Выбрать главу

— Ну вось…

— Лухта нейкая! — не здавалася Магдаліна. — Які сэнс пісаць светаадчувальным атрамантам, калі я ці нехта іншы маглі проста прагарнуць тыя старонкі, не чытаючы, і знішчыць тэкст.

— Вядома, рызыка была, як і незразумелая нам перасцярога, — заківаў Кастусь. — Але я сустракаўся з тымі, што прайшлі турмы і лагеры. Нешта ламаецца ў душы чалавека, і ён асцерагаецца нават тады, калі яму ўжо не варта баяцца. Ваш Іван Хмель, ведаеце, на якое аддзяленне спрабаваў пасля вайны паступіць? На хімічнае! Так што мог сам вырабіць такі атрамант. Часу ў яго хапала. Я думаю, каб рэакцыя пачалася, трэба, каб напісанае было на святле пэўны час. Почырк вельмі дробны, на кожную старонку вы патрацілі, мусіць, хвілін пяць, чытаючы? Так?

— Ну, напэўна…

— А выпадкова прагарталі б за секунды. Успомніце, у самім тэксце не было ніякіх дзіўных указанняў?

Магда задумалася.

— Ну, хіба што ён прасіў апошнія радкі прачытаць раз дваццаць…

— Каб вы іх запомнілі! — усхваляваўся Кастусь. — І… вы помніце, праўда?

У Магдаліны раптам закруцілася галава. У пытанні Кастуся ёй падаўся той жа інтарэс, што і ў пытаннях чалавека ў сінім касцюме з кабінета рэктара. З яе досыць…

— Нічога я не памятаю! Адчапіцеся ад мяне! — і рушыла подбегам — зусім не заваёўваць шырокі свет, як збіралася з раніцы, а да аўтобуснага прыпынку, ехаць да надзейнага Марка, да ўсталёванага, абароненага жыцця.

Аўтобус толькі што паказаў жоўты зад у клубах дыму.

— Істэрыка ў вашым родзе перадаецца з пакалення ў пакаленне ці гэта ваш асабісты ўнёсак у айчынную гісторыю? — Кастусь сярдзіта пазіраў на Магду. — Мне што, бегаць за вамі да другога прышэсця? Добра, што я не эпілептык, а то мільганне вашых панчох у палосачку здольнае выклікаць прыступ.

Магдаліна злосна прыкусіла губу. А Кастусь працягваў вельмі сур'ёзна:

— Год таму я быў у камандзіроўцы ў раённым музеі. І там выпадкова даведаўся, што ў адной мясцовай сям'і захоўваецца рукапіс філосафа дзевятнаццатага стагоддзя Альгерда Андрыеўскага. У 1863-м ён, як і ваш прадзед, біўся на баку інсургентаў, быў паранены, схоплены і пасаджаны ў Бабруйскую крэпасць. Там і памёр. Ягоны маёнтак перайшоў ва ўладанне таго, хто выдаў інсургентаў… — Цяпер Магда слухала, стаіўшы дыханне. — Пра Андрыеўскага забыліся. Рукапіс захоўваўся ў нашчадкаў здрадніка. Адзіны ацалелы рукапіс! Разумееш? Адзіны! І калі і ён знікне, мая Беларусь акажацца збяднелай яшчэ на адно імя. А іх столькі ў яе адабралі! І гэты чалавек… Ён сягаў думкай у будучыню чалавецтва, а ад яго на роднай зямлі, за якую аддаў жыццё, не застанецца нічога! Зусім нічога! Ты адчуваеш, як гэта несправядліва? — Кастусь гаварыў так горача, што на іх з Магдай пачалі азірацца. Хлопец суцішыў голас. — У сям'і паважаных, заможных людзей мяне сустрэлі, як быццам я абакраў мясцовую царкву. Як я зразумеў, у тым родзе з пакалення ў пакаленне перадавалася варожасць да былой ахвяры. Псіхалагічныя штучкі — пачуццё віны спараджае нянавісць да бязвінна пакрыўджанага. Карацей, я і грошы прапаноўваў, і страшыў Акадэміяй навук, і прасіў па-чалавечы.

І зразумеў, што яны зараз жа, як я пайду, гэты рукапіс, якому раней не надавалі ніякага значэння, знішчаць. Проста цуд, што яны не зрабілі гэтага раней! Адзінае, што прыходзіць у галаву — колішнія ўладары маёнтка захоўвалі «кампрамат» на законнага ўладальніка. І хоць маёнтка даўно не стала, і сутнасць справы забылася, спадчыннікі па традыцыі рукапіс хавалі. І я яго… скраў.

— Нічога сабе! — не вытрымала Магдаліна. — Гэта ж… нядобра!

Кастусь злёгку пачырванеў.

— Я разумею, што нядобра… Але я паклаў у той куфэрак пяцьдзесят рублёў — усё, што меў. Дый і злодзей з мяне аказаўся ніякі — дагналі, далі ў каршэнь… Добра, у міліцыю не пацягнулі. Але рукапіс я абараніў. І з дакладам пра Андрыеўскага мяне нават запрашалі на канферэнцыю ў Чэхію.

— Гэта ўсё азначае, што вы ад мяне не адчэпіцеся, — задумліва, але без варожасці прагаварыла Магдаліна.

Кастусь моўчкі хітнуў галавою. Магдаліна тузанула сябе за касу.

