Выбрать главу

Яна ўгледзела, здзівілася:

— Ах! — і папрасіла, як маленькая: — Дайце я…

— Толькі — чур, падразаць! — папярэдзіў ён.

Яна прысела, асцярожна падрэзала, падняла яго і, любуючыся, засмяялася, ціха і радасна, зусім як дзіця. І Ярашу таксама зрабілася надзвычай хораша ад гэтай яе маленькай радасці.

Ён азірнуўся навокал і адразу ўбачыў другі грыб.

Нахіліўся, падрэзаў.

— А во яшчэ адзін.

Трэці дык быццам сам падскочыў пад руку.

— А во яшчэ…

— Ах! — ужо зайздрасна ахнула Зося. І яшчэ больш узрадавалася, калі нарэшце сама ўгледзела грыб. Падняла яго, паказала:

— Глядзіце які! Як хлопчык.

Сапраўды, баравічок быў маленькі і вясёлы, падобны на таго малога гарэзу, у якога заўсёды кепка ссунута набок.

«Як хлопчык», — гэтыя словы запалі Ярашу ў памяць, і ён падумаў аб тым, што, акрамя ўсяго іншага, гэтая немаладая ўжо жанчына не ведала радасці мацярынства.

«Трэба будзе пазней паказаць яе Левіну і Шувалавай (яго калегі, лепшыя ў горадзе тэрапеўт — спецыяліст па сэрцу — і гінеколаг). Няхай скажуць, можна ёй радзіць?»

Ён падумаў гэта з бацькоўскім клопатам, як пра дарослую дачку. І даў ёй, як малой, як часта даваў Наташы, калі браў яе з сабою ў лес, адной вытаптаць пятачок, на якім нарадзілася грыбная сям'я.

Зося ўзяла яшчэ тры ці чатыры грыбы. Далей Яраш, верны свайму метаду, рушыў проста, затрымліваючыся толькі ў тых мясцінах, дзе нейкая асаблівая інтуіцыя падказвала: тут будуць грыбы. І амаль не памыляўся. Зося ішла збоку за колькі крокаў. Здаралася чамусьці так, што ёй усё часцей і часцей пачалі трапляць грыбы. Бадай, больш, чым яму, Ярашу. Ён пажартаваў:

— Дык вы грыбнічка.

Недзе далёка ззаду гукнула Маша. Яраш пачакаў, што адкажа Зося. Яна не адказвала. Ён адгукнуўся жартаўліва — пісклявым жаночым голасам. Маша, не пазнаўшы, пачала клікаць настойліва:

— Ос-ся-а! То-он… Мі-іч!..

Яраш гукнуў сваім сапраўдным голасам, і дзяўчына змоўкла.

Яны шлі па прачышчаным бары. Месца тут, уздоўж лугу, узгоркавае. Магчыма, некалі, у дагістарычны перыяд, у сто разоў больш магутная рака намыла гэтыя высокія пясчаныя дзюны, на якіх пасля разумныя людзі пасадзілі лес. На грэбнях узгоркаў раслі адны сосны, не дужа старыя, роўныя, высокія, чыстыя — красуні, адна ў адну. Адвячоркавае сонца залаціла іх медныя ствалы. Лёгкі вецер гойдаў гнуткія верхавіны, за якія, здавалася, чапляліся лёгкія хмары, што плылі на ўсход — ад сонца насустрач ночы. На зямлі, укрытай сухой ігліцай, ляжалі дзівосныя карункі святла і ценяў.

А ў нізінах побач з соснамі раслі дубы, зрэдку — бярозы, яны згушчалі лес, і на зямлі ляжаў густы цень. Але пад дубамі часцей трапляліся грыбы. Можа, на нейкі час Яраш забыўся на здароўе сваёй напарніцы і ішоў залішне хутка.

Ап'янелая ад хвойнага і грыбнога водару, ад сонца і шчасця, Зося раптам спынілася, паставіла на зямлю торбачку і прытулілася спіною да сасны.

Антон Кузьміч занепакоіўся: можа, ёй блага? Але яна заплюшчыла вочы і засмяялася, разводзячы вакол сябе рукамі:

— Грыбоў! Колькі грыбоў!

Гэты яе зусім дзіцячы смех, уяўленні і радасць, відаць, і сталі прычынай таго нечаканага ўчынку, які зрабіў Яраш. Ці, можа, яго ўласная радасць і залішняя дужасць?

Яны стаялі перад самым крутым узгоркам. Сосны, агаляючы свае фантастычныя карэнні, здавалася, лезлі на самае неба. Можна было павярнуць назад, можна было абысці па нізіне. Але Ярашу хацелася прабрацца напрасцяк, узлезці на гэтую лясную гару. Але ж не даваць такую нагрузку яе сэрцу!

— Я ўзнясу вас туды, а назад мы пойдзем па лузе.

Не паспела яна запярэчыць, як ён, укінуўшы яе сумку ў свой вялікі кош, лёгка, як колькі год назад малую Наташку, падхапіў яе на рукі.

Яна войкнула, устрапянулася, але не вырвалася.

Прыціхла. З'явілася пачуццё, якога яна не ведала, — яшчэ адна тайна жыцця, якая адкрывалася ёй. Ніколі не трымаў яе вось так мужчына, здаровую і шчаслівую. Зрабілася да неверагоднасці хораша і страшна. Божа мой! Аказваецца, жанчыны, сёстры яе, маюць яшчэ і такое шчасце — блізасць любага, дарагога мужчыны. А яна не мела гэтага і наўрад ці будзе мець. Навошта ён робіць гэта? Навошта абуджае ў яе гэтае пачуццё? Каб даць замест старых, фізічных, новыя, душэўныя, пакуты, магчыма, не менш цяжкія?

Яна думала пра гэта і, аднак, не рабіла спробы вырвацца. Яна раптам пачула яго сэрца і стаілася, слухала яго ўсё часцейшыя і гучнейшыя ўдары. Ён узыходзіў лёгка і хутка. Яна адкінула галаву і ўбачыла, што верхавіны сосен кружацца. І воблачка кружыць на адным месцы. Можа, гэта закружылася ў яе галава?

Доктар Яраш ведаў усе таямніцы чалавечага цела, ды і душы таксама. Яму здавалася, што для яго ўжо няма ніякіх тайн і загадак. Ён узяў Зосю, як санітар бярэ хворую. Як лекар, ён клапаціўся пра яе сэрца, якое бачыў, трымаў на сваёй далоні. Яму было абсалютна ўсё адно — мужчына гэта ці жанчына. Але нечакана і ў яго з'явілася загадкавае пачуццё, незнаёмае, невыразнае, дзіўнае. Нешта як бы ўсхвалявала яго. І сэрца забілася не так, як, ён ведаў, павінна было біцца пры такім пад'ёме, з такім цяжарам. Выдатны спартсмен, ён вельмі добра ведаў сваё сэрца, дакладна ўмеў разлічыць нагрузку яго. Што ж гэта яно выходзіць з-пад улады — пачынае грукаць не так, як яму належыць? «Старэю», — падумаў ён і асцярожна апусціў Зосю на зямлю.