— Для такой гульні ты папрасіў бы Віцю. І не стрэльбы трэба вам — кіі. А я перарос. Ды і табе час…
— Ты — гад! — закрычаў Славік, пырскаючы слінай. — Ты… Ты… Ты — падлюга! Я ненавіджу цябе!
— Завошта?
— Завошта?! Яна мая дзяўчына. Я першы пазнаёміўся!.. Я першы!..
— Ціў, — свіснуў Тарас. — Чакай, ты пра каго гэта?
— Хадзем, а то я цябе прыкончу на месцы! — шалеў Славік.
Тарас нарэшце ўсё зразумеў. Маша неяк прызналася, што яна сустракалася са Славікам. Не сказала толькі, што страчаецца па чарзе з імі. Ён не прыдаў гэтаму значэння. Мала хто з кім раней сустракаўся! Аж вунь яно як павярнулася! Аднак што гэта за метад вырашаць такія пытанні? Скажы, калі ласка, які сярэдневяковы рыцар!
— Дурань! Яна што, твая прыватная ўласнасць? Ты прысвоіў яе? Ідыёт! У яе свая галава на плячах. І не такая пустая, як твая. Яна сама можа выбраць, з кім ёй страчацца. Пайшоў ты! — Тарас моцна вылаяўся, павярнуўся і, паправіўшы на плячы стрэльбу, шпарка закрочыў назад.
У душы Славік узрадаваўся, што Тарас адмовіўся ад «каўбойскай дуэлі». Ён, безумоўна, быў упэўнены, што Тарас адмовіцца, калі яму яшчэ там, на заводзе, ускочыла ў галаву гэтая вар'яцкая думка. Але калі ішлі па лузе, спалохаўся: а раптам згодзіцца? Страляе ён лепш і ростам вышэйшы.
Адмовіўся, спалохаўся, уцякае — гэта, бадай, ужо яго, Славікава, перамога. Няхай паспрабуе цяпер расказаць пра ўсё на камсамольскім сходзе ці дзе хоча — як з яго можна пасмяяцца! А па якіх матывах ён выганіць яго з брыгады?
Аднак гэтага мала, трэба замацаваць перамогу. Тым больш што злосць не астыла, кіпела.
— Стой! Буду страляць! — Славік ускінуў стрэльбу і выпаліў угору.
Тарас уздрыгнуў. Ён ішоў з незараджанай, а гэты тып, выходзіць, зарадзіў яшчэ дома.
«Ад такога вар'ята ўсяго можна чакаць». Ён спыніўся, павярнуўся:
— Страляй!
Славік з узнятай стрэльбай пасунуўся на яго:
— Хто цябе будзе страляць! Каб прасмярдзеў увесь луг. У цябе ж поўныя штаны ўжо. Дрыжыш? Збялеў?
Сапраўды, Тарас пабляднеў і дрыжаў. Ён быў з тых, каго ўвесці ў такі гнеў, калі чалавек губляе ўладу над самім сабой, амаль немагчыма. Але няхай сцеражэцца той, хто ставіць сабе такую мэту! А неразумнаму Славіку, відаць, здалося, што ён і напраўду ўтаптаў свайго саперніка ў гразь — спалохаў, зняважыў, збэсціў. Што яму яшчэ дадаць? І ён з усяго размаху даў Тарасу кулаком у сківіцу. Той трохі пахіснуўся, адступіў на крок убок, шырэй расставіў ногі. Крыва ўсміхнуўся:
— Хіба так б'юць?
Здаецца, амаль не замахваўся, а Славік адляцеў крокаў за пяць, пляснуўся патыліцай на калючую сухую траву. Стрэльба вывалілася з рук.
Падхапіўся і пеўнем кінуўся на Тараса. Той даў яму ўдарыць сябе. А потым зноў як бы і не моцным ударам спрактыкаванага баксёра адкінуў яго яшчэ далей. Славік завыў ад шаленства і не падхапіўся, а папоўз да стрэльбы. Тарас кінуўся наперарэз. Падняў Славіка, убачыў, як заплывае ў яго падбітае вока. Спытаў:
— Хопіць ці яшчэ?
Славік да крыві пракусіў яму руку. Тарас за гэта аддзячыў яго дзвюма лёгкімі аплявухамі, без удару ўжо адкінуў у лазняк. Схапіў яго стрэльбу і адбег, схаваўся ў кустах. Славік не кінуўся шукаць яго. Сядзеў у лазе, закрыўшы далоняй падбітае вока, і ціха скуголіў — ад злосці, крыўды і болю…
Валянціна Андрэеўна жахнулася, убачыўшы Тараса з дзвюма стрэльбамі.
— А Славік? — кінулася яна насустрач.
— Ляжыць там.
— Як ляжыць?
— Я набіў яму морду. Не ўмее абыходзіцца са стрэльбай. Ледзь не падстрэліў мяне.
Маці глыбока ўдыхнула халоднае вячэрняе паветра і тады толькі пачула, што сэрца няроўнымі штуршкамі пагнала гарачую кроў у пахаладзелыя ногі.
— Што ў вас здарылася там? Тарас!
— Нічога. Ён раскажа, — адмахнуўся Тарас, перадаўшы Валянціне Андрэеўне стрэльбу.
Але размову пачула Наташа. Ускочыла ў пакой, паведаміла бацьку і маці з захапленнем:
— Тарас набіў Славіку морду.
— Што ты вярзеш? — абурылася Галіна Адамаўна.
Малая сустрэла брата на парозе, павісла на шыі:
— Тарасок, раскажы, як ты вучыў яго страляць.
— Каго?
— Каго! Славіка!
Тарас анямеў: ці не сачыла за імі Наташа? Гэтая праныра прасілася на паляванне. Вось яшчэ не хапала такой сведкі!
— Божа мой! — пляснула далонямі Галіна Адамаўна. — Ды ў цябе распухла шчака. Што здарылася?
Падняўся з качалкі Антон Кузьміч, падышоў, павярнуў сына да акна, лёгка свіснуў — здзівіўся.
— Нічога, сілу мае. Баліць? У панядзелак зробім здымак, каб трэшчыны не было.
Бацька нічога не распытваў, як заўсёды. Ён чакаў, спадзяваўся, што сын раскажа сам.