Выбрать главу

Тарас не крыўдзіўся і не адбіваўся. Ён думаў пра Машу. Яму вельмі хацелася сустрэцца. Але як гэта зрабіць?

— Ведаеш што? — не адставаў між тым Косця. — Я аддаю табе свой білет на сённяшні канцэрт. Запрасі яе.

— Як?

— У дваццатым стагоддзі існуе тэлефон, майстар. Калі ты баішся, я пазваню ад твайго імя.

Рэдка калі Тарас адрываўся ад работы. А то раптам знік да абеду на добрыя паўгадзіны.

У яго, як у намесніка сакратара, быў другі ключ ад пакоя камітэта камсамола. Падпільнаваўшы, калі сакратар пайшоў на чарговую нараду ў райком, ён нырнуў у пакой. Можа, дзесяць разоў падымаў тэлефонную слухаўку і клаў назад, часам набраўшы тры лічбы з чатырох. Па-першае, баяўся наскочыць на бацьку. Кніжка і даведачная станцыя паведамлялі той жа нумар, па якім ён званіў Ярашу. Урэшце адважыўся, вырашыўшы, што калі нават слухаўку возьме і бацька, то ён усё адно папросіць паклікаць Машу. Што тут такое? Бацька — гэта нават лепш, бо ён, на жаль, не ведае прозвішча дзяўчыны.

Адгукнуўся жаночы голас.

— Паклічце, калі ласка, аперацыйную сястру Машу.

— Літвін? Яна на аперацыі.

Так, так, гэта яна Літвін, ён бачыў гэтае прозвішча ў Ярашавых паперах — апісаннях аперацый.

Другі раз ён званіў смялей, чамусьці ўпэўнены, што яе не паклічуць. Трэці раз, пасля абеду, зусім смела. Але калі пачуў і пазнаў яе голас, то спалохаўся, пачаў заікацца.

З'явіўся ў цэх як удачлівы змоўшчык. Прашаптаў аднаму Косцю:

— Запрасіў.

— Згадзілася?

— Ага.

— А што, не казаў я табе? Заяц! Будзеш тыдзень паіць мяне півам.

Але самае смешнае, што Косцю не прыйшлося ахвяраваць у імя дружбы сваім білетам. Ад канцэрта адмовіўся Славік. У канцы змены ён з посным выразам твару сказаў:

— Нешта маці званіла, прасіла прыехаць на дачу. Хлопцы, хто прадасць мой білет?

— Дай мне, — падскочыў Косця. — Да мяне сястра прыехала. Сама ў калгасным хоры спявае.

У хлопцаў былі дарагія месцы, у другім радзе. Апрануты яны, як дыпламаты: у новых гарнітурах. Косця і Генрых нават у чорных, па апошняй модзе, у Генрыха і гальштук — бабачка; блішчалі манжэты накрухмаленых сарочак, зіхацелі дарагія запанкі. Ішлі па зале ўсе разам. Яна сярод іх — як вогненная кветка. Менш бачыла вачамі, больш адчувала аголенымі рукамі, шыяй, патыліцай, спіною, што яе працінаюць позіркамі, разглядаюць усе: мужчыны — з захапленнем, з цікавасцю, жанчыны — з рэўнасцю, асуджэннем, скептыцызмам, пагардай. Гіпноз соцень вачэй моцна і незвычайна хваляваў: радаваў і страшыў.

Добрая палавіна залы — музыкальная публіка, яны калі не былі знаёмы паміж сабой, то помнілі адзін аднаго па сустрэчах на канцэртах, у тэатры. Натуральна, што іх зацікавіла група добра апранутых маладых людзей, якія прабіраюцца да пярэдніх радоў.

— Хто? Адкуль? — пыталіся шэптам сусед у суседа.

— Ды гэта з кінагрупы, што фільм на рацэ здымаюць, — адказаў адзін з тых, што ведаюць усё на свеце.

— Актрыса?

— Як прозвішча?

Маша пачула гэта. І Косця, які ішоў побач, пачуў. Дакрануўся да яе рукі:

— Чулі?

Маша нервова засмяялася. Ёй зрабілася яшчэ больш весела ад таго, што яе прымаюць за кінаактрысу. Але чамусьці боязна, быццам перад адказным экзаменам. Яна так навучылася трымацца сярод людзей, самых розных! І ў тэатры — хіба ўпершыню! А вось жа хвалюецца. Чаму?

Перад канцэртам яна з хваляваннем, першы раз у жыцці, ішла ў лепшую цырульню горада, каб зрабіць прычоску. І нечакана для самой сябе выявіла такую патрабавальнасць, што малодшая майстрыца мусіла перадаць яе старшай, а тая пакрыўджана сказала:

— Ляціце, мілая, у Маскву рабіць сваю прычоску, калі вам не падабаецца ў нас.

Толькі сеўшы ў крэсла паміж Тарасам і жонкай Лапаціна, схаваўшы плечы і рукі, Маша супакоілася.

Адкрылася заслона. Ва ўсім белым, як лебедзі, стаялі праз усю сцэну паўсагнутай шарэнгай спявачкі. Над імі ўзвышаліся ў два ярусы спевакі, у нацыянальных кашулях, у чорных сурдутах.

З-за куліс выйшаў стары. Сівыя валасы, сівая, прыгожая, на клін, бародка, высакароднае інтэлігентнае аблічча і зусім маладая пастава каранастага цела, зацягнутага ў чорны фрак і белы камізэль. Ішоў ён лёгка, ступаў мякка. Пакланіўся зале. Яму горача запляскалі.

Маша падумала, што сам выгляд гэтага чалавека абяцае штосьці харошае, прыгожае.

Ён павярнуўся да хору. Падняў дзве рукі, і на нейкі міг усё замерла. Ён лёгка павёў правай рукой — і палілася песня.

Машы нават спачатку здалося, што спявае не хор, што спяваюць недзе там, за сцэнай, на вуліцы, у полі. Яна ўпершыню чула капэлу — спеў без музычнага суправаджэння. Калі песня нарасла, наблізілася і было бачна, што спяваюць усе харысты, Маша слухала заварожаная, але не бяздумная. Думкі ляцелі, як іскры: то па адной, то роем, згасалі адны, успыхвалі другія. То вясёлыя — яна ўспомніла Славіка. То сумныя — і яна не бачыла сцэны, хору, а праз затуманены зрок убачыла маці: вось яна, вярнуўшыся з калгаснага поля, гне спіну на сваім гародзе. Бясконца ў працы! На нейкі момант дзяўчыне стала сорамна, што яна заплаціла гэтулькі за сваю шыкоўную прычоску. Маці жахнулася б, каб даведалася, што яна столькі плаціць за такую непатрэбшчыну. Якая пані! «Рыжоцце такое!»