Выбрать главу

Валянцін не зьбіраўся апраўдвацца.

— Я заўсёды лічыў, што душэўныя пакуты – горш за цялесныя. Ну выцяў бы я напарніка – шмат ён ад гэтага пацярпеў бы? А ён жа ўсё жыцьцё пакутуе ад таго, што ня даў Бог таленту, ад зайздрасьці канае. А дзядзька Панас усё жыцьцё ў страху жыве. Ды ў іх жа пекла на зямлі! Іх шкадаваць трэба.

Маленькая аблачынка над гарой ляцела, быццам пяро, згубленае легендарнай птушкай Сімург, якую шукаюць усе птушкі на сьвеце, каб зразумець, што яе няма.

— А чаму Марыя Апанасаўна не прыехала? – пацікавіўся Сымон.

Паліна паківала галавой.

— Маці так і не даравала мне, што я адшукала бацьку.

— Так, крутая ў цябе цешча, Валянцін, — пасьміхнуўся Сымон. – Я б з ёй лепей упраўляўся.

Валянцін зьбянтэжана кашлянуў.

— І спадар Генадзь кудысьці зьнік…— працягваў штурман.

Паліна ціха засьмяялася.

— Ды людзі пачалі заўважаць падабенства яго з помнікам. Пальцамі паказваць. Ён і ня вытрымаў. Да таго ж заўтра ў ягонай студыі сьпектакль, паехаў на прагон у Вільню.

— Дык вы дакапаліся, адкуль такое падабенства? – зноў пацікавіўся Сымон.

— Не, — уздыхнула Паліна. – Ніякіх сьлядоў. Зразумела толькі, што выпадковым такое супадзеньне абліччаў быць ня можа. Хаця на магіле Рашчынскага разьбілі герб – значыць, прызналі, што апошні ў родзе. Братоў і сясьцёр ён ня меў. Хіба што ёсьць зачэпка – невядомы бацька аднаго з Рагманавых. Па ўзросьце бязбацькавіч мог быць сынам Вінцэся Рашчынскага – але нарадзіўся, калі той жыў у Парыжы. Так што – цемра часу. Ды каго з нас ні ўзяць – колькі ў нас крыві намяшана! Колькі людзей, пра якіх мы ніколі ня чулі, перадалі асабіста нам свае вартасьці і заганы, цяжар сваіх грахоў і веліч добрых учынкаў. Нават у Бібліі шмат разоў паўтараецца пра адказнасьць да сёмага калена.

— Гэта ты пра карму? – удакладніў Сымон.

— Ды кінь свае ўсходнія вышукі! – пакрывілася Паліна. – У нас хапае свайго – і філасофіі, і містыкі. Ведаю адно – Гасподзь заўсёды дае магчымасьць выбару. Ёсьць прадвызначанасьць – і ёсьць наша воля. Усё ўраўнаважана ў гэтым ня лепшым, але падораным нам сьвеце. Нават самы страшны праклён можа страціць моц ад аднаго подыху дабра. Тое, што ўчынялі продкі, адбіваецца на нас, але й тое, што мы ўчыняем – ведаюць продкі.

— Гэта ў кітайцаў… — пачаў быў Сымон, але Паліна і Валянцін перашкодзілі распачацца чарговай лекцыі па ўсходняй філасофіі.

Любі сваё, спадар!

Вецер ударыў у твары, і быў ён вільготным, як зрэзаныя на золку кветкі. Ды яшчэ з сасны пасыпаліся дробныя кроплі –сьлёзы, і ўсьмешка сусьвету стала трохі сумнай. Сымон разьліў у падрыхтаваныя чарачкі-напарсткі нейкі цёмны настой.

— Гэта можна… На тыбецкіх травах… Жартую, жартую – настоена на нашым, беларускім, дзівасіле. Ну, за Вінцэся Рашчынскага!

Маладая трава зашумела, нібыта па ёй прайшоў нехта нябачны, стаў побач.

— За вечную памяць! За Беларусь!

— За Беларусь!

І нас забудуць непапраўна рана. Як мы забылі – так забудуць нас. Наш сьлед зямны загасіцца, як рана, Як гасьне слуцкі залаты паяс. Не затрымацца ні радком, ні вершам. Парсуна страціць колер і імя. Хто быў апошнім – той ня стане першым, І першага таксама зьесць зямля. І я таму над пыльнай кнігай сьлепну, І падымаю камні на кладах, І разьбіраю тонкі почырк неба Па лісьцем зацярушаных сьлядах. Я памяці служу, як служаць храму. Між мною і мінуўшчынай – ня шкло, А лёгкі дождж, і агароджа Брамы – Архангела празрыстае крыло. І можа, я – таксама толькі кніга З лістамі, недаступнымі дажджу. Няхай маё імя забудуць звыкла – Я буду жыць у тым, што запішу!

2003