— Мне трэба падумаць… Можа быць, што-небудзь і ўспомню…

У аўтобусе, які вёз яе да дабрадзейнага Марка, Магда чамусьці сцягнула з кос жоўтую і фіялетавую гумкі, і яе валасы ляглі звыклай неахайнай капой.

Карл Карлавіч ідзе ў госці

— Забірай зараз жа гэтае паскудства і нясі ў школу! Маці стаяла перад Магдай з мокрай анучай у руках.

— Усю хату твой крук загадзіў! У клетцы, бачыш, трымаць шкада! А ты ж у мяне пісьменніца, падлогу памыць — ручкі ўпэцкаеш. Паслухайся хоць разумнага чалавека — я пра Марка кажу, мяне ж ты за разумную не лічыш… Або забірай Карла, або я яго зараз з балкона шугану!

Магдаліна прыгнечана маўчала. Маці, яшчэ не старая прыгожая жанчына, прыгорбіўшыся, пайшла на кухню. Адтуль зараз жа раздалося адчайнае стракатанне машынкі-друкаркі — чарговая матчына «халтура». У Магды не хапала сумлення крыўдзіцца. Вядома, маці так ганарылася, што дачка паступіла ў маскоўскі інстытут, што выб'ецца ў людзі. А тут — ні вучобы, ні працы, адзін крумкач.

Так Магда апынулася перад пад'ездам свайго дома, з цяжкой клеткай, захінутай пледам у чорна-чырвоныя краткі, у адной руцэ, і парасонам у другой. Дожджык перакрэсліваў дарогу ва ўсіх напрамках, і ісці кудысьці відавочна не было сэнсу. Белыя анёлкі абселі каштаны і падскоквалі на пругкіх галінках, ловячы празрыстыя кроплі.

— Гэта ваша звычайная экіпіроўка для праменаду? — у пытанні чуўся вясёлы жах і нават павага.

Настырны Кастусь, сунуўшы рукі ў кішэні мокрай наскрозь джынсовай куртачкі, белазуба ўсміхаўся. Магдаліна рэзка развярнулася ўбок і рушыла амаль бягом па лужынах, абы сысці.

— Хаця ад дамы ў вас няшмат, але рэшткі выхавання ўва мне так і змушаюць прапанаваць дапамогу…

Магда спынілася. Ну і нахабнік!

Яна як мага пранізліва зірнула ў Кастусёвы вясёлыя вочы:

— Прабачце, я вельмі, вельмі спяшаюся!

І тут падаў адчайны голас Карл Карлавіч:

— Кар-р-равул!

І заварушыўся, аж Магда ледзь не выпусціла клетку.

— Што гэта ў вас там?!!

— Крумкач… Іван Хмель пакінуў…

— І куды ж вы яго несяцё дажджом?

— У школу… У жывы куто-ок… — Магдаліна раптам пачала неяк па-дзіцячы ўсхліпваць, стараючыся схаваць ганебныя слёзы ад непрыемнага суразмоўцы.

Кастусь уважліва паглядзеў на дзяўчыну, нахіліўся, расхінуў посцілку на клетцы. Між прутоў паказалася моцная шэрая дзюба, зірнула чорнае вочка ў колцы белаватых пёркаў, з залатой іскрынкай у цэнтры.

— Ну, прывітанне! Як цябе завуць, дружа?

І раптам з клеткі прагучала хрыплае, але цалкам разборлівае:

— Кар-рл Кар-рлавіч… Пр-рафесар-р…

А пры ёй не гаварыў! Магда аж плакаць перастала. Кастусь жа нібыта і не здзівіўся:

— Прыемна пазнаёміцца, калега. Малодшы навуковы супрацоўнік Кастусь Сташынскі… Кандыдат гістарычных навук… Можа быць, прафесар зойдзе да мяне на гарбату? Выключна ў навуковых мэтах… Мая бабуля вельмі любіць птушак, гасцей і выдатна пячэ піражкі.

Белыя анёлкі-суквецці гайдаліся на галінках каштанаў усё мацней, бо дождж ператварыўся ў залеву. І стаяць на месцы было глупствам.

…Прызнацца, пры поглядзе на Кастусёву бабулю не верылася, што яна ўмее нешта гатаваць. Бабуля была па-спартыўнаму падцягнутая, у нагавіцах і прасторнай сіняй блузцы. Сівыя валасы, калісьці, відаць, чорныя, коратка пастрыжаны. Бабуля абыходзілася без акуляраў, затое на шыі віселі каралі з вялізных, з каштан, кавалкаў неапрацаванага бурштыну.

— Ад шчытавідкі добра дапамагае! — нізкім голасам патлумачыла Яўгенія Іванаўна, заўважыўшы Магдалініну цікавасць. — Я гэтыя кавалкі калісьці сама вылавіла ў Балтыцы! — у бабуліным голасе гучаў гонар. — У сакавіку лёд пайшоў у заліве, а ў ім — бурштынавы слой. А хвалі, а сівер! І ўвесь бурштын ад берагу адганяе. Мужыкі стаяць з сачкамі, лаюцца. А я маладая была, адчайная — распранулася, і ў ваду! Муж, дзед Кастусёў, мяне пасля спіртам расціраў са свайго афіцэрскага пайка, і ўнутр — сто грамаў. І нічога, нават насмарку не схапіла! Не тое што цяперашняя хліпкая моладзь. Я ж уральская казачка! Нас у палонках хрысцілі! Ешце піражкі, маладыя людзі. Вось гэтыя — з капустай, а гэтыя, тоўсценькія, — з рысам і мясам. А гэтаму птушанятку я зараз таксама нешта смачненькае дам…