Выбрать главу

Тэксты насычаны інфармацыйна, аўтары пішуць пра тое, што добра ведаюць, і чытач павінен быць удзячны ім за гэта. Нарыс, публіцыстыку, эсэістыку трэба развіваць.

6 лютага. 60-годдзе Аркадзя Куляшова. Як я сабе ўяўляю, Куляшоў развіваўся на стыку паэтык Маякоўскага і Твардоўскага. Зрэшты, уплывалі на яго многія, і ад гэтага арыгінальны, самабытны талент беларускага паэта толькі мацнейшы.

Урачыстае пасяджэнне адбылося ў тэатры імя Я. Купалы. Вечар адкрыў М. Танк. З прывітальнымі словамі выступілі Я. Хелемскі, М. Дудзін, Р. Гамзатаў, К. Куліеў, Д. Кугульцінаў.

Гучала песня:

Бывай, абуджанная сэрцам, дарагая.

Чаму так горка, не магу я зразумець.

Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае

На ўсходзе дня майго, якому ружавець...

Алеся — першае каханне Куляшова. Кажуць, што яна яшчэ жыве і што паэт хацеў з ёю сустрэцца. Пра гэта мне расказваў Бечык.

Апублікаваны ўказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні А. Куляшова ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Гэты ордэн называюць «трудовик», ён не самы прэстыжны. Паэт відавочна заслугоўвае на большае. Не могуць дараваць дружбы з Твардоўскім?

У часопісе «Маладосць» артыкул М. Лужаніна да 60-годдзя А. Куляшова «Сэрца, дзе ўсёй зямлі трывога...» Напярэдадні юбілею заходзіў да мяне В. У. Івашын і казаў, што ён прапанаваў А. Куляшову напісаць пра яго творчасць грунтоўны артыкул. Яны з паэтам — радня, «сваты», і артыкул павінен быў быць, зразумела, глыбокім і станоўчым, але Куляшоў адмовіўся: «Прашу вас, не пішыце». Хай бы напісаў!

8 лютага. У «ЛіМе» натрапіў на рэцэнзію Уладзіміра Кобрына на зборнік вершаў Э. Скобелева «Капли дождя». У. Кобрын — супрацоўнік маскоўскай «Литературной газеты», тое-сёе крытыкуе, але ў таленце аўтару не адмовіш. Скобелеў, на мой погляд, больш паэт, чым празаік. Жадаю яму яшчэ болей разняволіцца. Апантаны пісаннем, піша ў кожную свабодную хвіліну.

12 лютага. Быў на вечары, прысвечаным 60-годдзю з дня нараджэння В. Таўлая. Гэта — рэвалюцыйны рамантык, які страсна хацеў, каб яго песня «калыхала паходы». Як паэт Таўлай мне вельмі сімпатычны. У яго чысты, адкрыты пафас. Выдатную паэму «Таварыш» на рускую мову пераклаў Канстанцін Сіманаў. Яе можна рэкамендаваць юнацтву.

Выступілі Я. Брыль, Р. Бярозкін, Я. Міско, М. Арочка, міністр асветы М. Мінкевіч. З патрыятычнага боку паказаў сябе В. Таўлай і ў Вялікую Айчынную вайну. Атрымаўся цікавы вечар. Чаму не было Пестрака?

14 лютага. А. Салжаніцын пазбаўлены грамадзянства і выдвараны за межы Савецкага Саюза. У «ЛГ» пад рубрыкай «Отпор литературному власовцу» надрукаваны асуджальныя матэрыялы, падпісаныя шэрагам асоб з пісьменніцкага асяроддзя. А можа, гэта так, як некалі Валя Лукша надрукаваў у «Чырвонцы» нібыта мой водзыў у адабрэнне чэхаславацкіх падзей. Было гэта летам 1969 г. Я ішоў у інстытут, з раніцы, і ўбачыў на вітрыне Дома друку на першай паласе «Чырвонай змены» заметачку: «Ухваляю...» і г. д. і подпіс: «Уладзімір Гніламёдаў». У інстытуце першым на мяне накінуўся Вячаслаў Зайцаў — старшы навуковы супрацоўнік. Не пажадаў слухаць ніякіх тлумачэнняў. Але хіба гэта правільна? Я ж ніякага дачынення да гэтай заметкі не меў, пастараўся дружбак.

22 лютага. У «ЛіМе» ўрывак з новай аповесці В. Быкава «Воўчая зграя». Паэтыка чыста быкаўская, сітуацыя выбрана пагранічная. Падзеі — партызанка падчас Вялікай Айчыннай вайны. Але ёсць і другі план — выхад у сучаснасць: ці вартыя мы, цяперашнія, тых ахвяраў, якія былі прынесены дзеля нас, будучага пакалення, хто жыве сёння.

23 лютага. Памерла Паўліна Мядзёлка. Калісьці бачыў яе ў Інстытуце літаратуры. Запомніліся тонкія рысы твару, інтэлігентнасць. Перажыла і Купалу, і саперніцу сваю Уладзіславу Францаўну, і многіх яшчэ. Добра, што пакінула ўспаміны, але ўсяго, вядома, не апішаш.

2 сакавіка. Спыніла мяне выказванне А. Купрына:

«Я глубоко убеждён в том, что Чехов с одинаковым проникновенным любопытством разговаривал с ученым и с разносчиком, с просящим на бедность и с литератором, с крупным земским деятелем и с сомнительным монахом, с приказчиком и с маленьким почтовым чиновником, отсылавшим его корреспонденцию».

Гаворачы пра Чэхава, Купрын меў, вядома, на ўвазе і сябе. А якое дасканалае гэтае выказванне па стылі!

4 сакавіка. Заходзіў Лужанін — выбівае збор твораў. Быў у Дубянецкага. Да гэтага туды заходзіў Пімен Панчанка. І ўжо быццам стаяў у плане.

7 сакавіка. Заўтра жаночае свята. Галоўная праблема, як заўсёды перад 8-м сакавіка, — кветкі. Дастаў! У выніку чаго ўзвысіўся ў жончыных вачах.