7 студзеня. Дачытаў «Замак» Ф. Кафкі. На некаторых старонках адчуваеш жах, хоць нічога незвычайнага быццам і не адбываецца. Поўнае праўдападабенства, рэалізм. Між тым Кафку ўсе лічаць мадэрністам, і самым буйным, стопрацэнтным. Відаць, так яно і ёсць. Дык што такое мадэрнізм і чаму мы яго так афіцыйна не любім? Гэта разрыў з мастацкай традыцыяй (рэалістычнай) ці далейшае яе развіццё?
Уяўленне пра мадэрнізм у шырокага чытача (у тым ліку і ў мяне) такое, што ад мадэрнісцкага твора мы чакаем парушэння звыклых эстэтычных і этычных канвенцый. Ёсць, відаць, гэтыя «парушэнні» і ў Кафкі, які падыходзіць да жыцця, прызнаючы ўласцівую яму ірацыянальнасць і непазнавальнасць, агулам сцвярджаючы прыярытэт асабістага перад грамадскім, незалежнасць мастакага ад грамадства. Узнік гэты мастацкі напрамак у канцы мінулага стагоддзя і прэтэндуе на перадачу самых тонкіх і складаных душэўных рухаў і настрояў чалавека. Мадэрністы не давяраюць рацыяналізму, лічаць, што аднаго розуму мала, болей пакладаюцца на інтуіцыю. Мадэрнісцкі раман рашуча адмовіўся ад паказу стабільных характараў, ад прычынна-выніковага прынцыпу ў кампазіцыі, ад усяведа-аўтара, ад паэтыкі і вопыту рамана ХІХ ст. Дыялектыка душы заменена псіхааналізам. Псіхааналіз у мадэрнізме — даследаванне бессвядомай часткі індывідуальнага душэўнага жыцця.
Філасофскім падмуркам мадэрнізму лічацца фрэйдызм і экзістэнцыялізм. Экзістэнцыяліст Сартр даказвае, што чалавек ёсць «істота без сутнасці», што яго свядомасць плынная, не замацаваная на пэўных маральных апорах. Гэта фактычна пацвярджае і Кафка, героі якога пазбаўлены ўнутраных якасцей і ўласцівасцей.
Пішу, бо неадчэпна пра гэта думаю. Цікава, што і ў Заходняй Еўропе, і тым болей у Амерыцы мадэрністаў прызналі далёка не адразу. Праз суд быў забаронены Джойсаў «Уліс», накладзена «табу» на творы Лоўрэнса, Генры Мілера, Селіна і інш. І толькі ў 60-я гады тыя забароны былі перагледжаны і зняты.
Урокі мадэрнізму не прайшлі дарэмна і для беларускай літаратуры. У нашай літаратуры мадэрнізму мала, але ён ёсць. Пачынаючы ад Янкі Купалы і Якуба Коласа да Васіля Быкава ўключна. Савецкая літаратура — гэта, так бы сказаць, процілегласць мадэрнізму, своеасаблівы антымадэрнізм, які, як і мадэрнізм, ужывае паэтыку замоўчвання, пропуску самага важнага. Савецкая літаратура абыходзіць, абмінае цэлыя тэмы, сектары чалавечага жыцця, рэчаіснасці, быццам яны і не існуюць. Процілегласці сыходзяцца. Вядома, гэтае пытанне патрабуе спецыяльнага і незалежнага даследавання. Зрэшты, як і пытанне аб рэалізме. Рэалізм таксама з’ява зусім не аднастайная. Гэта — цэлая тыпалогія мастацкай творчасці. Зварот мастака да густых фарбаў, прыёмаў фантастыкі, гратэску, сімволікі, бурлеску, сатыры, дэфармаванне свету відавочнай рэальнасці ўзбагачае рэалізм, збліжаючы яго з плынню жыцця. Жыццё павінна пранікнуць у твор пісьменніка ўсімі магчымымі спосабамі, пранікнуць праз самога аўтара, яго арганіку, пачуццё крыві, жывёльную эманацыю, пах. Тое, што ідзе ад голага лагізавання, ад абстрактнага, — забівае літаратуру.
9 студзеня. Дазнаўся, што ЮНЕСКА выпусціла ў свет каталог самых прадстаўнічых твораў сусветнай літаратуры, які ўключае кнігі, напісаныя не толькі на сучасных мовах, але і на старажытных — латыні, старажытнагрэчаскай, шумерска-акадскай (Вавілон). Каталог змяшчае назвы звыш 70 твораў рускіх, украінскіх і беларускіх пісьменнікаў. Хацелася б ведаць, хто туды трапіў з беларускіх аўтараў.
12 студзеня. Добрая справа лазня — праганяе з душы сум. Быў у лазні — усё адно што «быў у чысцы» (гэтак называецца выдатная паэма Ф. Багушэвіча). Парылка на 100 градусаў, бярозавы венік, палок на самай верхатуры, сухая пара — аднаўляюць і амалоджваюць.
17 студзеня. Дзень нараджэння, юбілей, Алеся Якімовіча. 70 гадоў чалавеку. Надта шмат напісаў. Казку-паэму «Каваль Вярнідуб» я чытаў у дзяцінстве. Да гэтага часу помню эмацыянальнае ўражанне.
Пашанцавала гэтаму пісьменніку перажыць 1937-мы, але след застаўся. Глядзіць у адну нейкую кропку, маўчун, а што ў галаве — невядома. Калісьці біўся, недарэка, з Лупсяковым. Непрыемна было, калі ён накінуўся з крыкам на «Песняроў», што давалі канцэрт у клубе СП: «Хуліганы! Псуеце фальклор, народнае! Песню перакручваеце!» Але з кім не бывае. У чалавека кансерватыўны густ. «Песняры», узброеныя мікрафоннай тэхнікай, спявалі так, што дрыжэла столь старога будынка Ваньковіча.
19 студзеня. На мінулым тыдні адбыўся творчы вечар драматурга А. Макаёнка. Даклад зрабіў Г. Колас. Даклад — прыстойны, лагічны. Макаёнак і сапраўды надта сучасны паводле праблематыкі драматург.