Выбрать главу

— Галава дубовая! Куды ты спяшаешся? Хто цябе гоніць у шыю? Хопіць у цябе часу. А грыбы — адзін тыдзень, і не будзе іх. Які ты да д'ябла пісьменнік, калі не адчуваеш такога хараства?

— О, ты не ведаеш, які я грыбнік! Але мне здорава працуецца ў гэтыя дні. Пахаладае — зноў будзе крызіс, ведаю. Прыходзіцца выбіраць. — І, пахадзіўшы з сябрам гадзінку, Кірыла кідаўся да рабочага стала.

Аднойчы, калі Яраш у перадаперацыйнай расказваў пра сваю чарговую грыбную ўдачу, Маша нясмела папрасіла:

— Антон Кузьміч, вазьміце нас з Зосяй як-небудзь.

Узяць Зосю?

Цудоўная думка! Ён жа думаў пра гэта сам, раней: трэба паназіраць, як паводзіць сябе адрамантаванае сэрца ў розных умовах. Да таго ж Зося, напэўна, даўно не бачыла лесу. Чаму не даць ёй гэтую маленькую радасць? У жыцці ў яе так мала было радасці.

Але тут жа мільганула думка пра жонку: даведаецца — зноў будуць непрыемнасці. Узяць і яе з сабой? З-за гордасці не паедзе, а ўсё адно будзе хвалявацца, перажываць, падазраваць. Не, лепш няхай не ведае. Яму стала сорамна ад сваіх ваганняў, і ён сказаў Машы:

— Ну, што ж. Давайце паедзем. Сёння ж.

Зося села побач з Антонам Кузьмічом на пярэднім сядзенні. У новай сукенцы, якую ёй пашыла Маша, у шарсцяным світэры гарчычнага колеру, са сваёй адмысловай двух'яруснай прычоскай (таксама Машына фантазія), яна мела даволі прывабны выгляд. А Маша зусім выглядала элегантна: вузкія штаны, клятчастая куртка.

Едучы па горадзе, Яраш падумаў з невясёлай іроніяй:

«Не дай божа ўбачыць Галіна — загінуў ты, Антон».

Зося сустрэла прапанову аб паездцы з ціхім, але прыкметна радасным энтузіязмам. А пры выездзе з горада яе пачало ліхаманіць ад хвалявання. Не, гэта быў не страх! Нешта іншае. Імчала машына. Свістаў вецер. І ёй здавалася, што яна вось-вось узнімецца і паляціць… Паляціць у дзівосны край, дзе здарыцца нешта незвычайнае, што яшчэ раз зменіць яе жыццё. Але ёй было хораша, лёгка, і яна не хацела больш ніякіх змен.

Ад гэтага ці яшчэ ад чагосьці яе апанавала хваляванне. Дробна задрыжалі плечы. Яна сцялася, уціснулася ў сядзенне.

— Зося, табе холадна? — спытала Маша, якая сядзела за яе спіной. — На маю куртку.

— Не, не. Нічога. Гэта так.

— Зачынім шкло, — сказаў Яраш, круцячы ручку. — Прастудзіцца вам нельга ні ў якім разе.

— Мне не холадна. Я проста хвалююся.

— Чаму?

— Не ведаю.

Што ж, урэшце не так ужо цяжка зразумець душэўны стан чалавека, які вярнуўся да жыцця і ўпершыню пасля такой хваробы і аперацыі выязджае за горад, у лес. Яраш пажартаваў:

— Бачыце, ехаць па грыбы таксама трэба мужнасць.

Далёка ў глыбіні бароў яны не паехалі. Прыехалі да іх дачы. Паставілі машыну. Шыковіча не было: відаць, усё-такі выбраўся ў лес.

Маша, у якой з грыбамі звязаны і радасныя і горкія ўспаміны — у першыя пасляваенныя гады грыбамі і за грыбы яна карміла ўсю сям'ю, — адразу ж кінулася ў лес, як у вір. Яна не ўмела шукаць так павольна і разважліва, як Яраш. У кожнага грыбніка свой стыль і метад. Праворная, хуткая, яна шнырыла пад кожным кустом і дрэвам, кружыла, рабіла петлі, хутка траціла ўсялякі кірунак і часта блудзіла.

Яраш не любіў гэтак пятляць. Ён хадзіў амаль проста. Але ў яго было незвычайнае чуццё, дзе ў гэты дзень мог вырасці баравік. Ён ішоў на грыб ці грыбную сям'ю, як на радыёпеленг.

— Заглянем мы вось сюды, пад нашы дубы, — сказаў ён Зосі, як толькі яны адышлі ад дачы ў лес.

Яна зразумела яго словы як запрашэнне хадзіць за ім. Сапраўды, Яраш хацеў, каб яна была побач.

Яна ішла крокаў за дзесяць ад яго. Каля самага вогнішча, дзе яны палілі ўсё лета касцёр, на сцежцы пад дубам Яраш убачыў першы баравік. Нявопытны грыбнік ніколі не падумаў бы, што ён мог вырасці ў такім вытаптаным месцы. Баравік быў надзіва прыгожы — як знарок вырашчаны напаказ. На тоўстым белым корані — крамяная, цяжкая на выгляд шляпка; светлая бурштынавасць, што выцякала з-пад нізу, залаціла кромку, паступова цямнела і пераходзіла ў масляністы цёмна-карычневы колер; толькі цераз самую макаўку праходзіла тоненькая пераламаная светлая палоска, мабыць, ляжала галінка.

Яраш спыніўся за два крокі з выглядам чарадзея. Моўчкі, пальцам, паклікаў Зосю. Таямнічым шэптам сказаў:

— Вось ён! Бачыце?