Выбрать главу

«Усяго добрага табе, Зося. Скончыцца вайна — сустрэнемся».

Разбудзіла мяне бургамістарша рыданнем. Упала на калені перад маім ложкам:

«Мужайся, дзетачка. Бог міласэрны, ён усё бачыць. Партызаны забілі твайго бацьку».

Я не закрычала. Здаецца, нават не заплакала. У адзін міг я ўсё зразумела. У той міг я пасталела, можа, на дваццаць гадоў. Шаптала сабе: мужнасць, толькі мужнасць. Прасіла Бога, у якога не верыла, каб ён даў мне яе, гэтую мужнасць, каб я здолела ўсё перажыць. І маўчаць. Маўчаць, маўчаць!

Ашалелая ад жаху баба ўгаворвала мяне ў тую ж хвіліну ўцячы з ёй на край свету, у манастыр, яна ведае такі манастыр. «А то яны ўсіх нас заб'юць». Я маўчала.

Два агенты гестапа везлі мяне на рамізніку па горадзе. Выказвалі спачуванне. Я маўчала. Дадому мяне не павезлі. Бацька ляжаў ужо ў вестыбюлі гарадской управы. Калі толькі яны паспелі перавезці і ўбраць яго? Ён ляжаў у сваім вячэрнім гарнітуры, у сарочцы, якую я за дзень да таго памыла. Толькі гальштук чужы, бабачка, тата ніколі не насіў бабачкі. Да вайны гэта было нямодна, і мама, напэўна, першая пасмяялася б. На твары яго застыў спакой, не было ні пячаці страху, ні пячаці пакут. Відаць, ён памёр адразу. Толькі чамусьці пасінела левая скроня. Я спытала ў начальніка паліцыі Магнатава, куды трапіла куля. Ён паціснуў плячамі.

«У сэрца. У самае сэрца, — адказаў адзін з тых, што не адыходзілі ад мяне ні на крок. — Бандыты стралялі ва ўпор».

Да мяне падыходзіла ўся здрадніцкая сволач, выказвала спачуванне. Раней яны здаваліся мне смешнымі і дурнымі, гэтыя людзі. У той дзень я адчула, што такое нянавісць. О, як я іх ненавідзела! Мне хацелася пляваць на іх, біць па мордах. Але я маўчала. Я мусіла маўчаць.

Калі з'явіўся фельдкамендант, пстрыкалі фотаапараты. Ён не падышоў да мяне. Спачуванне паднёс перакладчык. Мне запомніўся позірк афіцэра-гестапаўца. Ён доўга сачыў за мной, і я адчула гэты позірк. Глянула на яго. Якія ў яго былі вочы! Ён усё ведаў і смяяўся, злосна, нахабна, пераможна. Вочы яго смяяліся.

Скажыце, навошта ім спатрэбілася гэтая камедыя з пахаваннем?

Зося змоўкла і чакала адказу ад Шыковіча: на яго глядзела. Адказаў Яраш:

— Правакацыі былі розныя. У залежнасці ад фантазіі таго, хто іх арганізоўваў. Бругер быў з фантазіяй, я ведаю.

— У маі сорак трэцяга Бругера ўжо не было, — удакладніў Шыковіч. — Начальнікам гестапа быў Гільберт, штурмбанфюрэр.

— Вы таксама былі ў падполлі? — здзівілася Зося.

— Не. Я пішу кнігу, а таму мне трэба дакладна ўсё ведаць.

Маша, выкарыстаўшы паўзу, прапанавала:

— Я вам падам каву.

— Але, але, — падтрымала Зося.

— Стамілася? — ласкава спытаў Яраш. — Дай руку.

Можа, ад таго, што ён нечакана сказаў ёй «ты», яна зардзелася, засаромелася.

— Не, не.

Антон Кузьміч падняўся з крэсла, палічыў пульс. Шыковіч убачыў, што доктар застаўся давольны яе пульсам. А Зося, як бы імкнучыся даказаць, што ёй гэта няцяжка, пачала расказваць далей, не зважаючы на тое, што Маша хадзіла, звінела шклянкамі.

— Я думала, што мне будзе ўсё адно — як пахаваюць. Хто пахавае, што будуць гаварыць… Я ведала, што гэтым не скончыцца. І рыхтавалася, збірала сваю мужнасць. Але калі бацьку неслі на могілкі, я ўбачыла, як глядзяць людзі… рабочыя. «Туды яму і дарога!» — вось як яны глядзелі. Мне зрабілася балюча. Страшэнна балюча. І крыўдна. І страх апанаваў. Сэрцам я прадчула тое, што пасля здарылася. На могілках я страціла прытомнасць.

Дні тры ляжала ў Цішчанкаў, знясіленая, прастуджаная, разбітая. З кватэры не выходзілі тыя двое — «апекуны» мае. Яны, Цішчанка, уся зграя дамагаліся, каб я падпісала пісьмо ў рэдакцыю, у якім гнеўна кляйміла, як бандытаў, партызан, што забілі майго бацьку, невіноўнага чалавека, лекара, які займаўся толькі тым, што пазбаўляў людзей ад цяжкіх хвароб. «Чаму вы не хочаце падпісаць, панна Зося?» — здзіўляліся яны.

«Яны заб'юць мяне».

«Мы вас схаваем у такім месцы, куды не дабярэцца ніводзін бандыт. Не бойцеся».

А Цішчанчыха шаптала: «Не падпісвай. Заб'юць», — і ўсё ўгаворвала ўцячы разам з ёй у манастыр. Дурная, яна не бачыла, як мяне ахоўвалі.