Словам, паразмаўлялі.
18 красавіка.Церусіцца дробны сняжок, але набліжэнне мая, вясны, гарачай пары адчуваецца. Магчыма, гэта запраграмавана ў нашых генах? Можа, гэта мы самі абнаўляемся? Кажуць, абнаўляйся, як зямля і дрэвы, і будзеш шчаслівы. Усё, аказваецца, проста. Але як абнавіцца? І, па-першае, што такое — абнавіцца? Пачаць раніцай рабіць фіззарадку? Ці прабежкі (бягом ад інфаркту)? Кінуць курыць? Так, і гэта таксама. Для мяне абнавіцца азначае змяніцца самому, памяняць да лепшага адносіны да навакольнага, да людзей, стаць зычлівей і дабрэй. Помню, у дзяцінстве бабуля Фёкла нагадвала ўсім пра свята «Даравальная нядзеля». Адзначалася гэтае свята вясной. Бабуля прасіла ў нас, сямейнікаў, у суседзяў прабачэння за тое, што, можа, каго калі пакрыўдзіла. І старалася не крыўдзіць нікога.
Аказваецца, рэлігія, якую мы прагналі са свайго жыцця, забылі, мудра клапацілася пра маральнае і фізічнае (пасты) здароўе.
19 красавіка. Заўтра — суботнік. Рыхтуюся. Трэба рана ўставаць. Няўжо будзе бетон?
20 красавіка. На гэты раз зноў працавалі на Вілейска-мінскай воднай сістэме, у раёне Мінскага вадасховішча — «мора». Дрэвы яшчэ голыя, вецер. Яскравых уражанняў не меў. Запомніліся чайкі. Прыгожыя, серабрыстыя, як самалёты, яны рабілі крутыя віражы над вадою, шумна махаючы моцнымі крыламі.
21 красавіка. Нядзеля. Ачухваюся пасля суботніка. Хадзіў з раніцы ў лазню. Пасля лазні піў піва. Няблага.
Збіраюся ў Тбілісі.
23—28 красавіка. Пішу гэтыя радкі па вяртанні з Тбілісі, дзе быў на Усесаюзнай нарадзе, на якой абмяркоўваліся пытанні ўвасаблення вобраза камуніста ў сучаснай літаратуры. Ад СП Беларусі прысутнічала цэлая дэлегацыя: А. Адамовіч, А. Грачанікаў, І. Чыгрынаў, Н. Гілевіч, я. Ляцелі самалётам ТУ-154, білеты купілі ўсім разам (купляў работнік апарата СП Сталяроў). Ігралі ў карты, у дурня, паклаўшы паміж сядзеннямі чамаданчык. Выйграваў у асноўным Адамовіч. Гэта было нават дзіўна, асабліва для Чыгрынава, які, відаць, лічыў сябе неблагім гульцом. Адамовіч патлумачыў, што навучыўся ў партызанах.
Гаспадары сустракалі ў аэрапорце, пасялілі ў гасцініцы «Іверыя», на праспекце Руставелі, у цэнтры Тбілісі. Іверыя — старажытная назва Грузіі. Тут ужо «прапісаліся» і асвоіліся тыя, хто прыехаў раней, — пісьменнікі, крытыкі і інш. Няблага сябе пачуваюць.
Работа нарады пачалася ў 10 гадзін раніцы, у зале пасяджэнняў Вярхоўнага Савета Грузінскай ССР. У нас, у Беларусі, такога ніколі не было. Але ж гэта Грузія!
Нарада гэтая своеасаблівая, актыўны ўдзел прымаюць у ёй партыйныя і савецкія работнікі, дзеячы прамысловасці, навукі, сельскай гаспадаркі Грузіі. У прэзідыуме сядзяць урад Грузінскай ССР, міністры, сакратары ЦК на чале з Першым сакратаром Шэварнадзе Э. А. Над прэзідыумам, пад столлю, дэвіз нарады: «Ум, честь и совесть нашей эпохи» (В. И. Ленин). Адкрываў канферэнцыю Георгій Макеевіч Маркаў (Старшыня праўлення Канстанцін Федзін ужо надта стары, не прыехаў, сядзіць, кажуць, у сябе на дачы). Пачаліся выступленні. Хто выступаў, адзначалі, што ўсё часцей і часцей у апошнія гады сустракаем у літаратуры героя новага тыпу, героя, народжанага навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй. Гэта — камуніст, перадавы рабочы, інжынер ці кіраўнік вытворчасці, чалавек цікавы, развіты, які ўсё вакол сябе і сябе самога падпарадкуе рабоце. Такі Чашкоў з п’есы І. Дварэцкага «Чалавек з боку». Яго лічаць тыповым для сучаснай літаратуры. Я згодзен: ён дзелавы, але Чашкову, як на мой погляд, бракуе чалавечых якасцей. У гэтым сэнсе ён больш нагадвае інтэлектуальнага робата. Мне болей даспадобы герой аповесці В. Бялова «Звычайная справа» «адсталы» селянін Іван Афрыканавіч. Пачаліся выступленні. Выступаў між іншым і Валянцін Катаеў, але з яго ўхілістага выступлення нічога не запомнілася.
На наступны дзень удзельнікі нарады раз’ехаліся па гарадах і раёнах рэспублікі. Я трапіў у групу, якую ўзначальваў Л. М. Навічэнка. Групу накіравалі ў Горы — тыя самыя, дзе нарадзіўся Сталін. Пабывалі на Гарыйскім баваўняным камбінаце — перадавым прадпрыемстве горада. Калектыў камбіната — пяць тысяч чалавек, і кожны чацвёрты — камуніст. Мяне здзівілі цяжкія ўмовы працы. У паветры густа, як снег кружыцца бавоўна, набіваецца ў нос і ў рот, немагчыма дыхаць. Слаба дапамагае абвадненне цэха, мноства фантанчыкаў і распрыскванне вадзяных кропель. Але такая баваўняная вытворчасць. Тут патрэбна поўная аўтаматызацыя.
Затым ездзілі ў саўгас, аглядалі цяплічную гаспадарку, у якой вырошчваецца гародніна. Умовы працы тут курортныя ў параўнанні з баваўняным камбінатам.
Вярнуўшыся з саўгаса, групу вадзілі па горадзе, паказвалі хату, у якой нарадзіўся Сталін. Надта ж бедная. Куратнік нейкі. Усе хіталі галовамі, дзівіліся. Каля гаркама партыі, які сваім пакатым рабрыстым дахам нагадвае берлінскі рэйхстаг, велічны, у поўны рост, помнік правадыру. У час антысталінскіх кампаній у канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў помнік, каб не разбурыў хто, варатавалі прыхільнікі Сталіна («наследнікі»). Вечарам была сустрэча ў Гарыйскім дзяржаўным драматычным тэатры. Выступалі Л. М. Навічэнка, П. Зейле, А. Шарыпаў, Г. Броўман. Колькі слоў сказаў і я, падзяліўшыся сваімі ўражаннямі, але больш расказваў пра сучасную Беларусь.