Выбрать главу

— Тэндэнцыя, безумоўна, шкодная, — спакойна згадзіўся Тарасаў, праглядаючы апошнюю старонку артыкула, а потым узняў галаву, глянуў на Гукана і сказаў: — Але я не бачу лагічнай сувязі. Пры чым тут гэтая тэндэнцыя да таго, што Шыковіч хоча даказаць ды амаль даказвае, што ў бальніцы была падпольная група. Ты цвёрда ведаеш, што яе там не было?

Гукан шумна сеў з боку стала, ляпнуў сябе далоняй па грудзях.

— Ды не ў гэтым справа, Сяргей Сяргеевіч! Тут галоўнае — метад. Пры такім метадзе пошукаў любы фашысцкі паслугач можа цяпер аб'явіць сябе падпольным дзеячам…

— А хто тут аб'яўляе? — паклаў на артыкул рукі Тарасаў.

— Ды хаця б баба гэтая…

— Сухадол? — голас сакратара гаркома раптам стаў жорсткі. — Дзе ж яна служыла? У заразнай бальніцы?! — І рэзка падняўся. Але, мабыць, спалохаўшыся, што можа сарвацца, дастаў папяросу, запаліў і сказаў прымірэнча: — Не гарачыся, Сямён Парфёнавіч. А то як бы нам не вярнуцца да старой тэндэнцыі, якая таксама нямала шкоды нарабіла.

Гукан зразумеў, што Тарасаў знаёміўся з артыкулам раней. Не мог ён, так бегла прагледзеўшы, запомніць прозвішчы і абставіны.

«Ясна, Шыковіч узгадняў з ім. Цяпер, безумоўна, Тарасаў будзе падтрымліваць яго. З ім не дамовішся. Трэба ісці ў абком».

— Ты пачытай уважліва. Як ён будуе артыкул. Робіць надзьмутую позу аб'ектыўнага шукальніка. А па сутнасці, рэвізуе рашэнні гаркома аб падполлі.

— Сур'ёзна? — зноў як бы здзівіўся Тарасаў. — Ну, гэта мы паправім.

«Паправім? Няўжо ён збіраецца друкаваць?»

— Ты што, лічыш, што гэтую муру можна друкаваць?

Тарасаў зноў сеў, падсунуўшы крэсла бліжэй да Гукана, каб не было так афіцыйна, убок выпусціў дым і, пранікліва зазіраючы ў глыбокія чорныя вочы Гукана, спытаў па-сяброўску інтымна, каб выклікаць на шчырасць:

— А што цябе, Сямён Парфёнавіч, так усхвалявала? Жаданне Шыковіча рэабілітаваць Савіча? А калі ён сапраўды патрыёт?!

— Сяргей Сяргеевіч, ты далёкі ад нашых партызанскіх спраў. Ты быў на фронце. А я ў самай гушчы варыўся. Ты не ўяўляеш умоў, у якіх мы вялі барацьбу. Акупанты, правакатары, здраднікі. Нарэшце, такія зайцы, якія баяліся вушамі паварушыць. А цяпер хочуць выдаць сябе за герояў. Ну, у атрадах, там ясна, на віду ўсё: хто герой, хто баязлівец. А вось тут, у горадзе… Я семнаццаць год разбіраюся з гэтымі справамі…

«Нічога ты не разбіраешся. Напісаў за цябе ІІІыковіч кнігу, і ты цяпер выдаеш яе за непагрэшную ісціну», — падумаў Тарасаў з абурэннем. А сказаў з усмешкай:

— Памруць гісторыкі, Сямён Парфёнавіч, калі ты захопіш манаполію на ўсе даследаванні.

Гукан зразумеў іронію сакратара, і яна моцна апякла яго. Ён ажно адхіснуўся. Але зрабіў выгляд, што адваліўся на спінку крэсла, прыгладзіў рэдкія валасы, адпарыраваў амаль весела:

— Ну, з Шыковіча гісторык, як з мяне… паэт.

Тарасаў патушыў у попельніцы папяросу і адсунуўся разам з крэслам да стала. Быццам абодва работнікі захацелі разгледзець адзін аднаго з пэўнай адлегласці.

— А гэта дрэнна, што мы з табой не паэты. На нашых пасадах нам трэба быць паэтамі. Неабавязкова, канешне, рыфмаваць. Рыфмачоў без нас даволі. А вось мысліць паэтычна, шырока і вобразна… — Сакратару самому падабалася гэтая нечаканая думка, і ён падняўся да акна з намерам трохі пафіласофстваваць. Але Гукан зірнуў на гадзіннік і таксама падняўся:

— У мяне сустрэча з архітэктарамі. Не хочаш папрысутнічаць? Архітэктура блізкая да паэзіі.

— Не, дзякую. Ты ж казаў, вы самі не разабраліся яшчэ. Не буду перашкаджаць вам спакойна разбірацца.

— Дык што з гэтым? — зняважліва кіўнуў Гукан на стол, дзе ляжаў артыкул.

— Пачытаем. Падумаем. Памяркуем.

— Жывіцкаму пазвані, а то, чаго добрага, пад націскам напорыстага аўтара…

— Не бойся. Без нашай з табой згоды не дадуць.

Застаўшыся адзін, Тарасаў доўга, задумліва паліў каля адчыненага акна, разглядаючы вуліцу, машыны, прахожых. Потым дастаў з сейфа нейкі дакумент, пачаў чытаць яго не сядаючы. Зайшла работніца гаркома высветліць нейкае пытанне — ён схаваў дакумент у шуфляду стала. Пагутарыў з ёй, падпісаў паперы. Выйшла — павольна дачытаў гэтыя нейкія паўтары старонкі на машынцы, прагледзеў дакумент яшчэ раз, схаваў яго ў сейф і зноў паліў каля акна.

Сказаў сам сабе сярдзіта:

— Этыка!.. Даволі такой этыкі! Эх, Сяргей, Сяргей, страхуешся. Пасаромейся! Не бойся шышак.

Рашуча падышоў да століка з тэлефонамі, набраў нумар.

— Жывіцкі? Прывет. Што гэта ты марынуеш справаздачу аб злёце ўдарнікаў камуністычнай працы? Заўтра? Ох, аператыўнасць у вас! Шыковіч у рэдакцыі? Папрасі яго зайсці да мяне.