Выбрать главу

Нарэшце ён дайшоў да апісання таго дня, калі ўся брыгада і Маша абедалі на дачы. Іра больш не хавала яго імя.

Адкрыццё ашаламіла Славіка. Знікла жаданне помсціць сястры, кпіць з яе. Наадварот, стала шкада дзяўчыну. Уразіла Ірыніна празорлівасць: «Я адразу адчула ў гэтай рудой саперніцу. Маё няшчаснае каханне! Ты яшчэ не засвяцілася для Яго і для ўсіх, а на цябе ўжо насоўваецца хмара».

Не, ён, Славік, адпомсціць яму — за сябе, за сястру!

Але прачытаўшы, ужо без асаблівай цікавасці, яшчэ пару старонак дзённіка, ён разважаў інакш.

А можа, лепш зрабіць так, каб Ірына адкрылася яму? Памагчы ёй. Тады можа здарыцца, што ён адмовіцца ад Машы.

Славік лаяў сястру:

«Авечка! Да дваццаці двух год дажыла, інстытут канчае, а паводзіць сябе, як сямікласніца. Уздыхае, дзённічак піша!.. Дурніца!»

Узлаваўшыся, шыбануў тоўсты сшытак на ложак. Але праз хвіліну з пэўнай павагай палажыў дзённік назад у шуфляду.

«Усё пераблыталася. Сам чорт нагу зломіць. А „стары конь“ скардзіцца, што няма цікавых сюжэтаў. Залез у нейкія архівы і ні храна не бачыць вакол сябе. А тут такія трыкутнічкі будуюцца! Пра любоў трэба пісаць, стары, калі хочаш, каб цябе чыталі», — глыбакадумна параіў бацьку. Дакараў маці: «А гэтая маралістка, як гусыня, толькі асцерагае: каб лішняе з'елі дзеткі і лішняе не выпілі. Жратвы поўны халадзільнік, а каб хоць на кампрэс дзе стаяла — дык не. Куды яна дзявала каньяк? Няўжо выліла? Бутэлькі няма», — злаваўся ён, не перастаючы шукаць.

Урэшце Славік зразумеў, што ўсё гэта — пошукі каньяку (выпіваць яму зусім не хацелася), развагі пра бацьку і маці, пра Ірына каханне — не што іншае, як безнадзейная спроба адвесці думкі ад галоўнага: што робіцца ў брыгадзе? Не прызнаючыся сам сабе, ён пакутаваў ад думкі, што Тарас усё раскажа і абураныя хлопцы выганяць яго. Са здзіўленнем ён упершыню адчуў, што яму шкада пакідаць брыгаду. Куды ён пойдзе ад іх?

Калі пад вечар да яго заглянулі Косця і Генрых, Славік спалохаўся: што яны хочуць? Што прынеслі? А калі хлопцы шчыра, па-сяброўску прывіталіся і Генрых сказаў:

— Ну як? Косці цэлыя? Чорт вас нёс на гэтым матацыкле. Маглі насмерць разбіцца.

Славік траха не падскочыў ад радасці. Асабліва яго здзівіла і рассмяшыла, што яны аднолькава хлусяць, ён таксама плёў шафёру, які падвозіў яго да горада, пасля сястры і бацьку, што ўпаў з матацыкла. Тое, што Іра і бацька, прыехаўшы з дачы, нічога не ведаюць, супакоіла яго яшчэ раніцай. Значыцца, Тарас расказаў адной маці. Ну, маці можна, у яе даволі педагагічнай тактоўнасці.

Даведаўшыся, як растлумачыў свае сінякі Тарас, Славік адчуў да яго павагу і падумаў: «Гэта па-мужчынску!» Каб ён ведаў, што гісторыю з матацыклам выдумалі калектыўна, брыгадай… Спачатку Тарас растлумачыў хлопцам пра свой сіняк проста:

— Ударыў адзін п'яны дурань.

Але ўсё расказаў Косцю. Была ў гэтага смяшлівага рамантыка дзівосная прыцягальная сіла: усе яму давяралі свае самыя таемныя сакрэты і думкі. Косця сказаў, што сітуацыя даволі сур'ёзная, а таму варта яе абмеркаваць у брыгадзе. Пасля змены ў тым жа пакоі інтэрната за зачыненымі дзвярамі ішла гарачая размова.

Ходас даказваў, што Славіка трэба гнаць прэч, пакуль ён не зганьбіў брыгады.

Генрыху гісторыя з «дуэллю» здавалася надзвычай вясёлай. Ён жартаваў:

— Ты ведаеш, я ўвесь час мару, каб хто-небудзь другі закахаўся ў Зою. Выклікаў бы саперніка на дуэль… Паказаў бы сваё рыцарства.

Вася прызнаўся, што ён таксама «заехаў аднаму па мордзе», калі той пачаў занадта завіхацца каля Веры.

— Жах, жах! — хапаўся за вушы Косця. — Выходзіць, усе вы з радзімымі плямамі праклятага капіталізму. Івана салам не кармі, дай залезці на высокую трыбуну. Славалюбства! Васіль баіцца ўласнай жонкі. Баязлівасць! Брыгадзір наш, замест таго каб правесці выхаваўчую работу, выбівае вучню сківіцу… Адзін я…

— Балбатун ты!.. Самая шкодная загана! Ты любую справу ўтопіш у словах. Кажы сваю прапанову.

— Статус-кво. Усе застаюцца, як у Берліне да заключэння мірнага дагавору. Вы ўпалі з таго матацыкла, на якім я ўчора ездзіў да бацькоў.

Усіх рассмяшыла Косцева прапанова. З ёй пагадзіліся. Паспрачаліся аб другім.

Лапацін прапанаваў, каб Тарас аб'явіў Машы байкот: няхай не водзіць адразу двух. Тарас пачырванеў, разгубіўся. Косця сказаў, што такія пытанні нельга вырашаць калектыўна.

— Дамаўляліся, што ў нас не будзе тайны адзін ад аднаго, — сказаў просталінейны Ходас.

— Я не раблю тайны з таго, што Маша падабаецца мне, — адказаў Тарас. — Але…

— Але, — падхапіў Косця, — гэта не значыць, што ён павінен дакладваць нам, пра што гаварыў з дзяўчынай. Так можна дайсці да таго, што патрабаваць у Васіля справаздачы, пра што ён шаптаўся ўначы з жонкай. Гэта будзе ўжо не дружба, а гвалт, прымус… Можна ўзненавідзець адзін аднаго!