Выбрать главу

— Гэтую галоўку, магчыма, хутка пакрые ўдовін вэлюм… Ці пыл выгнання. Але… можаце не баяцца, я не буду спрабаваць затрымаць вас.

Жанчына гаварыла спакойна і горда, і толькі пільны назіральнік заўважыў бы, як сціснутыя яе тонкія пальцы — аж збялелі…

Гаштольд Дарбут упершыню дапытліва зірнуў на жонку. Тая смела сустрэла ягоны погляд.

— Што вы даручыце мне на выпадак, калі не вернецеся? Гаспадар памаўчаў, пагладзіў шаблю, што ляжала на стале.

Простую шаблю, без упрыгожанняў, толькі з чаканным малюнкам на дзяржальне — вершнік на кані, з узнятым мячом.

— Выхавайце майго сына так, каб ён у падобным жа выпадку, як і я, не вагаўся, як належыць учыняць.

У дзверы зноў пастукаліся.

— Пане, атрад гатовы. Пан Сташынскі чакае на двары. Пані Дарбутава спахмурнела:

— Нашто ты вязеш з сабой гэтага хлапчыску, Андруся Сташынскага?

— Ён мужчына. І ён ліцьвін. Шкадаванне недарэчы. — Пан Гаштольд паклаў рукі на плечы жонцы, зазірнуў у яе зялёныя-зялёныя вочы. Суровасць на хвілю пакінула яго. — Напэўна, табе трэба было выйсці за аднаго з тых, хто зараз ладзіць балі…

— Я рада, што выйшла за цябе… Голас пані мімаволі здрыгануўся…

— Настуся! Прабач… Я так і не ўпаляваў для цябе срэбную лісіцу, як колісь абяцаў…

Ён — у чорным, і яна — у смарагдавым… На хвілю яны засталіся зусім адны ў свеце — па-за жыццём і смерцю… Але на калідоры чуліся галасы. Тады мужчына зняў з пальца металёвы пярсцёнак і надзеў на палец жанчыны.

— Перадасі сыну, калі яго пастрыгуць у падлеткі.

Атрад быў невялікі — дваццаць узброеных вершнікаў. Пані Настасся стаяла на высокім ганку з драўлянымі калонамі, накінуўшы паўзверх смарагдавай сукні ваўчуру, падбітую зялёным сукном. Андрусю Сташынскаму жанчына, захутаная ў пышны мех, падалася такой маленькай, бездапаможнай і прыўкраснай, што захацелася нечым суцешыць яе… Як у песні — «месячык з неба, зорку з палонкі — для пекнае пані, для чужое жонкі…».

Але пані глядзела на мужа. А той азірнуўся на яе толькі адзін раз — калі ўжо сеў на каня.

— Калі я не вярнуся, не марнуй сябе жалобай. Не пазбягай добрага шлюбу.

— Я буду чакаць сустрэчы… На гэтым свеце — ці на тым. Снег ля дарогі блішчэў, быццам футра срэбнай лісіцы… Сейм прагаласаваў вярнуць княству некаторыя прывілеі.

Можна было больш не бунтавацца. Шкада, гэтага не зразумелі асобныя гарачыя галовы. Мала ім прывілей, а заманулася незалежнасці ад Кароны. Такія бунтаўшчыкі не былі патрэбныя ні Кароне, ні Літве.

Шляхціц Гаштольд Дарбут за «няіставыя ўчынкі»супраць польскіх войскаў быў прысуджаны да зняволення ў вежу. Ад чаго ён памёр там, судовыя паперы не расказваюць. Занатавана — «па волі Божае».

Пані Дарбутова засталася ўдавой. Суседзі празвалі яе «чорная пані» — дзівачку бачылі толькі ў чорных «сармацкіх» строях.

Пра маладога Андруся Сташынскага ніякіх звестак гісторыя не захавала.

Калі разбіваюцца крыжы…

Першыя таполевыя сняжынкі плылі па скверы маленькімі прывідамі.

— Вось тут быў склеп… Тут і тут…

Кастусь вадзіў пальцам па аркушы з акуратна перамаляваным планам.

— Дарэчы, бабуля перадала табе піражкі… З капустай, — ён дастаў з джынсавага заплечніка каробку ад вафельнага торта, загорнутую ў чорны пакет. — Ад Карла Карлавіча сардэчнае «кар».

— Яшчэ цёплыя… — Магдаліна не вытрымала, выхапіла прысмаку, як сто год не еўшы, адкусіла: —Дзякуй!

— Таму я збіраюся зараз на Кальварыю. Хмель пісаў пра гільзу… Калі паперы ў ёй, ёсць шанц, што захаваліся. Узяць шчуп, як у археолагаў… Можа, камяні ад падмуркаў знойдзем… А ў гонар чаго чырвоная сукенка? Нібыта першамайскія святы прамінулі.

Добра, што ў гэты момант Магда не паспела адкусіць наступнага кавалка — так раззлавалася. На сябе, бо няёмкасць і шчымленне не праходзілі, і на гэтага нахабу, якому так лёгка і проста.

