Выбрать главу

Паднялі чарку, не чокаючыся, і мы з цесцем. Потым пілі запараны Верай Васільеўнай чай. Напарэшту Іван Платонавіч выпіў кварту вады. «Не магу, — кажа, — напіцца чаем».

Палюбіў я гэтых людзей.

На аўтобус праводзілі цесць разам са сваім шваграм Іванам Васільевічам. Адхінуліся на момант кудысьці і прынеслі пляшку віна «Солнцедар». Віно невядомага паходжання. (Кажуць, егіпецкае. Егіпецкія віны — надта церпкія). У цесця ў кішэні аказалася і шклянка. Я вяла запратэставаў, але выпілі, па чарзе. Швагер — весялун, пастаянна смяецца (брат Веры Васільеўны). Цесць сказаў:

— Ты, Валодзя, наступным разам прывязі лімон. Люблю на апахмелку кіслае. Цераблю парэчкі, але яны яшчэ не гатовыя.

Знайсці гэткаю парою ў Мінску лімон няпроста, але праз аддзел гандлю знайду. Раз цесць любіць лімон.

А «Солнцедар» добра хмеліць.

13 мая. Майская вясна — гэта нейкі цуд. Хутка зацвітуць каштаны, а за імі бэз і ружы. Салаўі ўжо пяюць.

16 мая. Прачытаў у «Полымі» рэцэнзію А. Пысіна на кнігу С. Гаўрусёва «Пераклічка». Хваліць, і не без падставы, за многія якасці. Цытуе:

Маё сэрца прысніцца

Дзесь цяжкому свінцу.

Дзе цвіла медуніца —

Я іду па сіўцу.

Гэта вельмі сугучна самому Пысіну. І чаму гэта яны — пра свінец ды пра свінец? Пысін прайшоў вайну.

Творчасць А. Пысіна — гэта яшчэ адзін беларускі паэт, адораны талентам філасафічнасці, — развівалася, можна сказаць, у межах традыцыйнай паэтыкі, але стымулявалася рухам дапытлівай філасофска-аналітычнай думкі. Сваім аўтарытэтам арыгінальнага і самабытнага мастака ён падтрымліваў «куляшоўскі» напрамак у беларускай паэзіі. Вельмі сугучны часу.

17 мая. Дзень нараджэння ў Тамары. Не запрашалі нікога, бо імянінніца цяжарная і ўжо даходжвае тэрмін. Не могуць вызначыць, сын будзе ці дачка.

20 мая. Зацвітаюць яблыні. Пахаладала. «Чаромхавыя халады», — як кажа Вялюгін.

23 мая. Для Тамары тэрмін радзіць. Кірыла адвезлі ў Плешчаніцы да бабулі.

25 мая. Субота. Паехалі з Тамарай на дачу. Зрабілі, мусіць, памылку, але своечасова выправілі, доўга не чакаючы, вярнуліся ў Мінск. І праз гадзіну выклікалі «хуткую». Апоўначы дазваніўся: дачка! Стала лёгка, хваляванні ўтаймаваліся.

26 мая. Нядзеля. Ездзіў у трэцюю бальніцу, у радзільнае аддзяленне, праведаць Тамару з дачушкай. Купіў прадукты (улічыўшы той раз), — перадаў запіску.

Зайшлі да мяне на кватэру А. Гардзіцкі і В. Каваленка. Праведаць. Я сказаў, што нарадзілася дачка. Павіншавалі, і я пайшоў па гарэлку. Падзею, такім чынам, адзначылі.

Вось у мяне ўжо двое дзяцей, сын і дачка.

27 мая. Бачыў Тамару. Выгляд стомлены, але трымаецца.

29 мая. Тамара з дачкой ужо дома, ужо першы раз купалі. Слаба бярэ грудзі. У Кірыла тут недахопаў не было.

30 мая. Указ аб узнагароджанні Адама Русака ордэнам Дружбы народаў за вялікія заслугі і ў сувязі з 70-годдзем. Учора ў філармоніі адбыўся яго вечар. Песенны рэпертуар паэта вялікі. Адна «Лясная песня» (на музыку Алоўнікава) чаго вартая!

У аснове песні «Бывайце здаровы», як сцвярджае знаны фалькларыст Іван Цішчанка, дзве яўрэйскія мелодыі, якія выкарыстаў кампазітар Любан. На «Днях беларускай культуры» ў Маскве, у пачатку саракавых, песню спяваў Л. Уцёсаў. Успрымалася яна як чыста беларуская, і я з гэтым згодзен. Гарадскія беларусы этнічна, мне думаецца, даўно парадніліся з яўрэямі.

4 чэрвеня. Цыклон аддаляецца. Пачало цяплець. Кіруша нарадзіўся ў канцы лістапада, зазімкам; малая — майская.

5 чэрвеня. Уладкаваў Заранка ў Ленінскі райкам КП Беларусі інструктарам аргаддзела. Хай расце!

7 чэрвеня. Малой далі імя Оля. Атрымалі пасведчанне аб нараджэнні. Вольга — імя са скандынаўскімі карэннямі, азначае: карысная.

14 чэрвеня. У «Атоліне» расце добры агарод — цыбуля, гуркі, памідоры, бульба, трускалкі. Даспявае маліна. Кусты чорных парэчак. Шкада толькі, што на дачныя ўчасткі ўбілася магутная цімафееўка, і якая пагражае паглынуць усё, што пасаджана чалавечай рукой. Аказваецца, насенне цімафееўкі раскідалі разам з угнаеннем, з якім яна была змешана і прызначалася для гарадскіх паркаў.

17 чэрвеня. Уразіла і не выходзіць з галавы прачытанае ў Бібліі, у другой, новазапаветнай частцы: натоўп цябе ўзнясе, але народ цябе і распне. Відаць, і сапраўды так. Так было з Ісусам Хрыстом у яго зямным жыцці.

19 чэрвеня. Васілю Быкаву 50 гадоў. Віншаванне адбылося ў Доме мастацтваў. Уступнае слова ад Шамякіна, дакладчык — Г. Бураўкін. Шмат віншаванняў ад прыватных асоб. Дакументы пайшлі на ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Быкаў варты большага. Па-новаму ўбачаная ім праўда вайны, «акопная праўда», адкрывае перад чытачом аграмадны пласт чалавечага жыцця. Выклікае павагу інтэлектуальная мужнасць пісьменніка — мужнасць пазіцыі. Гэта даецца цяжэй, чым нейкі імгненны ўчынак.