Не расплюшчваючы вачэй, ён працягнуў руку па бутэльку… І раптам адчуў, што хтосьці забраў бутэльку з-пад яго рукі. Ён падхапіўся з прымхлівым страхам.
Каля канапы стаяла маці.
— Мама?! — і зноў упаў на падушку.
Валянціна Андрэеўна паставіла бутэльку на стол. Падсунула крэсла, села побач, як каля хворага. Паглядзела ў яго здаровае вока. Моўчкі адгарнула ручнік, разглядзела сіняк.
— Не глядзі так, мама, — папрасіў Славік.
— Божа мой! Які ты малы яшчэ і дурны. Калі ты ў мяне паразумнееш?
Малы задзіра, ён крычаў не так даўно ў адказ на папрокі маці: «А чаго яны самі лезуць?» Цяпер ён крыкнуў амаль гэтак жа:
— А чаму яны не даюць мне жыцця?
— Хто табе не дае жыцця?
— Усе!
— Хто «ўсе»? Усе жадаюць табе дабра. Усе хочуць, каб ты стаў чалавекам.
— І б'юць па мордзе?
— А ты хацеў, каб стралялі? Дурань! Скажы дзякуй. — Яна паднялася ў злосці і пайшла на кухню, захапіўшы каньяк.
Славік зразумеў, што маці ўсё ведае. Тарас расказаў. Гэта страшэнна ўразіла: выходзіць, Тарас мог адразу проста так вось пра ўсё расказаць. Можа, смяяўся нават? Смяяліся ўсе разам: Яраш, бацька, маці, малая Наташка… Дуэль здалася цяпер да дзікасці наіўнай. Сорам пекануў жаркім полымем. Славік закрыў увесь твар мокрым ручніком.
23
Шыковіч не любіў восені. Увосень яму дрэнна працавалася. Нават улетку лепш. Дзіўна! Большасць пісьменнікаў мінулага пісалі ў сваіх успамінах, што найлепшы творчы перыяд — асеннія месяцы.
Раней Кірыла тлумачыў гэта тым, што дзеці, пачаўшы вучобу, жонка — работу ў школе, заўсёды месяц-два пасля канікул былі неарганізаваныя, шумныя, завальвалі ўсе сталы падручнікамі і сшыткамі, займалі лепшыя рабочыя гадзіны падрыхтоўкай урокаў і выцяснялі яго, выбівалі з «творчай каляіны». Усё жыццё ён пакутаваў ад кватэрнай цеснаты і марыў пра цішыню.
І вось наладзіў яе, цішыню: застаўся на дачы адзін. Навокал — ні душы. А дзень асенні, неба зацягнула нізкімі і цяжкімі хмарамі з самай раніцы. Пайшоў дождж, дробны, спорны, але цёплы яшчэ, — грыбны, кажуць у народзе. Дождж шамацеў у не кранутых яшчэ агнём восені лісцях дубоў, сыпаўся, як пясок, па шыферным даху. Гэта быў адзіны шум, які парушаў цішыню.
Кірыла смажыў сабе на керагазе яешню, варыў густую чорную каву і радаваўся дажджу і цішыні. Думаў, з якой асалодай і натхненнем ён папрацуе. Ірваўся да стала. Ён пісаў пра арганізацыю падполля, першы гарком, непахіснага і мужнага Дубецкага, пра групы Ганчарова, Мурыгіна, пра Яраша — пра ўсіх тых, хто першы пачаў змагацца і пра дзейнасць каго была поўная яснасць і для яго і для тых, хто будзе бласлаўляць кнігу ў свет. Ён пакуль што абыходзіў «белыя плямы». Іх нямала, найбольшая — група інфекцыйнай бальніцы, якую пакуль што ніхто не прызнае. Артыкул яго не друкуюць. А новыя дакументальныя доказы не знаходзяцца. Гэта яго злавала і перашкаджала паслядоўнаму разгортванню падзей у аповесці. Але ў апошнія дні ён знайшоў такі кампазіцыйны ход, які дазваляў гісторыю Савіча і ўсёй бальнічнай групы напісаць і ўставіць пасля. Работа зрушылася з месца.
Ён ірваўся да стала. А сеў — і раптам адчуў, што не можа пісаць. Магчыма, залішне многа цішыні і адзіноцтва. Нязвыкла. А галоўнае — многа думак. Яны, як марскія хвалі, набягаюць адна на адну, разбіваюцца аб бераг яго імкнення засяродзіцца на адным, і ў выніку застаецца адна пена ды выпадковыя непатрэбныя для працы рэчы — шматкі ад самых розных успамінаў.
Прыгадаўся ўчарашні партыйны сход у рэдакцыі. Новая вылазка Рагойшы. Ён раптам пад канец, калі быў вычарпаны парадак дня, узняў пытанне аб ідэйных пазіцыях Шыковіча. Чаму не пайшлі яго абодва артыкулы — пра Савіча і пра калгас у Загаллі?
«Пра што піша Шыковіч? Народ абмяркоўвае Праграму пабудовы камунізму, а Шыковіч у гэты час — глядзіце! — як паказвае калгас, як выказваецца аб працадні, аб культуры сяла. Праз якія акуляры ён глядзеў на свет — во што мы павінны спытаць у камуніста Шыковіча».
Рагойшу не падтрымалі: артыкулы не апублікаваны, няма пра што гаварыць! Кірыла паставіўся там, на сходзе, да гэтага чарговага наскоку Рагойшы з іроніяй, ведаючы, як шалее той ад яго спакою. А сёння яго апанавала злосць.
«Не, чорт вазьмі, я даб'юся, што артыкулы будуць апублікаваны! І адзін, і другі. Бо гэта якраз пра тое, пра што запісана ў Праграме. У абком пайду. У ЦК пашлю. Не можа лічыцца лепшым такі калгас, як у Загаллі. І такі старшыня, як Грак! Ды і такі журналіст, як ты, доўбня!»