Выбрать главу

11—12 сакавіка. Адбыўся «круглы стол», арганізаваны СП Беларусі і «Литературной газетой». На парадку дня пытанне: «Жыццё рабочага класа ў люстры літаратуры». З Масквы былі А. Хакімаў, Т. Залатухіна, А. Бачароў.

Р. Мустафін — з Казані.

Наша стагоддзе — самае інтэлектуальнае, навуковае, самае тэхналагічнае. Пра гэта казалі многія. На жаль, не прагучала думка, што развіццё тэхнічнага прагрэсу не вырашае праблемы чалавека і грамадства, не паказвае шляху да мэты. Гэтая думка, дарэчы, гучала на мінулагодняй канферэнцыі і ў Берліне. Чалавек заўжды быў прадметам літаратуры, аднак цяпер сфера пісьменніцкай кампетэнцыі ў адносінах да яго пашыраецца, разам з характарам пісьменнікаў цікавіць яго лёс, абароненасць перад сіламі зла, магчымасці, жыццёвая доля.

Госці і беларускія пісьменнікі наведалі завод халадзільнікаў. Сёння, 12 сакавіка, сустрэча з рабочымі адбылася на заводзе ЭВМ. Беларусь — рэспубліка індустрыяльная. Здзейснілася мара Паўлюка Труса — паэта 20-х гадоў: «Беларусь, калі ты станеш краем фабрык дымных і машын?»

13 сакавіка. Паведамілі па тэлебачанні, што ў джунглях філіпінскага вострава Лубан быў знойдзены японскі салдат, які хаваўся там амаль 30 гадоў. Увесь гэты час ён верыў, што Другая сусветная вайна яшчэ працягваецца.

15 сакавіка. Каля СП сустрэў П. Панчанку. Гнеўны. Можа, не варта было яго і чапаць, але я, павітаўшыся, спытаў пра настрой, і ён загаварыў, пазіраючы кудысці ўбок:

— Ведаеце, такога яшчэ не было, каб такое засілле чыноўнікаў. Надта велізарная колькасць! Росквіт бюракратыі! Закаснеласць і закасцянеласць! Затхласць!

Я маўчаў, думаючы, чаму ўсё гэта ён кажа мне. Можа, нелады з выданнем кнігі? Ці хто пакрыўдзіў? Можа, страціў форму? Творчы крызіс? І кажа пра ўсё мне. Значыць, давярае. Начальству я пра гэтую сустрэчу, вядома, не скажу, але паэту трэба неяк дапамагаць. З такім настроем цяжка.

Успомніў: ці не пра збор твораў тут гаворка ідзе?

20 сакавіка. І снег, і сонца. Неба — бледна-блакітнае з невыразнымі белымі аблачынкамі, аднак ноччу яшчэ цісне мароз. Надвор’е няўстойлівае.

22 сакавіка. Нанач чытаў Біблію. У Евангеллі ясна сказана: «Несовершенно всё земное и человеческое». Успомніў рэзкі, ажно дрыжэлі вусны, маналог П. Панчанкі. Больш ураўнаважана, але і больш важка ён сказаў пра

гэта сваім вершаваным радком:

«Не спакушай нас высокай песняй

Гэтак рана, Галактыка.

Як валуны неачэсаныя —

У нас цяжкія характары.

Ёсць у нас і турмы

З арміяй канвойнай,

Ёсць у нас плямёны

З каменнага веку.

Мы яшчэ ў жорсткасці,

Мы яшчэ ў войнах,

Мы яшчэ ў злосці,

А ты нам — пра Вегу».

Гэта са зборніка «Пры святле маланак» (Мн., 1966, стар. 90).

25 сакавіка. Дзень утварэння БНР. Пра падзеі таго часу (1918 год) мне шмат расказваў Алесь Бачыла. Я пра гэта мала ведаў. Выходзіць, што сапраўднай, паўнавартаснай нацыянальнай дзяржаўнасці ў нас, беларусаў, няма.

Чалавечы лёс драматычны, наш, беларускі, — у асаблівасці. Але слаба мы яго ведаем, ён усё яшчэ ў спецхране.

27 сакавіка. Доўжацца Дні культуры Літоўскай ССР на Беларусі. У Палацы культуры прафсаюзаў адбыўся вечар літоўскай і беларускай паэзіі. Выступалі госці: В. Пальчынскайтэ, А. Малдоніс, А. Балтакіс, Ю. Марцінкявічус і нашы паэты М. Лужанін, М. Калачынскі, А. Грачанікаў і інш. Літоўцы сёння маюць выдатную літаратуру — ва ўсіх жанрах: паэзія, проза, мемуарыстыка. І ўсё замешана на нацыянальнай праблематыцы.

28 сакавіка. Прынята пастанова ЦК КПБ «Аб падрыхтоўцы і правядзенні 30-годдзя вызвалення Беларускай ССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

У дакуменце згадана і пра пісьменнікаў, у якіх свой, і не малы, абсяг дзейнасці ў гэтым напрамку. Трэба, каб жыла памяць пра перажытае, каб не забывалася суровая праўда, каб не збядняўся экзістэнцыяльны вопыт чалавека.

Я помню той час — лета 1944-га. Майму Кругелю пашанцавала: вёска ацалела — людзі, дрэвы, пабудовы. Шырокаю, паўнаводнаю ракою рухалася войска. Ішлі з усходу, з Камянца. Гэта былі байцы 218-й стралковай дывізіі генерал-лейтэнанта Уладычанскага Антона Сцяпанавіча. Мае вяскоўцы добра памятаюць гэты дзень: 5 ліпеня 1944 года, серада.

Іх, чырвонаармейцаў-вызваліцеляў ішло шмат. У расшпіленых гімнасцёрках, нагружаныя шынельнымі скаткамі, рэчмяшкамі, сапёрнымі рыдлёўкамі, кацялкамі і іншай амуніцыяй. За спінамі — доўгія вінтоўкі з прывінчанымі рабрыстымі штыкамі. Хто — у ботах-кірзачах, хто — у абмотках. У некаторых на папругах матляліся гранаты. Трактары цягнулі за сабой гаўбіцы. Праехала з пашчапанымі бартамі палутарка, за ёю санітарная машына.

Ліпень звычайна месяц навальніц, а ліпень 1944-га з самага пачатку выдаўся сухім і гарачым. З раніцы ўсё больш прыпякала сонца, а далей, пад поўдзень, устанавілася невыносная гарачыня. Ні хмаркі, ні аблачынкі, ні ветрыку. Ад спёкі і пылу пашарэла трава і лісце дрэў. На выцвілых гімнасцёрках цямнелі пляміны ад поту. Вайскоўцы былі змораныя, недаспаўшыя, але вясёлыя. З усіх бакоў — песні, жарты, досціпы, і зусім не дакучала гарачыня. З хат і схронаў павыходзілі на вуліцу людзі. Замітусіліся жанчыны, падносячы вайскоўцам малако, хлеб, квас...