— Дамовіліся, што ты не будзеш крыўляцца. Я не люблю.
А ён зусім не крыўляўся. Яму сапраўды ў той міг нясцерпна хацелася падхапіць яе на рукі і панесці ў невядомую даль, ад людскіх вачэй, дзе б яны маглі застацца адны.
Нарэшце яны атрымалі лодку…
Славік, паказваючы сваю радасць і сілу, адразу ад мастка так шырока замахаў вёсламі, што ледзь не ўрэзаўся ў другую лодку.
— Асцярожна! — упікнула Маша, яна сядзела на карме. — І не туды. Туды, — паказала ўверх па цячэнню. — Я ж сказала, што буду эксплуатаваць.
— А я хацеў да Чорнага мора.
— Не, лепш ужо да Балтыйскага. Вёрст трыста правалачэш па сушы. Так рабілі нашы продкі. Яны былі сапраўднымі рыцарамі. Не тое што ў наш час.
Славік, не дужа натрэніраваны вясляр, хутка адчуў, як нялёгка веславаць супраць, здаецца, непрыкметнай, а ў сапраўднасці даволі моцнай плыні ракі. Павольна праплылі зарослыя кустамі чаромхі і каліны абрывы парку, няхітрыя збудаванні і дэбаркадэры прыстані з закапцелымі стомленымі параходзікамі каля прычалаў. На высокай кручы над прыстанню, за старымі таполямі, бялелі новыя дамы.
Маша не толькі любіла горад знутры, яна любіла глядзець на яго адгэтуль, з ракі, а яшчэ лепш здалёк, з насыпу акружной дарогі, і з таго вунь гаю, да якога ёй хочацца даплыць. Няхай папацее гэты шукальнік лёгкіх прыгод! Яна, задумліва чэрпаючы ў жменю ваду, глядзела на горад.
Модная Славікава сарочка змокла ад поту і пакамячылася. Пот заліваў вочы, але, каб не выдаць сваёй слабасці, хлопец не кідаў вёслаў. Расла злосць на сябе: ніколі яшчэ ён так па-дурному не выстаўляў сябе перад дзяўчатамі. На нейкі момант з'явілася тое ж пачуццё, што і да Ніны: адпомсціць гэтай рыжай чарадзейцы за такое сваё ўніжэнне.
«Вытры пот, дурань!» — весела і лагодна думала Маша. Настрой яе яшчэ больш харашэў. Не марна згіне вечар. Будзе што ўспомніць. І расказаць. Каму? Ці не расказаць заўтра Соф'і Сцяпанаўне?
— Слава, заспявай што-небудзь.
Гэта быў амаль ужо здзек: як ён мог спяваць, так вяслуючы!
— Я пяю толькі п'яны, — прахрыпеў хлопец без усмешкі.
Яна зразумела, што даволі, бо цярпенне яго вычэрпваецца, і закамандавала:
— Права руля. Да тых кустоў. Адпачнём.
Славік азірнуўся і «высушыў» левае вясло. Лодка крута павярнула да берага, уткнулася носам у травяністую купіну. Ён, закінуўшы вёслы, выскачыў першы, выцягнуў нос лодкі на бераг. Яна, сыходзячы, падала яму руку. Ён рэзка пацягнуў яе да сябе, схапіў на рукі, лёгка падняў, цяжка дыхаючы; паспрабаваў цалаваць, нягледзячы на тое, што міма праплывалі другія лодкі.
Маша далонямі ўперлася яму ў твар, у вусны. Ён пацалаваў халодную ад частага мыцця спіртамі і эфірамі далоню. Дзяўчына спрытна, як рыбіна, выслізнула з яго абдымкаў. Адскочыла. З нядобрымі вачамі Славік ступіў да яе. Яна не адступала. Стаяла ў ваяўнічай позе, залажыўшы рукі за спіну.
— Ну!.. Паспрабуй! Атрымаеш такую аплявуху, што апынешся ў рацэ. Не лезь са сваімі пацалункамі… пакуль што…
Гэтае «пакуль што» неяк адразу астудзіла разгарачанага і ўзлаванага цяжкім веславаннем хлопца.
— Пакуль што? А калі можна будзе?
— Ніколі!
Ён весела засмяяўся.
— Ніколі? Тады дазволь цяпер пацалаваць хоць край сукенкі. Ці твой пальчык. Адзін. Любы з дваццаці.
Яна таксама не стрымала ўсмешку:
— Блазен! Калі-небудзь ты моцна пагарыш за свае дурныя жартачкі.
Яна з апаскай абышла яго, ускочыла ў лодку, села за вёслы:
— Адпіхні.
Лодка захісталася. Славік стаяў ззаду, трымаючы раўнавагу, дыхаў ёй у патыліцу, у залатыя косы. Як яму хацелася пацалаваць іх. Што за ліха! Ніколі яшчэ яму не хацелася так пацалаваць ніводную дзяўчыну, хоць цалаваўся ён з многімі. Яна як бы адгадала яго намер.
— Праходзь на карму. Але да мяне не дакранайся, а то будзеш за бартом. — Пасунулася на лавачцы, адхілілася ўбок. Але калі лодка, якую круціла плынь, хіснулася, схапіла яго за руку, падтрымала.
Яна скіравала не ўніз, а таксама ўверх і веславала лёгка, роўна, спорна. Славік, зразумеўшы, што яна знарок здзекавалася з яго, надзьмуўся, ужо зусім сур'ёзна думаючы, як бы ёй адпомсціць.
Але яна сказала проста, па-сяброўску:
— Ты, дурань, траха не сапсаваў мне настрой. А ў мяне сёння такі настрой!
— Ад чаго гэта?
— Не ведаю. Быў кансіліум у Савіч. Сэрца яе ўсе прафесары прызналі нармальным. Цудоўная аперацыя! Антона Кузьміча віншавалі.
— А хто гэты Савіч?
— Гэты! Соф'я Савіч! Няўжо ты нічога не ведаеш? — вельмі здзівілася Маша. — Табе Яраш не расказваў?
— Ты думаеш, я з Ярашам штодня п'ю чай?
— А бацька твой?
— Бацька заклапочаны, каб перавыхаваць мяне.