Выбрать главу

І яшчэ Быкава можна паважаць за тое, што ён аддадзены літаратуры, верны ёй, апроч літаратуры нічым не займаецца, не дзеліць пісьменніцтва з іншай прафесіяй, іншым родам дзейнасці, як некаторыя.

20 чэрвеня. Адбыўся чарговы пленум Саюза пісьменнікаў па пытанні: «Аб выкананні рашэнняў VI з’езда пісьменнікаў Беларусі». Дакладчык — М. Танк. Гаварыў некалькі гадзін без намёку на стомленасць. Публіка прытамілася, той-сёй нават пазяхаў. Пасля перапынку пачаліся выступленні. Хто пра што. Гаварылі і пра раман, і пра апавяданне. Так, адной інфармацыйнасці для сучаснага апавядання мала — яно таксама патрабуе «чалавеказнаўчага» падыходу, канцэптуальнасці, тыповасці герояў і абставін праблемнасці, сувязі з іншымі жанрамі.

На жаль, многія слынныя нашы апавядальнікі — В. Адамчык, А. Асіпенка, В. Быкаў, А. Марціновіч, І. Чыгрынаў і многія, многія іншыя ў апошні час неяк забыліся на гэты жанр, захапіліся буйнафарматнай прозай.

П. Пестрак з трыбуны задаў, невядома каму, пытанне: «Хто забараніў і не хоча, каб быў экранізаваны раман “Сустрэнемся на барыкадах”?» Пытанне прагучала рытарычна. А можа, калі надыдзе чарга?

А. Адамовіч гаварыў пра майстэрства літаратуразнаўца:

— Калі ўзяў у рукі палена (думку), пакруці яго з розных бакоў.

Гэта трэба запомніць.

На жаль, пісьменнікі ўсё яшчэ глядзяць на крытыкаў як на службу сэрвісу, узвялічваюць тых, хто іх абслугоўвае, дагаджае.

24 чэрвеня. Ад кагосьці чуў, што ў Югаславіі выйшла кніга літаратарадаследчыка (прозвішча не памятаю), спецыяльна прысвечаная двум радкам Маякоўскага. Вось гэтыя радкі:

Море

уходит

вспять,

Море

уходит

спать.

Што і казаць, радкі вельмі цікавыя ва ўсіх адносінах — і па форме, і па змесце.

Сам чытаў цікавую кнігу акадэміка Аляксеева пра адзін-адзіны верш Пушкіна — «Помнік». Ёсць і другія працы падобнага тыпу. Што гэта дае — пранікненне ў свет аднаго верша? Іншая справа, скажам, цыкл, пэўны перыяд, кніга, збор твораў і г. д. Яны, безумоўна, могуць даць даволі цэласнае ўяўленне пра творчы шлях паэта, яго мастакоўскае станаўленне. А адзін верш? Пра што ён можа расказаць?

Пра многае — і пра своеасаблівасці светаразумення паэта, характар яго мыслення, тэмперамент, паэтыку і інш. Паўней раскрываецца змест твора; засяроджанае заглыбленне ў адзін верш узбагачае наша ўяўленне аб паэзіі наогул, яе спецыфіцы ў адлюстраванні жыцця. Зразумела, і асобны верш лепш можна зразумець у кантэксце ўсёй творчасці паэта.

Думаю напісаць пра гэта артыкул у альманах «Дзень паэзіі».

26 чэрвеня. Мінску прысвоена пачэснае званне «Горад-герой». Усе расцэньваюць гэта як, хай сабе і запознены, акт справядлівасці. Лепш пазней, чым ніколі.

Пад уплывам, відаць, гэтай падзеі заходзіў І. Чыгрынаў. Прынёс даўжэзную скаргу — не ўключылі яго ў спіс прэтэндэнтаў на Дзяржаўную прэмію за тэлефільм «Руіны страляюць...» Нешта не ладзіць ён з Новікавым. У іх розная ацэнка гісторыі і персанажаў Мінскага падполля перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Але ж, што датычыць тэлефільма «Руіны страляюць…», дык над сцэнарыем працаваў і І. Чыгрынаў, які таксама мае падставы прэтэндаваць на прэмію. Ігнаравалі яго дарэмна, несправядліва. Помню выступленне Чыгрынава ў Тбілісі. Справядлівасць трэба аднаўляць.

28 чэрвеня. У Саюзе пісьменнікаў Беларусі нядаўна абмяркоўвалі кнігу трох аўтараў «Я з вогненнай вёскі…» Выступаў Я. Брыль, затым М. Танк, С. Селіханаў, Р. Барадулін.

Даводзіцца здзіўляцца, што спатрэбілася больш як трыццаць год, каб спачатку здагадацца, што неабходна такая кніга, а потым — зрабіць тое, што зрабілі А. Адамовіч, Я. Брыль, У. Калеснік. Сама літаратура павінна была дайсці да ўсведамлення таго, што ніводзін пісьменнік не мае права сказаць пра сябе, быццам ён ведае ўсю праўду пра вайну. Усю праўду ведае народ, а абавязак пісьменніка і літаратуры — запісаць гэтую памяць народа і даць магчымасць з’явіцца ёй на старонках кніг.

Аўтары чуйна ўлавілі гэтую патрэбу літаратуры — даць выйсце народнай памяці аб вайне, аб перажытым. Яны аб’ехалі ўсю Беларусь, праявілі сапраўдны мастацкі такт, калі самі, як аўтары, адышлі на задні план, даўшы магчымасць гаварыць сваім героям.

Чалавечыя маналогі хвалююць сваёй праўдзівасцю. У іх адлюстроўваюцца, апроч усяго, і такія аспекты чалавечай асобы, якія раней абміналіся, якія тычацца самага нізу чалавечай свядомасці і падсвядомасці.