— Хто?
— Дзеці. Абодва. Два хлопчыкі. Браты. Аднаму дзевяць, другому сем. Каб мне ўдалося прыляцець хаця б гадзіны на дзве раней. Аднаго, безумоўна, удалося б уратаваць. Непаваротлівыя ідыёты і там, у раёне, і тут, у аблздраве! Дзве гадзіны арганізоўвалі вылет. Я з іх душы вытрасу за гэтых дзяцей! — Ён скрыгатнуў зубамі. — Каб я прыляцеў раней, я зашыў бы артэрыю…
— А што з дзецьмі?
— Міна. Выцягнулі з рэчкі. І, як водзіцца, разбіралі. Ведаеш, старэйшы, Міша, быў у прытомнасці. Усё пытаў: «Дзеці цэлы? Як Алёнка?» Там былі малодшыя, і яны адганялі іх ад сябе, адчуваючы небяспеку. Падазраю, што ў апошні міг ён сабою закрыў дзяцей. Яму разарвала жывот. Дзіму асколкам прабіла шыю. Засынаючы пад наркозам, Міша сказаў: «Ох, будзе мне ад мамы!» — Яраш закрыў далонямі вочы, паківаў галавой, паўтарыў: — Ох, будзе мне ад мамы! Жахліва, Кірыла! Ніколі я не быў яшчэ такі бяссільны перад смерцю.
Шыковіч маўчаў. Што гаварыць? Яго моцна ўразіла і сама трагедыя і тое, як яе перажывае чалавек, які бачыў тысячу смерцяў, які ўмеў перамагчы яе, бязлітасную кастлявую. Яны доўга сядзелі моўчкі.
Дождж барабаніў па кузаве. Зрэдку прабягалі з парасонамі і ў накідках прахожыя. Зазіралі ў машыну не без здзіўлення. Яраш пакруціў галавой, як бы страсаючы нешта:
— У мяне ў галаве звіняць яго словы. Не магу. Напіцца, ці што? Крыўдна! У клініцы я мог бы ўратаваць іх абаіх. У Мішы парвала кішэчнік. Трэба было ўдаліць парваныя ўчасткі і хутка сшыць. Хутка! А там, ва ўчастковай бальніцы, прыйшлося ўсё рабіць дзедаўскім спосабам. Асістэнтка, раённы хірург, маладая, нявопытная, яе ліхаманіла. Ды і ў самога мяне — сорамна прызнацца — дрыжалі рукі. Жахліва! Можа, дваццаць гадоў праляжала яна на дне рэчкі, гэтая праклятая міна. Уяўляеш? І вось — новыя ахвяры вайны. Дзеці! Дзеці! Ух-х! Паедзем куды-небудзь.
— Куды?
— Куды хочаш.
— Можа, заедзем да Зосі? — спытаў Шыковіч.
— Так, так… Да Зосі, — адразу згадзіўся Яраш.
Яны зноў маўчалі, пакуль ехалі. Каля самага дома Яраш сказаў:
— Толькі не будзем расказваць ёй пра гэта.
Гаспадыня ўзрадавалася гасцям. А Маша, якая жыла цяпер у Зосі, спалохалася. Яна лепш, чым нават Шыковіч, ведала Яраша, і яе спалохаў яго выгляд. Увогуле, яна стала баяцца яго пасля нядаўняй размовы. Неяк ён паклікаў яе ў кабінет. Калі яна ўвайшла, ён сядзеў за сталом і чытаў Блока. Яна спынілася каля дзвярэй, здзіўленая тым, што ён не паглядзеў нават. Гэта не яго манера: ён кожнага з персаналу, ці то галоўны лекар, ці то санітарка, сустракаў заўсёды аднолькава — добрым позіркам, прыветлівым словам.
Маша чакала, імкнучыся здагадацца, навошта паклікана.
Ён сказаў, не адрываючыся ад кнігі:
— Яны пабіліся за вас.
— Хто? — Хоць яна адразу ж здагадалася хто, і ёй вельмі захацелася засмяяцца.
«Няўжо праўда пабіліся? — падумала з вясёлай гарэзлівасцю. — Хто каго біў?»
— Яны працуюць у адной брыгадзе. Сем'і нашы дружаць, разам жывуць. Навошта вам спатрэбілася сутыкнуць іх ілбамі?
— Каб зрабіць правільны выбар, трэба эксперыментаваць, Антон Кузьміч, — адказала яна яго словамі і не вытрымала — засмяялася.
Тады ён адарваўся ад кнігі і паглядзеў на яе. Дзіўна вельмі паглядзеў, быццам на яе месцы чарадзейна апынуўся зусім другі чалавек — не тая сястра, якую ён ведаў два гады, любіў, цаніў, паважаў. З якой нават пасябраваў пэўным чынам, калі з'явілася Зося.
— Дзіўны эксперымент, — хмыкнуў ён, хіснуўшы галавой. — Можна вас папрасіць, каб вы з нашымі сынамі такіх эксперыментаў не рабілі?
Ад гэтай яго просьбы, падкрэслена-ветлівай, афіцыйна-халоднай, яна страшэнна збянтэжылася. Як яна недарэчна трымала сябе — засмяялася, сказала несусветную лухту! Праваліцца б лепш скрозь падлогу. Добра, што ён зноў углыбіўся ў кнігу і не глядзеў на яе. Але яна не ведала, як выйсці, і ўсё стаяла перад сталом, анямелая, пакараная найгоршым чынам. Відаць, ён зразумеў, што з ёю робіцца, бо сказаў:
— Папрасіце, калі ласка, Дабравольскую зайсці да мяне.
Маша ветрам вылецела з кабінета.
…Таму яна і спалохалася, убачыўшы абодвух бацькоў. А што, калі яны збіраюцца пагутарыць з ёй?
Супакоіў Шыковіч.
Выйшаў за ёй на кухню, спытаў прыветліва, па-сяброўску:
— Маша, вы ўмееце варыць каву? Чорную?
— Умею.
— Вы ўсё ўмееце. З вас будзе цудоўная жонка.
Ён даў ёй грошы на каву і каньяк. Яна ўзрадавалася даручэнню.
Зося захвалявалася была, хацела адзявацца, каб прымаць гасцей, як належыць гаспадыні. Але Яраш пачаў распытваць яе пра адчуванне, прафесійна, падрабязна, па-бальнічнаму. І яна зноў залезла на шырокую канапу з нагамі. Сядзела ў куточку, захутаўшыся ў халацік, як малая японачка. Маша навучыла яе адмыслова закручваць валасы, і высокая кукла прыгожых валасоў сапраўды рабіла яе падобнай на ўсходнюю жанчыну.