Выбрать главу

21

Яны стаялі перад шырока адчыненым акном пустога пакоя, у якім пахла фарбай і цэментам. Пакой быў на другім паверсе. Але і адгэтуль паміж садамі віднелася лукавіна ракі і зарэчныя, спачатку лугавыя, далей палявыя і лясныя прасторы.

— Цудоўна! Малайцы рачнікі! — ухваліў Шыковіч пасля добрых пяці хвілін маўклівага любавання і далёкімі прасторамі, і блізкімі садамі, і гонтавымі, шыфернымі дахамі дамоў, што густа, як ластаўчыны гнёзды, ляпіліся на пакатым беразе.

— Малайчына Кушнер! — адгукнуўся Яраш. — Ён вытрымаў галоўны бой.

— А ты маўчаў?

— Не маўчаў. Але калі пачалася бойка паміж старшынёй і намеснікам за галасы сябраў выканкома, то цяжка ўставіць слова…

— Не было мяне!

— Ты хутчэй сапсаваў бы справу. Я думаў, ты — флегматык, а ты — афрыканец.

Маша, якая стаяла крыху збоку ад іх, павярнула сваю залатую галаву, усміхнулася Шыковічу, як бы ўхваляючы, што ён вось такі, неспакойны.

— Не, ты растлумач, Антон… Здаецца, усё разумею, а паводзін яго зразумець не магу. Добра, дапускаю, што ён упэўнены, што Савіч вораг… Хоць зноў-такі, чаму такое нежаданне сур'ёзна, па-новаму разабрацца з фактамі? Чаму такая ўпартасць? Але мяне больш абурае другое: што ён мае да гэтай няшчаснай дзяўчыны? Ужо каму-каму, а яму-то ўбівалася ў галаву формула, што сын ці дачка не адказваюць за бацьку.

— Формула! Ты скажы, навошта яна патрэбна была, такая формула? Чаму, нарэшце, не адказвае? Тады па логіцы трэба ісці далей: і бацька не адказвае за сына. Ніхто ні за каго не адказвае. А вось я, наіўны чалавек, хачу адказваць за ўсіх. І хачу, каб усе адказвалі за мяне. І радуюся, што гэта цяпер запісана ў такім дакуменце!

Яраш выказаўся злосна — што стасавалася да мінулага, і любоўна-горача — аб сваім жаданні і пра той партыйны дакумент, пра які ў тыя дні гаварылі ўсе.

Маша паглядзела на яго з захапленнем, як глядзела неаднойчы ў час аперацый і пасля іх. Не ўсю сутнасць размовы, якую яны пачалі яшчэ ў машыне і прадаўжалі тут, у толькі што атрыманай Зосінай кватэры, яна адразу зразумела. Гісторыю Зосі і яе бацькі яна ведала, але не здагадвалася, што гісторыя гэтая не скончана, і не магла ўцяміць, чаму яны так абураны Гуканам. Асабліва Шыковіч. Не хацеў даваць кватэры? А каму ён вось так, адразу, даў кватэру? Што-што, а кватэрныя справы, пажыўшы ў горадзе, яна добра ведала, штодня чула размовы пра гэта, у размовах часта ўпаміналася імя Гукана: адны яго хвалілі, другія лаялі. Маша ўмела быць аб'ектыўнай. Думала, што каб яна прасіла кватэру і ёй не далі, то яна не рабіла б з гэтага такой трагедыі, як робяць другія. Таму і абурэнне Кірылы Васільевіча яна спачатку не зусім разумела. А пасля апошніх слоў, якія мужчыны сказалі, асабліва пасля слоў Антона Кузьміча, ёй усё праяснілася. Галоўнае — не кватэра, галоўнае — адносіны да чалавека ўвогуле і ўзаемаадносіны людзей, усіх людзей. Маладой душой сваёй, усім складам характару і жыцця дзяўчына была за тое, што сказаў Яраш.

Яна зноў падумала пра маці, брата, сясцёр, і ёй стала радасна, што на другі дзень пасля канцэрта яна паслала ім грошы, якія збірала на новае плацце, і напісала доўгае і добрае пісьмо.

Ехаць глядзець і абсталёўваць Зосіну кватэру Маша папрасілася сама. Кватэрка яе парадавала. Даволі прасторны пакой, маленькая, але ўтульная кухня, дзе ўсё пад рукой: двухканфорная газавая плітка, беленькая ракавіна, бліскучы кран, павярнулі — палілася вада.

Шыковіч, зайшоўшы, сказаў:

— Каб трохі вышэй. Усё-такі нізка. Час ужо адмаўляцца ад такіх габарытаў.

Яраш дастаў рукой столь і засмяяўся. Ого, дзіва што! З яго ростам! А Машы ўсё здалося нармальным і прыгожым. Яна ўзрадавалася, калі мужчыны пахвалілі від з акна.

Яна каторы раз прайшлася па пакоі. Абцасікі прыліпалі да свежай фарбы і, адліпаючы, патрэсквалі. Заставаліся ледзь прыкметныя сляды. Таму яна хадзіла не па сярэдзіне, а каля сцен, дзе стане мэбля.

— Падлогу трэба памыць халоднай вадой, — сказала дзяўчына і пашкадавала, што няма вядра і анучы.

Яраша не здзіўляў яе гаспадарчы практыцызм. Здзіўляўся Шыковіч. І любаваўся дзяўчынай. Ён таксама, як некалі на дачы Валянціна Андрэеўна, параўнаў яе са сваёй дачкой і падумаў аб адказнасці за выхаванне дзяцей. Да Іры ён, праўда, хоць быў трохі абыякавы, сына ж з рук не спускаў, а вынікі хоць і розныя, але аднолькава не надта радасныя.

Пасля яны паўдня ездзілі па горадзе — шукалі мэблю. Іх усіх аднолькава захапілі клопаты па абсталяванню кватэркі. У ашчаднай касе, калі бралі грошы, Кірыла прашаптаў сябру:

— Ты ведаеш — я скупы. Але для яе мне чамусьці нічога не шкада.

Машыну ён вёў з вясёлай зухаватасцю. Яраш жартаўліва папярэдзіў: