаю, верыць гэтаму ці не), які гэтым летам адпачываў разам з ім у Сочы. Чалавек гэты шукаў для сваёй жонкі (яна знаходзілася пры ім) мужчыну, які мог бы яе задаволіць, бо сам не мог, але вельмі кахаў.
Чаго толькі на свеце не здараецца. У лазні, паводле маіх назіранняў, паміж голымі людзьмі наладжваецца нейкі асаблівы давер, і яны расказваюць тое, што, апрануўшыся, чалавек не раскажа.
Вяртаючыся дамоў, не забыў зайсці да «Пекера».
30 снежня. 1973-ці завяршаецца. Усяго ў дзённік не ўпішаш, якім ён быў.
Многія пісьменнікі атрымалі ганаровыя званні, ордэны, медалі, граматы, прэміі.
Адбыўся плённы семінар у Докшыцкім раёне.
Сёння П. Панчанка зноў прыслаў мне свой трохтомнік. Відаць, забыў, што адзін раз ён гэта ўжо зрабіў.
Сёлета Янка Брыль атрымаў польскую літаратурную прэмію імя В. Петшака. Што гэта за прэмія?
Смуткуюць людзі з прычыны забойства чылійскага прэзідэнта Альендэ.
З адмоўных момантаў можна прыгадаць і тое, што (ажно не верыцца) абакралі нашага шэфа. Вялікі спіс рэчаў, якімі пакарысталіся злодзеі.
Без настрою нешта Валерый Сяргеевіч. Шмат курыць, зблаг. Партыйная работа забірае шмат сіл.
1974
2 студзеня. Пачаўся новы, 1974-ты. Хутка яны імчаць нашы гады-гадочкі, і вокам не міргнеш. Няўжо калі-небудзь прыйдзе старасць, няўжо пастарэю? Не верыцца. Зрэшты, пра гэта не думаю. Новы год сустрэлі нармальна, па-сямейнаму. На шыбах растуць атожылкі снежных «раслін» — гэта на мароз.
3 студзеня. Звычайны рабочы дзень. Парамон прынёс віншаванні, дасланыя мне па месцы працы. Гэта ў асноўным пісьменнікі, паштоўка ад Петруся Броўкі.
4 студзеня. У «ЛіМе» артыкул сакратара Мінскага гаркама Т. Дзмітрыевай «Героі побач» пад рубрыкай: «Сучаснік у працы і літаратуры». Вядомая рэч: сучаснік — на першым плане, але атрымліваецца так, што калі не сучаснік, а чалавек мінулага часу, дык ён ужо і не можа прэтэндаваць на паўнавартаснага героя, не мае права. Быццам дыскрымінацыя. Разважаючы так, мы далёка зойдзем! Нехта павінен быў бы паправіць Т. Дзмітрыеву. Герой — не абавязкова наш сучаснік, а той, хто ідзе паперадзе, здольны ахвяраваць сабой дзеля іншых. Хай сабе і чалавек з мінулага часу.
Час — вобраз вечнасці. Так лічыў вялікі Платон. Вечнасць — гэта ідэя, якая знаходзіць увасабленне ў часе. Часы мяняюцца, а вечнасць — не. Вечнасць абавязкова павінна прысутнічаць у вобразе станоўчага героя.