Выбрать главу

„Сідараўна, ёсць да вас просьба. Дайце, кажа, ключ ад вашай кладоўкі Ваню“.

Я не зразумела адразу, завялася:

„Навошта яму ключ? Не дам я нікому ключа“.

Ён — галоўны лекар і мог загадаць мне, а ён просіць ласкава так:

„Зразумейце, Сідараўна. Гэта вельмі патрэбна“.

Тады я і пытаюся ў яго:

„Скажыце мне, Сцяпан Андрэевіч, хто гэтыя хлопцы?“

„Я нічога ад вас не таю, Сідараўна, — адказаў ён. — Гэта разведчыкі савецкія. Ім трэба нешта перадаць па радыё нашым. Яны аблюбавалі вашу кладоўку“.

Кладоўка для бялізны была на гарышчы трэцяга корпуса, дзе размяшчаліся ізалятары.

На другі дзень раніцой аддае мне ключы не Ваня, а Лёша і кажа ціхенька, але хуценька, ніколечкі не заікаючыся: „Дзякую, кажа, Клаўдзя Сідараўна. Утульная ў вас мясцінка там, зручная. Але мы вас будзем турбаваць не часта“.

Пасля я ведала, што яны перавозілі і пераносілі рацыю сваю ў розныя мясціны. Каб не засеклі іх.

Сцяпан Андрэевіч у той час пайшоў служыць ва ўправу. Нашы, хто не ведаў яго добра, лаяліся: да немцаў падлізваецца. Некаторыя нават кінулі працу. Бо ён заставаўся галоўным лекарам. Але цяпер ён не сядзеў увесь час у бальніцы. Прыязджаў пасля абеду, рэдка зранку, на кансультацыю, на абход. Бальніцай загадвала яго намесніца Вакулава, Раіса Сяргееўна. Яна і да вайны ў нас працавала, у дзіцячым аддзяленні. Не старая яшчэ была, ды ў першыя дні вайны яе сына забіла бомбай, шаснаццаць гадоў хлопчыку было. Можа, ад гора такога яна ўся пасівела. Белая-белая была. І маўклівая. Рэдка слова ад яе пачуеш.

Раісу Сяргееўну гестапа схапіла ў тую ноч, калі забілі Савіча. Тады шмат каго з нашых арыштавалі. Аптэкарку Надзю (прозвішча не помню ўжо), Васю Адзінца, шафёра санітарнай машыны; Сцяпан Андрэевіч, калі пайшоў ва ўправу, машыну гэтую раздабыў для бальніцы. Грузавічок з будкай. Здымалі будку, вазілі дровы з лесу, бо са склада немцы не давалі. Добра ведаю, што і ў лес машына пустая не хадзіла: часам ехала па дровы пяць чалавек, а назад вярталася двое. Хто ўцякаў з лагера — прытулак у нашай бальніцы меў. Ачуняе, падкорміцца чалавек — і ў лес. Я такім вопратку знаходзіла, купляла, выменьвала. Мяне аднойчы сама Раіса Сяргееўна папрасіла купіць дзесяць ватовак, грошы дала. Але яна — не як Сцяпан Андрэевіч — не з адкрытай душой. Яна быццам і не давярала мне, асцерагалася. Мне гэта, прызнаюся, крыўдна было. Сцяпан Андрэевіч вунь каго мне даверыў — разведчыкаў! Ды і не толькі разведчыкаў! Аднойчы Вася прывёз у машыне „хворага“ — лысага чалавека з вясёлымі вачамі. Прывёз тады, калі Савіч у бальніцы быў. З машыны яго ссаджвалі, пад ручкі вялі, як напраўдашняга хворага. А паклікаў мяне Сцяпан Андрэевіч да сябе, гляджу: „хворы“ гэты ходзіць па кабінеце, гладзіць лысіну і весела смяецца, падміргвае. Доктар таксама ўсміхаецца:

„Трэба, кажа, Клаўдзя Сідараўна, гэтага хлопчыка памясціць у бокс у дзіцячае аддзяленне“.

А той смяецца:

„Вы мяне коклюшам не заразіце, а то буду кашлем птушак у лесе палохаць“.

„Дайце, — кажа мне Сцяпан Андрэевіч, — на сённяшні вечар якое-небудзь заданне вартаўніку. А на прахадную пастаўце Лёшу. Няхай падзяжурыць. Гэтак жа зрабіце з сястрой. Выдумайце якую-небудзь прычыну. А самі падзяжурце за яе“.

Я ўсё зрабіла як трэба. У той вечар яны доўга раіліся ў працэдурнай. Лысы, Сцяпан Андрэевіч, Раіса Сяргееўна, Вася Адзінец і яшчэ тры ці чатыры незнаёмыя мужчыны, якіх прапусціў Лёша.

Я хачу перапыніць расказ Клаўдзі Сідараўны, каб паведаміць чытачам, што Пракоп Варава, камандзір, пасля камісар атрада імя Чапаева, запіскі якога я знайшоў у архіве, быў лысы і вясёлы чалавек, як расказваюць тыя, хто яго ведаў асабіста. Гэта дае мне падставы меркаваць, што на нараду з падпольшчыкамі прыходзіў не хто іншы, як Варава.

Памер газетнага артыкула не дае магчымасці прывесці расказ К. С. Сухадол цалкам дэталёва. Яна расказала, што недзе ў пачатку сорак другога года загінулі Лёша і Ваня. Прозвішча аднаго з іх было Калуноў, але каторага — жанчына, на жаль, не помніць, ды наўрад ці было гэта сапраўднае прозвішча. Іх схапілі на могілках, яны вялі перадачу з капліцы. Напэўна, гэта пра іх пісаў у сваёй запісцы Варава.

Клаўдзю Сідараўну ў той жа дзень папярэдзіў Савіч, каб у выпадку арышту і допытаў яна нічога не гаварыла. Папрасіліся хлопцы на работу — узялі іх, больш нічога не ведаем, што яны рабілі, чым займаліся. Яе не арыштавалі. Але праз два дні ў бальніцы быў вобыск. Гестапаўцы перавярнулі ўсё дагары дном. Нічога не знайшлі. Але ў часе ператрусу лекар Макейчык, той самы, якога лічылі за фашысцкага агента, замест спірту (да спірту ён часта прыкладваўся) выпіў шклянку кіслаты. Знарок ці выпадкова — невядома. Пасля гэтага, як расказвае Сухадол, ёй доўга не давалі ніякіх даручэнняў. Увогуле ёй здавалася, што і Савіч і Вакулава прыціхлі, нават палонных больш не перапраўлялі за горад. Толькі Вася колькі разоў браў у яе прасціны і марлю. Пасля яна зноў пачала выконваць розныя, як сціпла кажа гэтая жанчына, дробныя даручэнні: узяць да сябе дзяўчыну і выдаць за пляменніцу, да некага схадзіць, нешта схаваць, нешта перадаць і г.д.