Яраш скончыў распытваць пра здароўе і змоўк. У той дзень яму цяжка было весці размову для размовы, гаварыць пра ўсё.
Шыковіч паліў на кухні, пускаючы дым у фортку, слухаў іх, зразумеў зацяглую паўзу.
Зося сказала нешта пра дождж. Яраш крыху іншымі словамі сказаў тое ж.
— У вас стомлены выгляд, Антон Кузьміч.
— Я сёння прыляцеў з раёна.
— Камандзіроўка?
— Але.
Шыковіч кінуўся на дапамогу сябру.
— Соф'я Сцяпанаўна, не сумна вам адной у гэтым доме? — спытаў ён з жартаўлівай весялосцю, сядаючы ў зручнае нізкае крэсла.
— О не. Я чытаю. У мяне добрыя суседзі. Яны наведваюцца. А потым прыходзіць з работы Маша…
Вось так пагаварылі яшчэ пра тое-сёе. Нарэшце Кірыла падступіў да галоўнага, асцярожна, далікатна:
— Соф'я Сцяпанаўна, скажыце, калі ласка, вас не вельмі расхвалюе размова пра мінулае?
Яна ўздрыгнула, насцярожылася:
— Пра якое мінулае?
— Ну, напрыклад, пра вайну. Пра смерць бацькі…
— А што вас цікавіць?
— Што мяне цікавіць?.. — Ён палез ва ўнутраную кішэню пінжака і дастаў складзеныя лісты паперы. — Прачытайце вось гэта, і вы зразумееце.
Яраш зірнуў на сябра з дакорам, але змаўчаў.
Зося разгарнула сашчэпленыя лісты, прачытала загаловак, устрапянулася, паглядзела на Шыковіча са здзіўленнем, страхам і надзеяй. Позірк яе пытаў:
«Што ты падрыхтаваў мне? Гора? Хіба ў мяне яго было мала? Радасць? Няўжо радасць?..»
Пачала чытаць прагна, нецярпліва, маланкава хутка. Лісткі трапяталіся ў руках, як жывыя птушкі. Пабляднелі, а потым загарэліся шчокі. Яны абодва не зводзілі з яе вачэй. Але вось яна, перагортваючы старонку, з палёгкай уздыхнула. Прыціхлі лісты, перасталі трапятаць. Павольней пачала чытаць яна. Пад канец, было відаць, зусім супакоілася і здавалася нават крыху расчараванай. Задумалася глыбока. Яны доўга, ніводным рухам не парушаючы цішыні, цярпліва чакалі, калі яна вернецца з успамінаў.
Шпарка-шпарка, нібы надзвычай спяшаўся — цік-цік-цік, — адганяў у нябыт секунды прыгожы гадзіннік на кніжнай паліцы. За акном у лісцях таполі шумеў дождж.
Нарэшце Шыковіч не вытрываў:
— Пра што вы думаеце?
Яна не ўздрыгнула, не схамянулася, — паглядзела сухімі, але напоўненымі святлом удзячнасці вачамі, спакойна адказала:
— Я думаю, як хораша, што ёсць на свеце такія людзі, як Антон Кузьміч, як вы… Дзякую вам.
— Падзякі пасля. Ды і не мне павінны быць адрасаваны. Антону — справа іншая. А за тое, што ў нашы дні ўсюды аднаўляецца справядлівасць, вы ведаеце, каму дзякаваць. Цяпер вы разумееце, што мяне цікавіць. Як загінуў доктар Савіч? Хто яго забіў? Вы былі пры гэтым?
Зося паківала галавой: не, не была. Потым сказала:
— Я думаю, тата застрэліўся…
— Сам?
— Вы помніце, Антон Кузьміч, я расказвала вам: бацька вельмі асцерагаў мяне. Я, па сутнасці, была схавана ад свету. Толькі ваша з'яўленне, ды калі я шукала Тараса… А больш я нічога не зрабіла. Мне ніхто нічога не даручаў. Я ведала: бацька сумленны чалавек. Але ці проста сумленны лекар ці змагар? Я здагадвалася, што нейкім чынам ён памагае нашым. Але як? Спрабавала гутарыць з ім пра гэта. Ён умеў адвесці размову ўбок. А разы два ўзлаваўся і загадаў, каб я не совала носа куды не трэба. «Малая яшчэ! — сказаў ён. — Не нам з табой займацца палітыкай. Не думай, што гэта рамантыка, як у кніжках. Ты ў мяне адна». Яшчэ тата часта казаў, каб я не думала, што ён служыць чужынцам, ён лячыў і лечыць сваіх людзей. А людзі — гэта самае каштоўнае, астануцца людзі — гісторыя не спыніцца і не пойдзе назад. Будуць жыць людзі — будзе жыць краіна і тая ўлада, якой народ даражыць. Вось так ён гаварыў. Гэта я помню, бо словы гэтыя ён казаў часта. Я не згаджалася: а хто ж будзе ваяваць? Ён злаваўся: «Не многа будзе карысці, калі пойдуць ваяваць дзеці, як ты, ці такія старыя, як я». Я пасля толькі зразумела, што бацька проста асцерагаў мяне, любым чынам, абы я была далей ад таго, што рабілася навокал. І раптам… Гэта было перад Першым маем, дні за два. У той дзень нашы ўзарвалі электрастанцыю. Пасярод дня. Так грымнула, што нават у нас — а гэта ж вунь дзе! — вылецела шыба ў мансардзе, у пакоі Грота. Нямецкі лекар у нас жыў. Казалі, што міну ўкінулі ў топку і выбухнуў кацёл…
— Група Шылава, — сказаў Шыковіч. — Пішу пра іх.
— Што? — не зразумела Зося.
— Хто ўзарваў станцыю. Камсамольская група. Загінулі хлопцы. Валодзя Шылаў зачыніўся ў трансфарматарнай будцы і адстрэльваўся да апошняга патрона. Жывым не здаўся. Залішняя смеласць і рызыкоўнасць загубіла…