Выбрать главу

Праўда, калі машына павярнула на вуліцу, на якой мала што змянілася з таго часу і якую яна ведала лепш, чым любую другую вуліцу, Зося замерла — куды ён вязе? Але прамінулі завулак, да болю блізкі, — і яна зноў супакоілася.

Шыковіч чакаў іх каля пад'езда. Машына яшчэ не спынілася, а Зося ўжо здагадалася, што гэта ён.

— Кірыла Васільевіч? — спытала яна ў Машы.

— Відаць, правы яму аддалі — лысіна блішчыць, што намаслены блінец, — пажартаваў Яраш. — На яго фізіяноміі — усе яго пачуцці.

Зося вылезла з машыны і першая працягнула Шыковічу руку.

Ён асцярожна сціснуў яе тонкія, сухія, гарачыя пальцы і доўга не выпускаў іх — разглядаў жанчыну з бесцырымоннай цікавасцю. Яго прыемна ўразіла, што твар яе зусім не спакутаваны, як яму ўяўлялася, крыху бледны, але бадай што прыгожы. Усё перажытае хіба што адбілася ў вачах, вялікіх, блакітных, залішне выразных, як ва ўсіх людзей пасля цяжкай хваробы, ды ў дробных зморшчынках каля куточкаў вачэй і ў адзінай глыбокай маршчыне на высокім белым ілбе. Зося збянтэжылася ад такога яго разглядання, апусціла вочы, убачыла свае стаптаныя чаравікі, пакамечанае ў бальнічных капцёрках просценькае плацце і… засаромелася, магчыма, упершыню за многа год вось так. Да аперацыі гэта таксама здаралася рэдка. Была сарамлівасць, але заўсёды з іншай прычыны. Бадай ніколі ад таго, што нехта разглядаў яе беднае адзенне, як і ад таго, што лекары і камісіі аглядалі і мацалі яе хворае цела. І вось — амаль дзявочая засаромленасць, хоць разглядае немалады ўжо, лысаваты чалавек. Проста апрануты: стаптаныя басаножкі, пакамечаны парусінавы касцюм.

Яна ўзняла вочы, усміхнулася і спытала:

— Аддалі вам правы?

— О! — здзівіўся Шыковіч. — Вам ужо расказалі? Аддалі, але замянілі, чэрці, талон. Аднак віншую вас. Паверце, як я рады за вас! Гэтаму чарадзею трэба пры жыцці паставіць помнік. Праўда? — кіўнуў ён на Яраша, які зачыняў машыну на ключ.

Яна, Зося, і Маша адказалі яму аднолькавымі ўсмешкамі любві да чарадзея. А сам чарадзей сярдзіта нахмурыўся:

— Пайшлі. Ад Кірылы Васільевіча вы пачуеце яшчэ нямала казак.

— Чакай, — спыніў яго Шыковіч. — Соф'ю Сцяпанаўну правяду да кватэры я. Прашу, — ён жартаўліва падставіў ёй локаць.

І яна, на здзіўленне Машы, даволі грацыёзна абаперлася на яго руку і пайшла ўпэўнена, цвёрда, у нагу з ім. Па бальнічным садзе яна так упэўнена не хадзіла яшчэ. Маша зірнула на Антона Кузьміча. Той кіўнуў галавой задаволена і, здалося ёй, упершыню з гонарам, як бы кажучы: «Вось што мы здольны зрабіць з вамі».

На пляцоўцы другога паверха Кірыла спыніўся, дастаў з кішэні тонкі ключык ад французскага замка, амаль урачыста перадаў яго Зосі.

Усе ўбачылі, што рука яе задрыжала. Яна доўга глядзела на ключ.

— Адчыняйце.

Яна павярнулася і доўга не магла пацэліць у замочную шчыліну.

Потым, як бы ўзрадаваўшыся, што дзверы адчыніліся, хутка ўвайшла ў цемнаваты цесны калідорчык, павярнула налева і спынілася ў шырокіх дзвярах, аслепленая бляскам мэблі, эстампаў на сценах, агнём букета, зіхаценнем бутэлькі шампанскага, пералівамі яблык, груш, вінаграду, торта і яшчэ многага іншага, чым быў устаўлены нізкі стол на тонкіх ножках.

Убачыла ўсё гэта Зося, і яе зноў апанаваў страх, можа, апошні. Яна азірнулася і як бы паклікала на дапамогу:

— Антон Кузьміч!

Яраш прайшоў міма яе і, ні на каго не гледзячы, сказаў збянтэжана, а таму трошкі сярдзіта:

— Ну, ну… без усяго… без здзіўлення. Пасля, пасля… Усё гэта ваша. Жывіце. А мы зараз вып'ем за ваша здароўе… За наваселле, Маша! — Ён, каб нечым заняць сябе, пачаў перастаўляць шклянкі, яны меладычна зазвінелі. Падняў бутэльку з шампанскім.

— Чакай! Сапсуеш усю ўрачыстасць! — Шыковіч любіў эфекты.

Яны, усе трое, замітусіліся каля стала, на нейкі міг, відаць, забыўшыся на гаспадыню, якая ўсё яшчэ, аслепленая і аглушаная, стаяла ў парозе. А потым раптам ступіла ўперад, сапраўды як сляпая, выставіўшы перад сабой рукі. Падышла да Яраша, маленькая, просценькая, як дзяўчынка, у пакамечанай штапельнай сукенцы, палажыла рукі на шырокія грудзі яго, зазірнула знізу ў вочы і раптам прытулілася тварам да сэрца яго і… бязгучна зарыдала. Ён зусім збянтэжыўся. Не ведаў, што рабіць. Шырока расставіў рукі, трымаючы ў адной бутэльку. Ён як бы баяўся да яе дакрануцца, не мог адарваць ад сябе. У вялікай разгубленасці паўтараў:

— Не трэба… Не трэба… Што вы… Калі ласка… Зося… Соф'я Сцяпанаўна!..