Адказ гучаў выклікам:

— Мы з Маркам раніцай падалі заяву ў загс.

Цёмныя вочы Сташынскага толькі трохі прыжмурыліся — нібыта пільней у яе ўглядаўся.

— Віншую. Вы цудоўная пара. Нявесты колісь былі менавіта ў чырвоных сукенках. Мода на белыя пайшла ад Марыі Цюдор, калі яна выходзіла за французскага прынца.

— У мяне проста іншай сукенкі няма, — скрозь зубы працадзіла Магдаліна. — Я сукенак і спадніц не люблю.

І ўсё… І ён далей разважае пра магілы ды скляпенні. А чаму Магдзе балюча? Дурніца! Заўсёды ж ведала, што гэты насмешнік зусім ёю не цікавіцца. Ды і яна ім. Гэта ейнае самалюбства вярэдзіць.

— Слухай, раз ты вучылася ў Літаратурным інстытуце, што ты пішаш?

Магда нават разгубілася:

— Артыкулы. Крытычныя.

— Які з цябе, прабач, крытык? Ні ведання, ні досціпу, ні «рытуальнай злосці». А што для душы?

І Магда нечакана сказала:

— Я вершы пішу.

— Прачытай.

У паэткі зашумела ўвушшу. Марку яна не паказвала свае рыфмаваныя спробы ўжо даўно, з тых часоў, як ён сказаў, што паэта з яе не выйдзе. І нікому не паказвала… Можна ўявіць, як спляжыць іх гэты «спецыяліст»… Але радкі, як прызнанне злачынцы, чамусьці самі рваліся з вуснаў, чамусьці адчувалася: пры гэтым хлапцу — можна.

Толькі магілы ёсць у мяне. Траву па-над імі вецер кране, І адгукнуцца сурмы нябёс. Як над магілаю дрэва — мой лёс. Я паўтараю вашы сляды, Я разбіраю почырк сляпы, Кветкі сплятаю, словамі ўю. Я вас не бачыла. Я вас люблю.

Яна чытала яшчэ і яшчэ. Кастусь не лгаў. Ён не захапляўся, не рабіў заўваг. Сядзеў і слухаў. Што тут такога? Птушка спявае. Таполя рассявае белы пух. Магдаліна чытае свае вершы.

— Запомні,— амаль жорстка сказаў Кастусь. — Цябе не павінна турбаваць, што скажу я ці хто іншы. Слухай сябе. Ты яшчэ дзіця. Але ў цябе пачалі расці крылы. А яны альбо ёсць — альбо іх няма. І ніколі не будзе. Імітацыя палёту, папяровыя самалёцікі, вышыня трыбуны відочныя гэтак жа, як відаць, што чалавек сляпы… Не бойся і не саромейся сваіх вершаў. Яны крылатыя істоты.

— Але мне страшна, — прашаптала Магдаліна. — Чамусьці тое, што да мяне прыходзіць, такое сумнае… Можа быць, гэта ад таго, што я пачала пісаць на беларускай мове?

— У рускага паэта Георгія Адамовіча ёсць выказванне: «Грусть мира поручена стихам. Не будьте же изменниками». Так што не бойся. І… пачытай яшчэ.

А па скверы ішоў Марк Ялецкі. Нібы не заўважыўшы Сташынскага, загаварыў да Магды:

— Добра, што тваю сукенку відаць за квартал. Я, між іншым, столік у кавярні замовіў. А ты… — павярнуўся да Кастуся, не хаваючы раздражнення, — адчапіўся б ужо ад дзяўчыны.

Кастусь узняўся з вінаватым выглядам, ускідаючы джынсавы заплечнік за спіну.

— Прабач, Марк… Але я не ведаў, які ў вас дзень, пакуль Магдаліна не прызналася. Віншую вас.

— Кастусь! Вы на Кальварыю? — затрымала яго Магда і зірнула на Марка такімі зялёнымі вачыма, што пярэчыць было нельга. — Марк! Пойдзем з ім! Гэта апошні след!

У шатах дрэў сноўдалі вароны. Усе планы былі дарэмныя. Нябожчыкаў тут пачалі хаваць нашмат раней, чым месца сталася афіцыйнымі гарадскімі могілкамі. Гэта быў некропаль-лабірынт, дзе магілы былі над магіламі, а памяць жабравала на пагосце.

На Кастусёвым плане значылася тры склепы справа ад касцёла. Ад аднаго застаўся падмурак, на месцы другога — паўзарослая яміна ад бомбы. Трэці, ацалелы, не меў блакітнага трохкутніка. На сметніцы ля цаглянай сцяны валяліся ржавыя крыжы, парудзелыя вянкі і расколатая мармуровая пліта з магілы былога мінскага губернатара. Карціну дапаўнялі свежыя яміны і барозны, быццам тут нядаўна гізавала сям'я дзікоў.

— Ну, што, будзем магілы Кастусёвай драцінай пароць? — з'едліва азваўся Марк. — Ар-рыгінальна я святкую заручыны.